78% ад усіх бібліятэк Беларусі знаходзяцца ў сельскай мясцовасьці. Яны абслугоўваюць 22% насельніцтва, якое жыве за межамі гарадоў. Колькасьць сельскіх бібліятэк з году ў год скарачаецца, паведаміла 11 верасьня першая намесьніца дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Даўгаполава.
Так, у 2015 годзе колькасьць сельскіх бібліятэк скарацілася на 5,4%, у 2106-м — на 5,7%, у 2017-м — на 3,4%.
«Гэты працэс заканамерны, і спыніць яго нельга», — заявіла Даўгаполава. Яна тлумачыць яго тым, што колькасьць сельскага насельніцтва скарачаецца, усё больш і больш людзей пераяжджае ў гарады.
Галоўны спэцыяліст упраўленьня культуры і народнай творчасьці Міністэрства культуры Беларусі Сяргей Бацян паведаміў, што цяпер Беларусь падышла да працэсу стабілізацыі і далей скарачэньне колькасьці бібліятэк ня будзе такім значным.
Праблемы бібліятэк
Толькі 75% беларускіх бібліятэк падключаныя да інтэрнэту. Найлепшыя паказчыкі ў Менску і Горадзенскай вобласьці, дзе выхад у глябальнае сеціва маюць абсалютна ўсе бібліятэкі.
«Калі бібліятэка не мае выхаду ў інтэрнэт, яна страчвае прывабнасьць, асабліва для маладых наведнікаў», — сказаў Сяргей Бацян.
«Беларускія бібліятэкі шукаюць новыя формы свайго існаваньня, і яны хочуць стаць ня проста месцамі, дзе людзі чытаюць часопісы альбо кнігі, а часткай інфармацыйнай супольнасьці», — адзначыла старшыня рады «Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі» Іна Юрык.
Яна расказала пра новыя формы працы бібліятэк, якія дазваляюць наведнікам карыстацца ня толькі фондамі бібліятэкі, а і электроннымі рэсурсамі, забясьпечваюць доступ да дарагіх навуковых часопісаў.
«Для многіх людзей бібліятэка цяпер становіцца іхным працоўным месцам», — лічыць Іна Юрык.
Прыцягальнасьць беларускай літаратуры расьце
«Выдача кніг у 2017 годзе ў дзіцячых бібліятэках Беларусі на беларускай мове параўнальна з папярэднім годам узрасла на 26 тысяч», — паведаміла журналістам Тацяна Швед, дырэктарка цэнтралізаванай сыстэмы дзіцячых бібліятэк Менску.
Яна сказала, што і летась, і сёлета назіраецца тэндэнцыя большай цікавасьці дзяцей і іх бацькоў менавіта да беларускай літаратуры. Усё больш і больш маладых бацькоў са сваімі дзецьмі просяць, каб ім далі магчымасьць у бібліятэцы пачытаць менавіта беларускую, а не расейскую кніжку.
Як адзначыла Тацяна Швед, выдавецкія супрацоўнікі гэта таксама прынялі да ведама, і ў апошнія гады колькасьць літаратуры на беларускай мове павялічваецца.