Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу супраць 36-гадовага жыхара Горадні. Яго абвінавачваюць у жорсткім стаўленьні да жывёлаў з хуліганскіх памкненьняў: забіў ката.
Што адбылося?
Паводле СК, увечары 14 ліпеня на вуліцы Індурская шаша ў Горадні мужчына падвабіў да сябе ката, пасьля чаго стаў душыць і біць жывёлу аб прыступкі лесьвіцы. Пакінуўшы ката «без прыкметаў жыцьця», горадзенец сышоў. Вядома, што падазраваны быў у стане алькагольнага ап'яненьня.
Відэа з камэраў вонкавага назіраньня перадалі сьледчым сябры грамадзкага аб'яднаньня аховы жывёлаў.
Што адбываецца цяпер?
Заведзена крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 339/1 КК Беларусі («Жорсткае абыходжаньне з жывёламі»). Паводле гэтага артыкула абвінавачанаму пагражаюць:
- грамадзкія работы;
- штраф;
- папраўчыя работы на тэрмін да аднаго году;
- арышт.
Супрацоўнікі міліцыі вызначылі асобу затрыманага. Ці пад вартай ён, не паведамляецца. Падазраваны ўжо быў асуджаны, у тым ліку за хуліганства. Яму прызначылі судова-псыхіятрычную экспэртызу.
Сьледчыя праводзяць допыты сьведак, агляды рэчавых доказаў і іншыя сьледчыя дзеяньні.
Мазырскага жывадзёра пакуль не знайшлі
На пачатку верасьня Сьледчы камітэт абвясьціў у вышук раней судзімага мазырчука. Яго абвінавачваюць у жорсткім абыходжаньні з жывёламі паводле ч.1 арт. 339/1 КК.
У жніўні ў міліцыю зьвярнулася жыхарка райцэнтру — прадстаўніца мясцовых абаронцаў жывёлаў. Яна паведаміла, што ў Мазыры можа пражываць чалавек, які мае дачыненьне да стварэньня відэаролікаў у інтэрнэце пра жорсткае абыходжаньне з жывёламі.
Ад нядаўняга часу правы жывёлаў таксама рэгулююцца асобнымі артыкуламі Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь. Першы прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня або штрафу, другі — арышту.
Крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі была ўведзена ў 2015 годзе і рэгулюецца артыкулам 339.1 КК. Тады ж супрацоўнікі міліцыі атрымалі права складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасьці. Падстава — чалавек зьдзекуецца з жывёлы наўмысна і з падкрэсьленай жорсткасьцю.