Праваахоўныя органы Ўкраіны завялі крымінальную справу за незаконнае выкарыстаньне гандлёвай маркі менскай кандытарскай фабрыкі «Камунарка».
Цэх выпускаў какава-парашок і працаваў на тэрыторыі фэрмэрскай гаспадаркі «Гранд» у вёсцы Вярціеўка (Вертіївка — укр.) Нежынскага раёну Чарнігаўскай вобласьці.
Суд у межах расьсьледаваньня справы арыштаваў частку маёмасьці, у тым ліку пакавальныя матэрыялы з маркіроўкай «Камунаркі».
У той жа час кіраўнік фэрмэрскай гаспадаркі Ўладзіслаў Зубенка адмаўляе факт вырабу кантрафактнай прадукцыі.
«Я ня маю ніякага дачыненьня да гэтага. У мяне свая гандлёвая марка, яна зарэгістраваная. А гэтую справу я лічу праявай канкурэнцыі», — пераконвае ён.
Паводле яго, фасаваньне какава-парашку ёсьць асноўным відам дзейнасьці прадпрыемства «Гранд».
Крымінальная справа адкрытая паволе часткі 3 артыкулу 229 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — незаконнае выкарыстаньне знаку для тавараў і паслуг караецца штрафам ад 170 да 255 тысяч грыўняў (амаль 10 тысяч даляраў у эквіваленце).
Апроч таго, суд таксама можа пазбавіць асобу права займацца пэўнай дзейнасьцю і працаваць на пэўных пасадах на тэрмін да трох гадоў.