Райвыканкам адмовіў ініцыятыўным грамадзянам Сьветлагорску ў правядзеньні мітынгу супраць «сьмярдзючага» заводу. Мясцовыя жыхары плянавалі 15 верасьня правесьці масавае мерапрыемства з патрабаваньнем спыніць шкодныя выкіды ад заводу беленай цэлюлёзы.
Адзінае ў горадзе «легальнае» месца для правядзеньня мітынгаў і пікетаў — стадыён «Папяровік». Райвыканкам адказаў, што 15 верасьня з 9.00 да 18.00 пляцоўка будзе занятая БРСМ — тут пройдзе этап «сямейнага сельскагаспадарчага сьвята «Ўладар сяла».
«Не дазволілі мітынг — правядзём флэшмоб»
Заяўку на мітынг падавала ініцыятыўная група маніторынгу сытуацыі з заводам беленай цэлюлёзы. На масавым мерапрыемстве жыхары вёскі Якімава Слабада і Сьветлагорску хацелі прыцягнуць увагу ўладаў да праблем, якія стварае завод беленай цэлюлёзы. У першую чаргу гаворка ідзе пра шкодныя выкіды — мэтыльмеркаптаны, якія нясуць пагрозу жыцьцю і здароўю людзей, атручваюць паветра і раку Бярэзіну.
«Людзі настроеныя рашуча. Нягледзячы на адмову ў мітынгу, актыўныя грамадзяне гатовыя выйсьці на флэшмоб. Наша ініцыятыўная група плянуе скласьці заяўкі на мітынг на ўвесь месяц і штодня падаваць іх. Цікава, наколькі іх фантазіі хопіць для адмоваў», — паведаміла Свабодзе сябра ініцыятыўнай групы, праваабаронца Алена Масьлюкова.
Паводле яе словаў, жыхары Якімавай Слабады і Сьветлагорску да гэтага часу пакутуюць ад смуроду і яго наступстваў для здароўя. Крыніца смуроду — новая кітайская вытворчасьць.
Афіцыйна: выкіды не перавышаюць норму
7 ліпеня 2018 года Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат пачаў этап пусканаладачных работ на новай вытворчасьці беленай цэлюлёзы. Ранейшыя спробы запусьціць завод былі спыненыя ўзімку 2018 году пасьля таго, як ваколіцы заводу, найперш — вёску Якімава Слабада, накрыла смуродам. Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што «газы з кепскім пахам» не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе. Пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, пад ціскам грамадзкасьці кіраўніцтва заводу прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмеркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што экалягічны маніторынг будзе весьціся цэнтрам гігіены і эпідэміялёгіі, лябараторыямі Рэспубліканскага цэнтру аналітычнага кантролю, Белгідрамэтам, акрэдытаванай лябараторыяй цэлюлёзна-кардоннага камбінату.
Сапраўды, амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца інфармацыя аб экалягічнай сытуацыі ў раёне. Паводле сайту, выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).
10 тысяч жыхароў было супраць — а завод будавалі
Завод беленай цэлюлёзы будуе ад 2012 году Сьветлагорскі ЦКК. Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысяч подпісаў супраць новага будаўніцтва. Але праект быў распачаты. Летась у лістападзе запусьцілі завод у тэставым рэжыме. Потым праца была спыненая. Пазьней кітайцы зьехалі на свае навагоднія вакацыі, якія расьцягнуліся ня менш, як на месяц.
Паводле прагнозаў спэцыялістаў, новае прадпрыемства будзе выпускаць да 400 тысяч тон беленай цэлюлёзы ў год, гэта дазволіць цалкам забясьпечыць цэлюлёзна-папяровыя прадпрыемствы краіны якаснай сыравінай.
Былі пляны запусьціць завод 31 сьнежня 2015 году. Але праз бракованы кабель запуск адклалі. Новы пуск заводу быў прызначаны на 7 лістапада 2017 году. Але замест урачыстых захадаў зьявіўся пратакол даручэньняў віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі аб ліквідацыі недахопаў. Пратакол дазволіў падоўжыць тэрмін дзеяньня дазволу на правядзеньне будаўніча-мантажных работ да 1 лістапада 2018 году.
За тры месяцы новы завод пры выпрабавальнай вытворчасьці выпусьціў каля 2 тысяч тон беленай цэлюлёзы і выкінуў у паветра 113 тон шкодных рэчываў — у 23 разы больш за гадавую норму.