Акцыі пратэсту супраць працы рэстарацыі «Паедзем паядзім» ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў, будуць працягвацца, заявіла грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька на сходзе абаронцаў Курапатаў. Мітынг з удзелам каля 80 чалавек прайшоў 9 верасьня каля ўваходу ў рэстарацыю.
Шапуцька падзякавала аднадумцам за тое, што яны прыйшлі на сход. Яна нагадала, што цяпер «за кратамі застаецца лідэр курапацкай варты Павел Севярынец, які марыў, каб на гэты сход прыйшло шмат людзей».
Абаронцы Курапатаў праводзяць пікетаваньне рэстарацыі ўжо больш за 100 дзён
«Будзем лічыць, што гэта толькі першая хваля. Наступным разам нас будзе яшчэ больш, — сказала яна. — Нам трэба сабрацца ў большай колькасьці, каб закрыць гэты „Бульбаш-хол“, каб яго ўладальнікі зразумелі, што ён ня мае права існаваць побач зь месцам гібелі тысяч і тысяч нашых продкаў».
Шапуцька адзначыла, што абаронцы Курапатаў праводзяць пікетаваньне рэстарацыі ўжо больш за 100 дзён. «Абарона працягваецца, спыняцца мы не зьбіраемся. Мы будзем трымаць варту да „Дзядоў“, нягледзячы ні на рэпрэсіі, ні на затрыманьні. Адначасова мы будзем зьвяртацца ў Міністэрства культуры, у Генпракуратуру і іншыя органы з патрабаваньнем закрыць гэтую ўстанову, якая абражае памяць», — заявіла яна.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі заявіў, што абаронцы Курапатаў «стаяць на варце ў тым ліку і за тых, хто валодае рэстарацыяй «Паедзем паядзім».
«Калі заўтра зьнікнуць тыя, хто зь імі ня згодны, яны пачнуць страляць адзін у аднаго. Так ужо было ў 1937–1939 гадах. Важна, каб мы, змагаючыся, знаходзілі ў сабе сілы адольваюць сваю праведную нянавісьць да іх. Галоўны вінаваты таго, што адбываецца тут, не беззаконьнік і парушальнік Зайдэс (уладальнік рэстарацыі Леанід Зайдэс), а беларускія ўлады, якія далі дазвол на будаўніцтва. Сёньня ўлады назіраюць са сваіх кабінэтаў праз аб’ектывы камэр сілавікоў і радуюцца таму, што беларусы нацкоўваюцца адзін на аднаго. Чым больш варожасьці паміж намі, тым лепш для іх, тым больш яны будуць валадарыць», — заявіў палітык.
Сёньня ўлады назіраюць са сваіх кабінэтаў праз аб’ектывы камэр сілавікоў і радуюцца таму, што беларусы нацкоўваюцца адзін на аднаго
Рымашэўскі таксама заклікаў усіх неабыякавых людзей запісвацца ў курапацкую варту «хаця б для таго, каб расказваць наведвальнікам рэстарацыі аб гэтым месцы». Палітык адзначыў, што «не абавязкова кідацца пад машыны і атрымліваць штрафы».
Рэжысэр Валеры Мазынскі ў сваю чаргу заявіў, што людзям, якія шмат ведаюць пра Курапаты, трэба перадаваць свае веды маладому пакаленьню.
За сходам абаронцаў Курапатаў назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, яны здымалі тое, што адбываецца, на відэа.
За заклікі да ўдзелу ў сходзе сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец 6 верасьня быў арыштаваны на 10 сутак.
Таксама стала вядома, што абаронцу Курапатаў Дзяніса Урбановіча, які павінен быў 8 верасьня выйсьці з-пад арышту, зноў затрымалі, і 10 верасьня ён паўстане перад судом. Як паведаміў начальнік Менскага РУУС, на Урбановіча складзены пратакол за паўторнае парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Пратэсты супраць працы рэстарацыі «Паедзем паядзім» ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў, доўжацца ад 31 траўня.