Украінская дачка «Беларуснафты» — ТАА «Сервіс ойл», зарэгістраваная ў Палтаве, на бяcконкурснай аснове атрымала магчымасьць выканаць буравыя працы на 11 газавых радовішчах. Гэта дазволіць Украіне да 2020 году павялічыць здабычу прыроднага газу на 506 мільёнаў кубічных мэтраў, у тым ліку сёлета на 117 мільёнаў.
Як патлумачылі ў дзяржаўным прадпрыемстве «Укргазвидобування», нацыянальнае заканадаўства дазваляе не праводзіць тэндэр у выпадку, калі адпаведныя паслугі забясьпечваюць адзінкавыя кампаніі пры адсутнасьці альтэрнатывы.
«Укргазвидобування» накіравала камэрцыйныя прапановы 15 буйным кампаніям Украіны, Харватыі, Славаччыны, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Беларусі. Пасьля аналізу адказаў ТАА «Сервіс ойл» была вызначаная як кампанія, якая мае найбольшы досьвед бурэньня бакавых ствалоў радовішчаў.
Апроч таго, узята пад увагу, што яе бацькоўская кампанія «Беларуснафта» з 1996 году выконвае аналягічныя працы на тэрыторыі Беларусі і Заходняй Сыбіры і зарэкамэндавала сябе «надзейным партнэрам» пры выкананьні іншых геолага-выведных праектаў ва Ўкраіне.
Чакаецца, што агульны кошт працаў, якія маюць завяршыцца ў жніўні 2019 году, складзе больш як 15 мільёнаў даляраў у эквіваленце.
Паводле інфармацыі «Укргазвидобування», сёлета аб’ём здабычы ўласнага прыроднага газу павялічыўся на 79 мільёнаў кубамэтраў — да 10,159 мільярда. Украінская кампанія ня раз заяўляла, што паглыбленьне наяўных і распрацоўка новых радовішчаў дазволіць павялічыць да канца 2020 году здабычу ўласнага прыроднага газу да 27,5 мільярда кубамэтраў.
Летась украінская дзяржаўная кампанія «Укргазвидобування» падпісала з кітайскай кампаніяй Xinjiang Beiken Energy Engineering Co чатыры кантракты на бурэньне 24 новых сьвідравін у Палтаўскай і Харкаўскай абласьцях .