Тэма камандна-штабных вучэньняў беларускіх узброеных сіл, якія пачаліся 6 верасьня — падрыхтоўка і прымяненьне войскаў (сіл) у інтарэсах адбіцьця агрэсіі супраць Беларусі.
Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства абароны.
Тэма вызначана з улікам «узьнікненьня ва ўсясьветнай практыцы новых выклікаў і пагроз ваеннай бясьпецы дзяржавы».
Мэта вучэньняў — «праверыць узровень навучаньня органаў кіраваньня, іншых войскаў і вайсковых фармаваньняў і іх здольнасьць кіраваць вылучанымі сіламі і сродкамі пры выкананьні задач па прызначэньні».
У вучэньнях бяруць удзел каля 7500 вайскоўцаў
Вучэньні пройдуць у два этапы да 12 верасьня. У іх бяруць удзел каля 7500 вайскоўцаў, 260 адзінак бранятанкавай тэхнікі і каля 30 самалётаў і верталётаў. Будуць задзейнічаны шэсьць палігонаў, а таксама раёны і ўчасткі мясцовасьці ў Берасьцейскай, Горадзенскай, Менскай і Магілёўскай абласьцях.
На першым этапе адпрацоўваюцца пытаньні кіраваньня падчас барацьбы з незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі і дывэрсійна-разведвальнымі групамі праціўніка, прыкрыцьця важных дзяржаўных і вайсковых аб’ектаў.
На другім этапе будзе адпрацаванае зьнішчэньне незаконных узброеных фармаваньняў і дывэрсійна-разведвальных груп праціўніка, прыкрыцьцё дзяржаўнай мяжы Беларусі.
Ад каго вучыцца абараняцца беларускае войска?
Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ад каго вучыцца абараняцца беларускае войска, прэс-сакратар Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў спаслаўся на вайсковую дактрыну,
«Несумнеўна, пад кіраўніцтвам нашага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ўзброеныя сілы абавязкова забясьпечаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Рэспублікі Беларусь».
Прэс-сакратар не стаў тлумачыць, на што накіраваныя вучэньні і дзе беларускаму боку бачыцца патэнцыйны вораг.
Хто ёсьць патэнцыйным агрэсарам?
Вайсковы аглядальнік Аляксадар Алесін адзначыў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што вучэньні ў Беларусі праходзяць практычна адначасова з расейскімі стратэгічнымі камандна-штабнымі вучэньнямі «Усход-2018». Ён мяркуе, што беларускія і расейскія вучэньні ўзгодненыя.
Расейскія вучэньні «Усход-2018» пачнуцца 11 верасьня. У іх возьмуць удзел амаль 300 тысяч вайскоўцаў і воінскі кантынгент Народна-вызваленчай арміі Кітая колькасьцю да трох з паловай тысяч чалавек, паведамляе канал tvzvezda.ru. NATO лічыць, што расейскія вайсковыя вучэньні «Усход — 2018» — гэта адпрацоўка ўдзелу ў шырокамаштабным канфлікце.
«Цэлая сьпіраль вайсковай актыўнасьці закручваецца з боку NATO і Расеі. Ужо цяжка разабрацца, хто пачаў першым. Але ўсе называюць свае вучэньні адказам на вучэньні патэнцыйнага праціўніка. У гэтым выпадку патэнцыйным агрэсарам уяўляюцца краіны NATO і рыхтуюцца да адбіцьця агрэсіі з захаду і паўночнага захаду. Вядомы экспэрт генэрал Івашоў сказаў, што мы рухаемся на ўсход, а цэлімся на захад. То бок тут яўна прасочваюцца скаардынаваныя намаганьні саюзьнікаў Беларусі і Расеі, якія адпрацоўваюць адбіцьцё агрэсіі на захадзе», — сказаў Аляксандар Алесін.
Адкуль сыходзіць сапраўдная пагроза Беларусі?
Паводле вайсковага аглядальніка, сапраўдная пагроза Беларусі сыходзіць ад абвастрэньня адносінаў паміж ЗША і Расеяй.
«Ёсьць рызыка міжвольнага ўзьнікненьня вайны. Выпадковы канфлікт над Міжземным морам ці на тэрыторыі Сырыі можа прывесьці да ўцягненьня ўсё больш буйных сіл і ўрэшце вайна можа перарасьці ў глябальны канфлікт. І Беларусь як хаўрусьнік Расеі не застанецца ўбаку. І адпаведна саюзьнікі ЗША па НАТО таксама будуць уцягнуты ў гэты канфлікт. І гэта называецца на чужым балі пахмельле», — сказаў Аляксандар Алесін.
Беларусь як хаўрусьнік Расеі не застанецца ўбаку ад глябальнага канфлікту
Алесін заўважае, што Расея эканамічна кантралюе Беларусь і дзякуючы гэтаму «можа ўсяго дамагчыся ад яе».
«Адзінае, што магла б пажадаць Расея, гэта мець вайсковыя базы ў Беларусі. Але цяпер Расея мае дальнабойныя сродкі паражэньня, такія як „Калібр“. „Кінжал“, ракеты на стратэгічных бамбардзіроўшчыках Ту-160. Яны дазваляюць паражаць праціўніка ў Заходняй Эўропе і не з тэрыторыі Беларусі. Іміджавыя ж, палітычныя і эканамічныя страты, якія Расея панясе ў выпадку акупацыі Беларусі, будуць значна вышэй. Таму ў агляднай пэрспэктыве з гэтага боку нам не пагражае небясьпека», — сказаў Аляксандар Алесін.
Беларусь рыхтуецца да партызанскай вайны?
Ці дастаткова Беларусь рэфармавала свае ўзброеныя сілы пасьля акупацыі Расеяй украінскага Крыму?
«Сыходзячы з сілаў і сродкаў, якія выдзяляе дзяржава, ідзе вельмі марудная мадэрнізацыя, — кажа Аляксандар Алесін. — Шмат зрабіць на адзін працэнт ВУП у год немагчыма. Але калі б мы нават трацілі тры працэнты ВУП, як нашы заходнія суседзі, усё роўна вайсковая перавага Расеі настолькі вялікая, што адбіцца ад яе вайсковым шляхам было б немагчыма. Адзіны наш шанс — гэта партызанская вайна. І ў гэтым пляне ў нас ідзе вельмі сур’ёзная падрыхтоўка».