Замах на былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку ў горадзе Солсбэры зьдзейсьнілі два агента расейскай вайсковай выведкі (ГРУ), заявілі ўлады Вялікабрытаніі. Іх імёны, як сьцьвярджаецца, Аляксандар Пятроў і Руслан Башыраў. Пры гэтым у паліцыі сьцьвярджаюць, што імёны могуць быць падстаўнымі. Брытанскі прэм’ер Тэрэза Мэй выступіла ў парлямэнце, дзе заявіла: урад практычна перакананы, што апэрацыя была ўхваленая «на высокім узроўні расейскай дзяржавы».
Паліцыя заяўляе, што Пятрову і Башыраву каля 40 гадоў, яны падарожнічалі з падробленымі дакумэнтамі. Сьцьвярджаецца, што 2 сакавіка яны прыляцелі рэйсам «Аэрафлоту» з Масквы ў лёнданскі аэрапорт Гэтвік і пакінулі краіну 4 сакавіка, у дзень атручваньня Скрыпалёў. Сьцьвярджаецца, што падазраваныя трапілі на камэры відэаназіраньня ў Лёндане і Солсбэры.
Атручваньне было зьдзейсьненае з дапамогай нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок». Паводле дадзеных паліцыі, «Навічок» знаходзіўся ў фляконе з-пад духоў і быў нанесены на дзьверы хаты Скрыпалёў. Праз тры месяцы, у чэрвені, флякон з рэчывам знайшоў жыхар суседняга гораду Эймсбэры Чарлі Роўлі. Ён сам пацярпеў, а яго сяброўка Дон Стэрджэс загінула.
Як рабілі замах на Скрыпалёў. Фота брытанскай паліцыі

1
Падазраваны брытанскай паліцыяй у замаху на Сяргея і Юлію Скрыпаль Аляксандар Пятроў.

2
Падазраваны брытанскай паліцыяй у замаху на Сяргея і Юлію Скрыпаль Руслан Башыраў.

3
Чалавек, вядомы пад імем "Башыраў", у лёнданскім аэрапорце Гэтвік. Кадар з камэры сачэньня. Пятніца, 2 сакавіка, 16:22.

4
Чалавек, вядомы пад імем "Пятроў", у лёнданскім аэрапорце Гэтвік. Кадар з камеры сачэньня. Пятніца, 2 сакавіка, 16:22.

5
Падазраваныя на чыгуначнай станцыі ў Солсбэры ў чаканьні цягніка назад у Лёндан. Кадар з камэры сачэньня. Субота, 3 сакавіка, 16:11.

6
Нядзеля, 4 сакавіка, 11:48. Падазраваныя зноў у Солсбэры, выходзяць з чыгуначнай станцыі. Кадар з камэры сачэньня.

7
Падазраваныя на Ўілтан-Роўд у Солсбэры 4 сакавіка г. у 11:58 – у адпаведнасьці з дадзенымі паліцыі, непасрэдна перад момантам, калі яны ўжылі яд. Кадар з камэры сачэньня.

8
Падазраваныя на вуліцы Фішартан у цэнтры Солсбэры накіроўваюцца да чыгуначнай станцыі. Кадар з камэры сачэньня. 4 сакавіка, 13:05.

9
Падазраваныя на вуліцы Фішартан у цэнтры Солсбэры накіроўваюцца да чыгуначнай станцыі. Кадар з камэры сачэньня. 4 сакавіка, 13:08.

10
Падазраваныя на чыгуначнай станцыі Солсбэры накіроўваюцца назад у Лёндан. Кадар з камэры сачэньня. 4 сакавіка, 13:50.

11
Падазраваныя (Пятроў, а за яго сьпінай Башыраў) праходзяць пашпартны кантроль у лёнданскім аэрапорце Гітроў. Нядзеля, 4 сакавіка, 19:28.

12
Паліцыя перад лёнданскім гатэлем City Stay Hotel, дзе спыняліся падазраваныя. 5 верасьня 2018 году.

13
Флякон з цэтлікам Nina Ricci Premier Jour з мадыфікаванай ручкай, у якім зутрымлівалася значная колькасьць «Навічка», быў знойдзены ў сьметніцы на кухні Чарлі Роўлі.

14
Каробка з цэтлікам Nina Ricci Premier Jour была знойдзеная ў сьметніцы на кухні Чарлі Роўлі падчас ператрусу 10 ліпеня.