Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць прычынаў, чаму варта паехаць у Гомель на спэктакль «Каралева прыгажосьці»


У Гомельскім гарадзкім моладзевым тэатры адбылася гучная прэм’ера. Працу над спэктаклем «Каралева прыгажосьці» паводле Марціна Макдонаха шырока анансавалі і незалежныя, і дзяржаўныя мэдыя вялікімі інтэрвію з маладым рэжысэрам-пастаноўшчыкам Віталём Краўчанкам.

Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

Цікавасьць падагравалася фатаздымкамі з рэпэтыцыяў, якія штодня зьмяшчаў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” сам тэатар. І вось тры першыя прэм’ерныя спэктаклі пад авацыі гомельскай публікі, а таксама цікаўных тэатралаў зь Менску і нават Кіеву, адбыліся. Сьведчу: посьпех безумоўны, спэктакль глядзець варта і трэба. Чаму?

Каб далучыцца да выдатнай драматургіі сусьветнага маштабу

Нястатак глыбокай сучаснай беларускай драматургіі, яе сьлізгаценьне па паверхнях адлюстраваных рэаліяў, дый часьцей ня нашых, а суседняга народу, дробнасьць тэматыкі, няўцямнае выкладаньне гісторыі і прымітыўнасьць характараў вымушае рэжысэраў, якія маюць на мэце займацца сур’ёзным тэатрам, а ня толькі кампанаваць на сцэне прыгожыя малюнкі на забаву публікі, апраўдваючы іх ня зьместам, а ўяўным экспэрымэнтам, шукаць сучасную выдатную драматургію з унівэсальнымі сэнсамі на Захадзе.

Ня жыць жа тэатру адной клясыкай. І тым болей камэрцыйнымі п’ескамі расейскіх халтуршчыкаў.

Уганараванага “Оскарам” брытанскага драматурга і кінарэжысэра ірляндзкага паходжаньня Марціна Макдонаха нават называюць Шэксьпірам нашых дзён. Псыхалягічная бяздоннасьць герояў, іх трагічныя канфлікты і з самімі сабой, і з унармаванай грамадзтвам і царквой маральнасьцю, жыцьцёвыя гісторыі на мяжы з абсурдам у п’есах, дзе жанр чорнай камэдыі і ўласьцівая ёй брутальнасьць зьліваюцца з псыхалягічнай драмай, авеянай у той жа час сьветлай паэзіяй – гэта і ёсьць той Макдонах, кожны твор якога пасьля прэм’еры на найлепшых сцэнах Лёндану і Нью-Ёрку затым заваёўвае сьвет.

Папулярны гэты аўтар і ў Беларусі. І сваё прачытаньне ягонай раньняй п’есы «Каралева прыгажосьці зь Лінена» гэтым разам у Гомлі прапануе малады беларускі рэжысэр Віталь Краўчанка.

Пасьля бліскучага аскараноснага фільму сцэнарыста і рэжысэра Макдонаха «Тры білборды на мяжы Эбінгу, Місуры», якім беларусы таксама захапляліся яшчэ паўгода таму, паход у Гомельскі моладзевы тэатар выглядае проста неабходным.

Каб убачыць на сцэне сябе і перажыць вялікае ўзрушэньне, а мо і шок

Рэжысэр Віталь Краўчанка пазначыў на афішы жанр спэктаклю як «кухонны баявік», хоць папраўдзе паставіў псыхалягічную драму з элемэнтамі чорнай камэдыі.

«Кухонны баявік» хутчэй тлумачыць зьмест спэктаклю і ягоныя фармальныя каардынаты.

На сцэне дзьве гераіні, састарэлая маці і саракагадовая дачка, вядуць сапраўдную вайну. Кожная за сваё шчасьце. У якасьці зброі выкарыстоўваюць ня толькі слоўныя абвінавачваньні, абразы, кулакі, а і яйкі, патэльню з распаленым алеем, дакумэнты з псыхушкі і нарэшце – качаргу, якой дачка заб’е маці. А разам зь ёй і ўсё сваё астатняе жыцьцё, за якое паспрабавала ваяваць тут, на кухні.

Гэта вайна бязьлітасная, жорсткая, да апошняга ўздыху адной і да апошняга крыку адчаю другой. Бойня матываваная эгаізмам маці і разуменьнем дачкой сваёй няздольнасьці хоць калі-небудзь зрабіць уласны выбар, бессэнсоўнай самаахвярнасьці.

Драматургам і рэжысэрам сямейная гісторыя даведзеная да найвышэйшага пункту кіпеньня, да абсурду, да маразму, які цяжка, балюча ўспрымаць. Зрэшты, у спэктаклі ёсьць увесь спэктар найважнейшых для чалавека перажываньняў – і любоў, і каханьне, і нянавісьць, і міласэрнасьць.

Менавіта дзякуючы гэтаму кожны зь гледачоў разумее, што ў той ці іншай ступені тое ж самае пражываў, пражывае і сам. Тым больш што дзеяньне адбываецца ў падкрэсьлена побытавай дэкарацыі. На сцэне – добра абжыты дом, інтэр’ер якога зусім натуральны: газавая пліта, на якой сквірчыць яечня, электрычны гарбатнік, у якім кіпіць вада, з крану ліецца вада, у грубцы палыхае агонь, на падаконьніках – вазоны з кветкамі, тут жа каталіцкі крыж і партрэт Робэрта Кэнэдзі. Дасканалая праца зноў жа маладой мастачкі Крысьціны Баранавай, якая спрацавала ў суладзьдзі з рэжысэрам і драматургам. У натуральнай дэкарацыі натуральна існуюць і акторы.

Каб зразумець неўміручасьць псыхалягічнага тэатру і атрымаць асалоду ад акторскага майстэрства

Увогуле спэктаклю характэрная падкрэсьленая павага да таго, што напісаў выбітны аўтар. Ніякіх пераробак тэксту, ніякіх пастановачных фокусаў. Хіба што некалькі мэтафараў кшталту разьбітага яйка як ненароджанага новага жыцьця, не ажыцьцёўленага прызначэньня жанчыны ці крыжа, які ў фінале гераіня здыме са сьцяны і ўваткне ў вазон з кветкамі, а сама накрыецца валізкай, зь якой так і не паехала ў Амэрыку. Магіла, у якую сама ж гераіня загнала сваю прыгажосьць, свае мары дый увогуле ўсё тое, дзеля чаго чалавеку і даецца толькі адно жыцьцё. Дый увесь дом, у якім адбываецца дзеяньне, – гэта магіла, дзе забіваецца ўсё чалавечнае.

Віталь Краўчанка чарговым разам маніфэстуе сваю аддадзенасьць псыхалягічнаму, акторскаму тэатру. Спэктакль «Каралева прыгажосьці» – яскравы доказ таго, што і ў так званы постмадэрнісцкі час псыхалягічны тэатар у яго клясычных формах мае вялікую каштоўнасьць. Сапраўднага ўзрушэньня, а за ім і прасьвятленьня, можна дасягнуць толькі праз глыбіннае пранікненьне ў псыхалёгію чалавека аж да самых цёмных яе куткоў. Гэта патрабуе надзвычайнай складанасьці партытуры кожнай ролі, пакручастага шляху да ўзьнікненьня канфлікту і выхаду зь яго.

У гомельскай «Каралеве прыгажосьці» рэжысэр гэты шлях дасканала выбудаваў, а акторы, перадусім акторкі, дакладна прайшлі ім, не спыняючыся ні на імгненьне, трымаючы публікі ў найвышэйшай напрузе.

Мэг у выкананьні сталай артысткі Галіны Анчышкінай – найвышэйшы акторскі пілятаж! Адным клічнікам тут не абыдзесься, каб сказаць пра глыбінны псыхалягізм і абагульненьні, якіх дасягнула акторка. Яе эгаізм да такой ступені зьнішчальны, яе хітрыкі і паскудзтвы дзеля выжываньня аж такія агідныя, што насамрэч выклікаюць асацыяцыю з шэксьпіравым злом.

Няшчасьці, якія нясуць дзецям, сьвету людзі, падобныя да гераіні Анчышкінай, спараджаюць чарговыя чалавечыя катастрофы. Цыклічнасьць зла, ланцуговы эгаізм ляжаць у самой прыродзе чалавека, апошні суседнічае зь інстынктам выжываньня, а таму патрабуе надзвычайных высілкаў, каб пераадолець яго. Вось жа на гэта мала хто здатны. Маштабная роля! Бадай, найлепшая жаночая роля з усіх, што я бачыў на айчыннай сцэне цягам апошніх гадоў. А некаторыя сцэны, найперш яе цікаваньне за лістом дачцэ ад каханка, а затым завалоданьне ім, прачытаньне і спаленьне, — увогуле вартыя таго, каб на іх вучыць акторскаму майстэрству.

Годнай партнэркай Галіны Анчышкінай выступае раней мала вядомая артыстка Валерыя Лагута. Вялікая нечаканасьць спэктаклю, бо мы маем нараджэньне сапраўднай зоркі. Гэта таксама трэба бачыць, як яе гераіня Морын вядзе вайну з маці! Як ад поўнай падпарадкаванасьці ідзе да бунту і як яго зьдзяйсьняе! Як спалучаюцца ў ёй холад і жарсьць! І які невыцерпны адчай іграе акторка пасьля асэнсаваньня яе гераіняй трагічнай памылкі, свайго нібыта і матываванага злачынства. Менавіта Валерыя Лагута дакладна даносіць ідэю спэктаклю рэжысэра Краўчанкі, якую ён выказваў журналістам: нельга здраджваць мары, нельга адмаўляцца ад свайго права на ўласнае жыцьцё, інакш жыцьцё адпомсьціць вельмі жорстка.

Каб зразумець, як ірляндцы на сцэне могуць стаць блізкімі беларусам

Дзеяньне п’есы і спэктаклю адбываецца ў ірляндзкай правінцыі. Героі, натуральна, ірляндцы. Гісторыя, расказаная Макдонахам, і характары пэрсанажаў унівэрсальныя. Жарсьці, якія іх ахопліваюць, уласьцівыя любому чалавеку, незалежна ад нацыянальнасьці. Тэатар мусіць проста адшукаць гэта і ўвасобіць, што і зроблена рэжысэрам і акторамі на гомельскай сцэне.

Мы і бачым сябе ва ўсёй гэтай жудаснай гісторыі. Але ў п’есе ёсьць яшчэ адна вельмі важная плашчыня, што робіць яе ўласна ірляндзкай. Героі ня могуць знайсьці шчасьце на радзіме, ім цесна ў суровых рэаліях гэтай краіны. Яны ўцякаюць па заробкі ў суседнюю Англію, у Лёндан, шукаюць шчасьця там, дзе іх лічаць людзьмі другога гатунку, усяго толькі гастарбайтарамі. І тады сьмялейшыя і разумнейшыя пачынаюць марыць пра Амэрыку і падаюцца туды. А на радзіме тым часам пануе чужая, ангельская культура.

Гэтая плашчыня драмы Макдонаха асабліва блізкая беларусам. Агульначалавечая прырода герояў накладаецца і на сацыяльны, культурны аспэкт, што яшчэ больш абвастрае канфлікт, пашырае яго. Не адмовіўся ад гэтай плашчыні п’есы і беларускі рэжысэр Краўчанка. Нават на праграмку ён вынес і для нас актуальны дыялёг герояў пра тое, што «ў Ірляндыі ўсе павінны гаварыць па-ірляндзку» і што «хіба не ангельцы пазбавілі нас (ірляндцаў) роднай мовы, забралі зямлю і яшчэ Бог ведае чаго? І хіба не яны прымушаюць нас (ірляндцаў) клянчыць у іх працу і ўсялякія падачкі?»

А калі ў расейскамоўным спэктаклі героі слухаюць радыёстанцыю на ірляндзкай мове, з прыймача гучыць мова беларуская. Мо і зусім ужо прамалінейна вырашаецца сцэна, але тым самым і тут рэжысэр прысвойвае для нас зьмест ірляндзкай п’есы, а героі яе ўжо і ўвогуле не ўспрымаюцца чужынцамі, становяцца сваімі.

Нешта падобнае адбылося ў колішнім купалаўскім спэктаклі «Translations» рэжысэра Мікалая Пінігіна паводле ірляндзкай п’есы Браяна Фрыла.

Што да рэжысэра Віталя Краўчанкі, дык ужо ў першых сваіх пастаноўках ён аддае перавагу драматургіі блізкіх нам і паводле сацыяльна-палітычных праблемаў народаў. Так, раней ён паставіў аж два спэктаклі паводле п’есы «Мэтад Гранхольма» каталёнца Жардзі Гальсэрана.

Каб нарэшце ці зноў падумаць пра тэатральны турызм

На прэм’еры ў Гомлі былі заўважаныя ня толькі гомельскія тэатралы. Знарок на спэктакль «Каралева прыгажосьці» прыехалі акторы, крытыкі, журналісты і проста заядлыя тэатралы зь Менску і нават зь Кіева. Таму прычынаю і сама п’еса, і цікавыя працэсы, якія адбываюцца апошнія паўтара года ў Гомельскім моладзевым тэатры, і ўжо заўважаная творчасьць рэжысэра-пачаткоўца Віталя Краўчанкі, які выдатна заявіў пра сябе папярэднімі работамі.

Украінская тэатразнаўца, загадчыца літаратурнай часткі Кіеўскага акадэмічнага тэатру «Колесо» Ільліна Генсіцкая, вярнуўшыся з Гомля, напісала ў “Фэйсбуку”, што было б выдатна, «каб турызм набыў тэатральныя рысы, каб мы проста езьдзілі на прэм’еры ў іншыя гарады, а яшчэ лепей – краіны».

Слушна, бо ня толькі ў сталіцах адбываюцца тэатральныя падзеі: трэба бачыць найлепшае, што зьяўляецца ў тэатрах і ў іншых гарадах, і ў іншых краінах.

​Гомельскі моладзевы тэатар паказаў, што падставы для тэатральнага турызму ёсьць. Зрэшты, такое ўжо было ў Беларусі ў канцы ХХ стагодзьдзя, калі зь Менску і іншых гарадоў Беларусі людзі ехалі ў Віцебск і Магілёў на спэктаклі незабыўных Валерыя Масьлюка і Юрыя Міроненкі. Дзеля ўзрушэньня і прасьвятленьня, мастацкай асалоды можна пераадолець дзьвесьце-трыста кілямэтраў.

Фота Жэні Чарняўскага і Паўла Рэхтава. Перададзены рэжысэрам спэктакля Віталём Краўчанкам і Гомельскім гарадзкім моладзевым тэатрам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG