Прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што не пагодзіцца правесьці яшчэ адзін рэфэрэндум аб чальцоўстве яе краіны ў Эўразьвязе. Пра гэта яна напісала ў артыкуле для выданьня The Sunday Telegraph. Паводле Мэй, гэта стала б «бруднай здрадай» брытанскай дэмакратыі.
Раней з заклікам правесьці паўторны плебісцыт па пытаньні «брэксіту» выступіла арганізацыя «Голас народу», куды ўваходзяць некаторыя парлямэнтары.
Выхад Злучанага Каралеўства з Эўразьвязу заплянаваны на 29 сакавіка 2019 году. У ліпені брытанскі ўрад прадставіў праект пагадненьня аб выхадзе з ЭЗ, аднак эўраскептыкі раскрытыкавалі яго як занадта «мяккі» і нявыгадны для краіны.
Згодна з дакумэнтам, Брытанія працягне кіравацца стандартамі ЭЗ у шэрагу эканамічных сфэраў і атрымае права на неабмежаваны гандаль сельскагаспадарчымі таварамі на Эўрапейскім адзіным рынку.
Праціўнікі гэтай дамовы з шэрагаў эўраскептыкаў выступаюць за поўны выхад Брытаніі з Эўрапейскага адзінага рынку і Мытнага зьвязу ЭЗ, а таксама за спыненьне паўнамоцтваў Суду Эўразьвязу на тэрыторыі каралеўства. У сваю чаргу, іншыя палітычныя сілы выступаюць за адмову ад выхаду з ЭЗ — праз паўторны рэфэрэндум.
У сваім артыкуле Мэй дапусьціла выхад з ЭЗ без падпісаньня пагадненьня, аднак выказала ўпэўненасьць, што бакі ўсё ж змогуць дасягнуць дамоўленасьці.
Рашэньне спыніць удзел у ЭЗ брытанскі ўрад прыняў у выніку рэфэрэндуму, які адбыўся 23 чэрвеня 2016 году. Тады за выхад краіны з Эўразьвязу прагаласавалі амаль 52 працэнты ўдзельнікаў.