Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрываецца 75-ы Вэнэцыянскі кінафэстываль. Што глядзець з мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў


29 жніўня пачынаецца юбілейны 75-ы Міжнародны Вэнэцыянскі кінафэстываль.

У апошнія гады ён часта рабіўся абʼектам крытыкі: скаргі выклікалі як слабая конкурсная праграма, так і адсутнасьць у Вэнэцыі паўнавартаснага кінарынку. Але каманда фэстывалю на чале з Альбэрта Барбэра сёлета прыклала намаганьні, каб зрабіць юбілейны агляд самых актуальных падзеяў году.

У Вэнэцыі будуць паказаныя некалькі фільмаў, прадусарам якіх была кампанія Netflix. У паралельнай праграме будзе прадстаўленая стужка «Іншы бок ветру», якую так і не пасьпеў скончыць Орсан Уэлс. Нястомны экспэрымэнтатар Цай Мінлянь прадставіць сваё антрапалягічнае эсэ «Твой твар», а адмысловы конкурс стужак жанру VR пакажа агрэсіўны наступ новых тэхналёгій, якія неўзабаве зьменяць увесь ляндшафт індустрыі забаў.

Конкурсную праграму будзе ацэньваць журы на чале з Гільерма дэль Тора, чыя стужка «Форма вады» была ўганараваная галоўным прызам ў Вэнэцыі летась.

У конкурснай праграме 21 фільм. Сярод прэтэндэнтаў на «Залатога Льва», галоўную ўзнагароду фэстывалю — Жак Адзіяр, Карлас Рэйгадас, Джуліян Шнабэль, браты Коэны, Ёргас Ланцімас, Ласла Нэмэш, Сіньян Цукамота і іншыя вядомыя рэжысэры.

Але самыя надзённыя тэмы і вострыя пытаньні, зь якіх фармуецца бягучы парадак дня, будуць адлюстраваныя ў дакумэнтальных стужках. Іх пакажуць як у асноўнай, гэтак і ў паралельнай праграме фэстывалю. Свабода адабрала шэсьць самых чаканых неігравых фільмаў Вэнэцыянскага фэстывалю гэтага года.

«Працэс», рэжысэр Сяргей Лазьніца

Крыніца: ATOMS & VOID
Крыніца: ATOMS & VOID

Украінскі рэжысэр беларускага паходжаньня Сяргей Лазьніца сёлета ўжо выпусьціў фільм «Дзень перамогі» пра тое, як зьмянілася ўспрыманьне памятнай даты ў расейскамоўных жыхароў Бэрліну. Ён быў паказаны на Бэрлінскім кінафэстывалі. У Канах быў паказаны фільм «Данбас» — бязьлітасны партрэт канфлікту на ўсходзе Ўкраіны: ён заваяваў прыз за лепшую рэжысуру ў сэкцыі «Асаблівы погляд».

У Вэнэцыі пакажуць новы фільм рэжысэра — «Працэс». Лазьніца ў гэты раз зноў зьвярнуўся да «незагойнай раны» савецкай гісторыі. Яго фільм сабраны з хронік першых публічных судовых працэсаў, ініцыяваных Іосіфам Сталіным у 1930-х гадах, і дасьледуе мэханізм дзяржаўнага тэрору, заснаваны на канвэерным прадукаваньні абсурдных абвінавачваньняў.

«Сьвет палае — твае дзеяньні?», рэжысэр Раберта Мінэрвіні

Рабэрта Мінэрвіні — майстар-антраполяг, ён пачынае аповяд з усьплёску пратэстаў, якія здарыліся пасьля таго, як паліцэйскія летам мінулага году застрэлілі маладога афраамэрыканца ў адным з паўднёвых штатаў ЗША. У яго фільме прыгожы фасад дабрабыту і паліткарэктнасьці абсыпаецца пад ударамі схаваных канфліктаў, якія атрутнымі парамі страху і нянавісьці прасякнулі грамадзкае жыцьцё ЗША. Мінэрвіні захоўвае неабходную дыстанцыю, але адначасова апускае гледача ў самае пекла сацыяльных супярэчнасьцяў.

Магчыма, у Вэнэцыі Мінэрвіні здолее паўтарыць посьпех свайго суайчыньніка Джанфранка Розі: пяць гадоў таму ён быў узнагароджаны «Залатым ільвом» за фільм «Сьвятая рымская кальцавая».

«Манровія, Індыяна», рэжысэр Фрэдэрык Уайзмэн

Праект амэрыканскага клясыка Фрэдэрыка Уайзмэна прысьвечаны амэрыканскаму мястэчку Манровія. Ва ўласьцівай аўтарскай манэры «цікаўнага назіральніка» Уайзмэн вывучае павольны рытм жыцьця правінцыі, дзе час быццам бы застыў, а сацыяльныя сувязі ўсё яшчэ фармуюцца як вынік выкананьня традыцый.

Калі камэра Мінэрвіні фіксуе працэсы дынамічныя, якія маюць патэнцыял мабілізуючы і нават разбуральны, то Уайзмэн паказвае зусім іншую Амэрыку. Яго ідылічныя вобразы Сярэдняга Захаду ўяўляюцца лагоднай карцінай паралельнага сьвету, дзе быццам бы і няма ніякіх канфліктаў і супярэчнасьцяў: толькі згода і гарманічнае існаваньне.

«Камора», рэжысэр Франчэска Пат'ерна

Італьянскія рэжысёры працягваюць ствараць летапіс, прысьвечаны гісторыі арганізаванай злачыннасьці. «Камора» — гэтая стужка, сабраная з дакумэнтальнай хронікі дзяржаўнай тэлекампаніі Rai Teche і дае магчымасьць стаць сьведкам трагічных падзей, якія адбываліся ў Нэапалі ў 1960-я-1990-я гады. У гэты час мафіёзныя структуры, якія кантралююць кантрабанду цыгарэт, усяго за некалькі гадоў стварылі цэнтралізаваную арганізацыю, ператвораную ў паралельную дзяржаўным інстытутам форму эканамічнай і палітычнай улады.

Па словах рэжысэра, ён не хацеў рабіць гістарычны фільм ці тым больш журналісцкае расьсьледаваньне: узброіўшыся тэлевізійнымі матэрыяламі, Франчэска Пат'ерна стварае трагічны партрэт эпохі.

«Aquarela», рэжысэр Віктар Касакоўскі

Ледзяныя гурбы на замерзлых берагах Байкалу, магутны вадаспад Анхэль ў Вэнэсуэле, даліны найбуйнейшых рэк і азёр плянэты: галоўны герой новага фільму Віктара Касакоўскага — вада. Яна і крыніца жыцьця, і жахлівая стыхія, якія зьмятае ўсё на сваім шляху.

Як і папярэдні фільм майстра «Няхай жывуць антыподы!», «Aquarela» — захапляльнае падарожжа па краінах і кантынэнтах, паэтычны гімн велічы прыроды. У ім выразна праглядаецца папярэджаньне людзям пра крохкасьць сьвету, у якім яны жывуць.

«Страчаныя душы Масулу», рэжысэры Франчэска Маначыні, Алесіа Рамэнзі

Сырыйскі горад Масул тры гады быў акупаваны баевікамі «Ісламскай дзяржавы». Сёньня, калі баевікі сышлі, у горадзе засталася сьмяротная зброя — дзеці і падлеткі, якія жылі ў Масуле ў гэты жахлівы час і былі сьведкамі жорсткіх распраў зь «нявернымі».

Лепшыя гады іх жыцьця прайшлі на фоне бясконцага гвалту, узьведзенага рэлігійнымі фанатыкамі ў культ, і ніхто не ведае, што чакае іх у будучыні. Ці змогуць яны вярнуцца да нармальнага жыцьця? «Страчаныя душы Масулу» — рэдкі фільм, які можа стаць адным з самых красамоўных антываенных маніфэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG