Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» пракамэнтаваў прызначэньне Міхаіла Бабіча амбасадарам у Беларусі і спэцпрадстаўніком прэзыдэнта Расеі па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, перадае БЕЛТА.
«Гэта, можа, ня зусім цяжкавагавік — Бабіч, але чалавек у палітыцы цяжкі. Ён прайшоў ужо пэўныя прыступкі, дасьведчаны чалавек, які ведае шматлікія праблемы. І, вядома ж, цэнтар СНД — Менск. Таму, натуральна, што трэба гэтага чалавека дагрузіць, зыходзячы зь яго досьведу», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка дадаў, што раней абмяркоўваў з Уладзімерам Пуціным кандыдатуру новага амбасадара ў тэлефоннай размове, якую не афішаваў.
«І ўсе гэтыя развагі, што тут кагосьці накіравалі, што яны ледзь не Беларусь пад кантроль возьмуць, што Лукашэнкам будзе хтосьці кіраваць... гэта лухта несусьветная», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што факт сустрэчы Уладзімера Пуціна з новым паслом Міхаілам Бабіч неўзабаве пасьля перамоў прэзыдэнтаў у Сочы зьяўляецца толькі выпадковасьцю.
«Тое, што Пуцін дагрузіў Бабіча многімі пытаньнямі, гэта, напэўна, у сувязі з тым, што ён асабіста яму давярае і ў сувязі з тым, што гэта такі моцны чалавек. Калі ён хоча, каб Беларусь засталася надоўга, а можа, і на вякі самым блізкім саюзьнікам для Расеі, адпаведна павінен сябе паводзіць і амбасадар», — рэзюмаваў Лукашэнка.