Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нішто ня зьнішчыць Беларускую ідэю, якія б разбурэньні ні працягваліся», — Пазьняк


Лідэр апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Зянон Пазьняк зьвярнуўся да беларусаў зь віншаваньнем з нагоды 27-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Менавіта апазыцыя БНФ адыграла вядучую ролю ў абвяшчэньні беларускай незалежнасьці.

У віншавальным лісьце Пазьняк назваў дзень наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнай моцы найвялікшым нацыянальным сьвятам.

«25-га жніўня 1991 года, пасьля ўпартага і зацятага змаганьня дэпутатаў Народнага Фронту з дэпутатамі камуністычнай намэнклятуры, Вярхоўны Савет аднагалосна надаў сілу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, прынятай у 1990 годзе», — напісаў лідэр БНФ.

Зянон Пазьняк нагадаў, што пасьля 25 жніўня 1991 году былі вернутыя і зацьверджаныя ў якасьці дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня, створаныя новыя міністэрствы, нацыянальнае войска, амбасады, межы, беларускія грошы, грамадзянства, наладжаныя міжнародныя сувязі.

«Дзяржава Рэспубліка Беларусь была прызнана ва ўсім сьвеце. Пачалося культурнае і дзяржаўнае будаўніцтва вялікай Беларускай нацыі, пасьлядоўніка Вялікага Княства Літоўскага, гістарычных ліцьвінаў і магутнай культуры. Вярнулася беларуская школа, узьнікла радасьць нацыянальнага існаваньня і сьветлы погляд у будучыню», — напісаў Пазьняк.

Ён дадаў, што «у 1994 годзе Беларусь стала ахвярай прамаскоўскай унутранай акупацыі, сплянаванай Лубянкай і Крамлём»

«24 гады антынацыянальнай цемры мелі катастрафічныя вынікі для краіны. Але Сьцяг Незалежнасьці над намі лунае. Ён у гары. Нішто ня зьнішчыць Беларускую ідэю, якія б разбурэньні ні працягваліся. Краіна вернецца ў пачатак да 25 Жніўня і пойдзе наперад вялікім народам. І тады ўжо — навечна», — напісаў Зянон Пазьняк.

25 жніўня 1991 году на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі нададзеная сіла канстытуцыйнага закону. Таксама ў гэты дзень была прыпыненая дзейнасьць Камуністычнай партыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG