Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найлепшая кніга пра Вільню часоў савецкай акупацыі выходзіць па-беларуску


Вільня. Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock
Вільня. Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock

Раман «Віленскі покер» культавага літоўскага пісьменьніка Рычарда Гавяліса пераклала беларуская вілянчанка Паўліна Вітушчанка, а выходзіць ён пад шыльдай выдавецтва «Логвінаў».

Рычард Гавяліс напісаў «Віленскі покер» за часы брэжнеўскага «застою», аднак выдаць змог толькі ў 1989 годзе. Наклад у 50 тысяч асобнікаў разышоўся з рэкорднай хуткасьцю. Тое ж паўтарылася і праз год — прытым што наклад другога выданьня быў ужо 120 тысяч.

«Віленскі покер» стаў бэстсэлерам і быў прызнаны новай літоўскай клясыкай. Летась выйшла пятае выданьне раману, які ў Літве назвалі адной з галоўных кніг пра Вільню за ўсю яе гісторыю.

Зомбі-канукі, гніючыя правадыры і вэтэран савецкага лягеру

Вокладка кнігі. Мастак Грыгорый Кацнэльсон
Вокладка кнігі. Мастак Грыгорый Кацнэльсон

Раман будуецца вакол Вітаўта Варгаліса, вэтэрана савецкага лягера, які пачынае заўважаць, што па горадзе распаўзаецца дзіўная хвароба. Людзі тупеюць, вочы іх згасаюць, целы рухаюцца быццам лялькі. Яны тхнуць цьвільлю, абрастаюць тлушчам, дэфармуюцца. Вітаўт В. ня ведае слова «зомбі», але імкнецца зразумець, што адбываецца, карыстаючыся сваёй назвай хворых людзей: «канукі».

У адрозьненьне ад герояў відэафільмаў, Вітаўт В. не сьпяшаецца раструшчыць ім галовы ды пастраляць. Перш чым узяцца за нож і стрэльбу, Вітаўт В. дасьледуе прычыны й крыніцы пошасьці, у бібліятэчных лябірынтах адсочвае яе ў глыбіні вякоў. Ён знаходзіць канукоў паўсюль і заўжды. Схаваныя ад сьвету, яны зьнішчалі цэлыя цывілізацыі. З жахам ён усьведамляе, што савецкая ўлада зь яе гніючымі правадырамі — толькі прыватны выпадак паўзучай эпідэміі, што марудна жарэ чалавецтва.

Джаз, эротыка і віленізацыя сьвету

Знайшоўшы ядро гэтай рызомы, Вітаўт В. разумее, што мае толькі адзіны стрэл. У гэты момант ён сустракае каханьне свайго жыцьця... Але гэта толькі завязка раману. Далей чытача чакаюць любоўныя драмы, густая эротыка, забойствы, спрэчкі пра палітыку, расьсьледаваньні й контра-расьсьледаваньні, джазавыя імправізацыі й татальная віленізацыя сьвету.

Выкарыстоўваючы структуру дэтэктыву, Гавяліс будуе ў нейкім сэнсе ідэальны дэтэктыў, разгадаць хады якога немагчыма да апошняй старонкі.

Прамоўленае пра забароненае

Аўтар раману Рычард Гавяліс
Аўтар раману Рычард Гавяліс

​Апрача дэтэктыўнай інтрыгі, адважнай эротыкі і новага стылю, раман прамаўляе ўсе палітычныя тэмы, дагэтуль забароненыя да шырокага абгаворваньня: супрацоўніцтва міжваеннай Літвы з СССР у справах адняцьця ў Польшчы Вільні, лютасьць і абсурд некаторых дзеяньняў мясцовых партызанаў, неабавязковасьць сувязі нацыі з мовай, міжэтнічную нянавісьць насельніцтва савецкай Літвы, безнадзейную згрыбеласьць нацыянальных сымбаляў.

Гавяліс бязьлітасна складае энцыкляпэдыю слабасьцяў савецкага літоўца. Абмеркаваньне, амаль канстатацыя ўсіх тых праблемаў адыграла для новага літоўскага грамадзтва моцную тэрапэўтычную ролю і, здаецца, не ў апошнюю чаргу з гэтай прычыны кніга заняла цэнтральнае месца ў новай літоўскай літаратуры, стаўшы нечым аб’яднальным у сэнсе стылю, маралі й кругагляду будучыні.

Цяжкасьці перакладу

Беларускі — пяты пераклад раману на іншыя мовы (пасьля латыскай, ангельскай, францускай ды македонскай), першы пераклад Гавяліса на беларускую ўвогуле, і, у прыватнасьці, першы пераклад «Віленскага покеру» на адну зь пяці эндэмічных моваў Вільні. У выпадку зь «Віленскім покерам» гэтая акалічнасьць істотная, бо раман напісаны ня чыстай стандартнай літоўскай мовай, але з моцным прысмакам віленскага дыялекту.

Пераклад адлюстроўвае тое ж лінгвістычнае сьвятло сучаснай віленскай беларускай гаворкай, якая можа зьлёгку траўмаваць рафінаванага чытача, але ня болей, чым трэба было паводле аўтарскай задумы. На гэтых падставах перакладніца Паўліна Вітушчанка, віленская білінгва, асьмелілася адысьці ад нарматываў і цалкам аўтарызавала тэкст, імкнучыся пазбавіць яго ўсіх прыкметаў перакладу, быццам ён спрадвечна быў напісаны віленскай беларускай, ад назваў вуліц да імя самога аўтара. Што, праўда, спарадзіла цяжкасьці ў паразуменьні з рэдактарамі, якіх за час падрыхтоўкі кнігі да выданьня зьмянілася ажно чатыры.

Чытайма «Віленскі покер»

Было, ёсьць, магло б быць... Калі Гедзімін быў бы жывы, то я мог бы спытаць, куды ён запрапасьціў тую жанчыну — так ці інакш, яна не была духам, у ёй пульсавала крывя. Можа, цяпер сказаў бы. Тады маўчаў. Сілай выкінуў яе вон, яна выйшла занепакоеная і сумная, шчыра-шчыра засмучаная. Папялушка ў сукенцы прынцэсы, выкінутая з каралеўскага палацу. Гедзімін, той чарнакрылы анёл, жорстка нас разлучыў. Яна ж была мая. Я сядзеў, адкінуты ў кут, зусім зьнішчаны. А яна паслухмяна сышла, кінуўшы на мяне поўны тугі позірк. Так і не сказала ні слова. Толькі паглядзела на мяне: ня толькі вачыма — і плячыма, і грудзьмі, і каленямі, і сваёй неверагоднай вагінай, чорнай дзіркай, якая сьвяціла праз усю вопратку, цягнула мяне ў сярэдзіну, пэўна, хочучы пагубіць. Нічога больш я і не хацеў — толькі загінуць у ёй. Прагнуў той саладжавай, вільготнай гібелі. Але Гедзімін быў мацнейшы, замкнуў мяне на ключ, а вярнуўся ўжо адзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG