24 жніўня прадстаўнікі пяці палітычных партый (АГП, ПБНФ, БСДП (Грамада), Беларускай партыі зялёных, БХД), а таксама руху «За свабоду» і незалежнага прафсаюзу РЭП абнародавалі стратэгічны плян дзеяньняў у абарону свабоды і законнасьці ў Беларусі.
Падставай для гэтага, па словах апазыцыйных дзеячаў, стала пагаршэньне палітычнай сытуацыі ў краіне на фоне пацяпленьня ў адносінах паміж афіцыйным Менскам і ўрадамі заходніх краінаў.
Першыя тры пункты:
- Масавыя пікеты па ўсёй Беларусі.
- Шэсьце 15 верасьня ад будынку Нацыянальнай Акадэміі навук у Менску да пляцоўкі каля Нацыянальнага тэатру опэры і балету з наступным мітынгам.
- Форум нацыянальнай салідарнасьці, які плянуецца правесьці ў кастрычніку (на ім зацьвердзяць агульную стратэгію для палітычных партый, грамадзянскай супольнасьці, бізнэсу, незалежных мэдыя і іншых дэмакратычных структур).
Зварот да міжнароднай супольнасьці
Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі ад імя сваіх арганізацый заклікалі міжнародную супольнасьць перагледзець умовы супрацы зь беларускімі ўладамі і фармаваць парадак дня з прыярытэтам выкананьня правоў чалавека, а таксама патрабаваць правядзеньня рэформаў праваахоўнай сыстэмы і выбараў па стандартах АБСЭ.
Пры гэтым прадстаўнікі апазыцыйных структур зьвярнулі ўвагу на тое, што зьняцьце санкцый Эўразьвязам у 2016 годзе не прывяло да паляпшэньня сытуацыі з правамі і свабодамі чалавека, а адсутнасьць істотнай міжнароднай рэакцыі дазваляе беларускім уладам праводзіць новыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці. У прыватнасьці, былі ўзгаданыя рэпрэсіі супраць незалежнай сацыялёгіі, незалежных мэдыя, незалежных прафсаюзаў.