На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Нова-Агарове новапрызначаны амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч назваў Беларусь найважнейшым геапалітычным і вайсковым саюзьнікам, а таксама найбуйнейшым эканамічным партнэрам.
Бабіч нагадаў, што тавараабарот паміж дзьвюма краінамі ў 2017 годзе склаў больш за два трыльёны рублёў.
«Вы паставілі задачу ў бліжэйшы час выйсьці на рубеж 50 мільярдаў даляраў — цытуе Бабіча агенцтва „РИА Новости“. — Паўнамоцтвы спэцыяльнага прадстаўніка [па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларусьсю — РС], безумоўна, дадуць магчымасьць значна павысіць эфэктыўнасьць гэтай працы. Маштаб пастаўленых задач разумею, усьведамляю сваю асабістую адказнасьць і зраблю ўсё, каб апраўдаць ваш давер».
У сваю чаргу Пуцін пажадаў Бабічу посьпехаў і выказаў надзею, што новы пасол паўплывае на адносіны зь Менскам «самым пазытыўным і самым актыўным чынам».