Куды схавацца ў летнюю сьпёку ў чужым горадзе, калі на тэрмомэтры 32 паводле Цэльсія? Карцінная галерэя з акуратным кандыцыянаваньнем паветра — не найгоршы выбар, па-мойму.
Сьпёка ў Вене, 1995
Упершыню я праверыў такую схованку на сабе амаль чвэрць стагодзьдзя таму, калі ў разгар лета апынуўся на Ringstraße ў Вене. У разагрэтым калейдаскопе палацаў пры гэтай кальцавой я ўбачыў каменную аграмадзіну, якая мела шыльду «Kunsthistorisches Museum» — я пасьпешна закупіў у касе квіток за апошнюю 100-шылінгавую купюру ў кішэні ды нырнуў у збаўчую прахалоду каменных сьцен і засяроджаную цішыню выставачных заляў. Проста каб схавацца ад гарачыні на вуліцы.
Тады яшчэ карцінныя галерэі мяне не цікавілі, і я зусім ня ведаў, што можна пабачыць у гэтай венскай, а таму перажыў неймаверны шок, калі апынуўся ў залі, на сьценах якой вісеў тузін карцін Пітэра Брэйгеля Старэйшага! Ах, дык значыць, яны існуюць насамрэч, вось тут якраз, а ня толькі на рэпрадукцыях у школьных падручніках і ў альбомах з мастацтвам! Што ні сказаць, а паглядзець «Бабілёнскую вежу (Вялікую)» Брэйгеля «ў натуры» — гэта нешта, чаго вам ніякая рэпрадукцыя, нават найвышэйшай якасьці, ня дасьць. Акрамя «Бабілёнскай вежы», у Музэі гісторыі мастацтва ў Вене знаходзяцца такія брэйгелеўскія шэдэўры, як «Бітва Масьленіцы і Посту», «Дзіцячыя гульні», «Шлях на Галгофу», «Паляўнічыя на сьнезе», «Мужыцкае вясельле», «Мужыцкі танец»… Я правёў у Брэйгелеўскай залі гэтай венскай галерэі гадзіны дзьве і ўжо не прыгадаю, што было ў іншых залях.
Галерэя Tate — трошкі гісторыі
Сёньня я хачу запрасіць чытачоў рубрыкі «Варта» на прагулку па іншай славутай галерэі — Tate — якую мне таксама хочацца наведаць, але пакуль што мушу абмежавацца віртуальнымі агледзінамі.
Tate Gallery была заснаваная ў 1897 годзе і першапачаткова мела назву National Gallery of British Art. У 1932 галерэю пераназвалі ў Tate Gallery — у гонар яе заснавальніка і першага спонсара, прамыслоўца Генры Тэйта, які ў 1889 перадаў брытанскаму ўраду сваю прыватную калекцыю з 65 карцін і ахвяраваў 80 тысяч фунтаў на пабудову галерэі мастацтва.
У 2000 Tate Gallery фармальна ператварылася ў дзяржаўна фінансаваную ўстанову пад назвай Tate, якая сёньня ахоплівае чатыры розныя галерэі мастацтва пад адной шыльдай: Tate Britain (Лёндан, брытанскае мастацтва ад 1500 году да сёньня); Tate Modern (Лёндан, мадэрнае і сучаснае брытанскае і сусьветнае мастацтва); Tate Liverpool (Лівэрпул, мадэрнае і сучаснае брытанскае і сусьветнае мастацтва); Tate St Ives (Сэнт-Айвс у Корнуале, сучаснае брытанскае мастацтва, аўтарамі якога зьяўляюцца мастакі, зьвязаныя з гэтым рэгіёнам).
Прагулкі па ўсіх галерэях мы, зразумела, не адужаем. Паспрабуем зазірнуць толькі ў Tate Britain (Лёндан, набярэжная Millbank). Уключыце свае кандыцыянэры, калі ласка…
Уільям Тэрнэр (Joseph Mallord William Turner, 1775–1851)
Брытанцы лічаць Ўільяма Тэрнэра сваім найбольш знакамітым жывапісцам. Талент жывапісца Тэрнэр выявіў у 12 гадоў. У 14 гадоў яго прынялі на вучобу ў Каралеўскую мастацкую акадэмію, а ў 15 гадоў ягоная акварэль патрапіла на штогадовую выставу, арганізаваную гэтай Акадэміяй (ранг гэтай выставы ў Вялікабрытаніі быў роўны парыскаму Le Salon).
Тэрнэр пакінуў па сабе багатую мастацкую спадчыну — звыш 2 тысяч карцін і каля 19 тысяч малюнкаў і эскізаў. Самая багатая калекцыя ягоных твораў знаходзіцца якраз у Tate Britain, дзе яму адведзена асобнае крыло ў галерэі, уваход у якое — задарма.
Тэрнэр найбольш вядомы сваім рэвалюцыйны (як на свой час) выкарыстаньнем колеру і сьвятла, асабліва ў сваіх марскіх пэйзажах. Хопіць паглядзець на дзьве-тры рэпрэзэнтатыўныя карціны Тэрнэра ў гэтым жанры — напрыклад, «Апошні рэйс карабля «Мужны», «Усход сонца з марскімі пачварамі» або «Крушэньне грузавога карабля» — каб зразумець, што Тэрнэр амаль на паўстагодзьдзя апярэдзіў францускіх імпрэсіяністаў.
Самая прэстыжная мастацкая прэмія Вялікай Брытаніі носіць імя гэтага жывапісца (Turner Prize) — яе заснавала ў 1984 годзе якраз кіраўніцтва Tate Gallery. 40 тысяч фунтаў даюць штогод сучаснаму брытанскаму мастаку — цырымонія ўручэньня прэміі належыць да найважнейшых культурных падзеяў у жыцьці краіны. Публіку прызвычаілі, што прэміюецца «радыкальнае» мастацтва, якое часта выклікае ня толькі рознагалосьсе сярод крытыкаў, але і агульнанацыянальныя скандалы. У гісторыю сучаснай брытанскай культуры ўвайшлі Тэрнэраўскія прэміі 1991 (адным з намінантаў была акула ў фармальдэгідзе ў шкляной шафе) і 1998 (калі намінаваўся разбэрсаны ложак, у якім мастачка на працягу некалькіх дзён займалася сэксам, падмацоўваючыся толькі алькаголем)…
Пасьля заляў з Тэрнэрам мы заглянем ў некаторыя залі з брытанскім мастацтвам 1500—1900 гг. (Walk Through British Art).
Натаніэл Бэйкан (Nathaniel Bacon, 1585–1627)
Да нашага часу дайшлі толькі дзевяць карцін Бэйкана. У гісторыі брытанскага мастацтва ён застаўся як аўтар натурмортаў з гароднінай і садавінай, якія часта суправаджаюцца паўнагрудай дзеўкай. Тут ягоная найбольш вядомая карціна:
Уільям Гогарт (William Hogarth, 1697–1764)
Уільям Гогарт — бадай што, самы вядомы ангельскі мастак першай паловы XVIII стагодзьдзя. Вядомасьць здабыў сабе перш за ўсё сатырычнымі гравюрамі і ілюстрацыямі. Самыя паказальныя працы ў гэтых жанрах — сатырычныя цыклы «A Harlot’s Progress» (Кар’ера шлюхі, 1731) і «A Rake’s Progress» (Кар’ера мантача, 1735).
«Сцэна з „Жабрачай опэры“ VI» — адна зь першых карцін ангельскага жывапісу, якая паказвае тэатральны спэктакль. Маецца на ўвазе спэктакль «Жабрачая опэра» Джона Грэя, прэм’ера якога адбылася ў 1728 годзе.
Дэйвід Уілкі (David Wilkie, 1785–1841)
Шатляндзкі мастак Дэйвід Уілкі вядомы перш за ўсё як аўтар «жанравага жывапісу», карцін з гістарычнай тэматыкай і партрэтаў. «Сьляпы скрыпач» — адна зь ягоных раньніх карцін, якая зьвярнула ўвагу публікі вельмі ўдалым адлюстраваньнем выразу твараў беднай сялянскай сям’і, у хаце якой зьявіўся сьляпы музыка.
Джон Эвэрэт Мілэй (John Everett Millais, 1829–1896)
Джон Эвэрэт Мілэй разам з Уільямам Голманам Гантам (1827–1910) і Дантэ Габрыэлам Расэці (1828–1882) заснаваў у 1848 годзе Брацтва прэрафаэлітаў — найцікавейшы кірунак у брытанскім жывапісе ХІХ стагодзьдзя. Карціна «Хрыстос у доме сваіх бацькоў» поўніцца хрысьціянскай сымболікай. Цясьлярскі трохкутнік на сьцяне, над галавой маладога Хрыста, сымбалізуе Сьвятую Тройцу. Драўніна і цьвікі прадвяшчаюць будучае расьпяцьце, таксама як і кроў на параненай цьвіком руцэ Хрыста, якая капае на ягоную ступню. Малады Ян Хрысьціцель паказаны зь міскай з вадой, якую ён нясе абмыць рану Хрыста. На драбіне сядзіць белая галубка, сымбаль Сьвятога Духу, які сышоў зь нябёсаў падчас хрышчэньня Хрыста. Карціна выкананая ў манеры прысутнай усім прэрафаэлітам — з абсалютнай любоўю да найменшай нават дэталі.
Джон Сінгер Сарджэнт (John Singer Sargent, 1856–1925)
Сарджэнт — амэрыканскі мастак, які лічыўся найлепшым партрэтыстам свайго часу. Карціна «Клёд Манэ малюе на ўскраіне лесу», выкананая ў размашыстай імпрэсіянісцкай манеры, ня вельмі характэрная Сарджэнту, які маляваў партрэты зь вялікай дбайнасьцю пра дакладнасьць мазка.