Арганізатары прэміі Ежы Гедройця — 2018 абвясьцілі «доўгі сьпіс» намінантаў. За галоўную ўзнагароду будуць спаборнічаць 12 беларускіх аўтараў. Журы выбрала іх больш чым з трох дзясяткаў прэтэндэнтаў.
Такім чынам, за прэмію памерам 5 тысяч эўраў пазмагаюцца наступныя пісьменьнікі ды іхныя творы:
Валеры Гапееў («Мая мілая ведзьма»)
Анка Ўпала («На засьнежаны востраў»)
Адам Глобус («Сям’я»)
Вінцэсь Мудроў («Забойца анёла»)
Ганна Кандрацюк («Па Прыпяці па Нобэль»)
Ксенія Шталянкова («Губэранскі дэтэктыў»)
Павал Севярынец («Беларусалім»)
Міхась Зізюк («Планктон»)
Ганна Севярынец («Дзень Сьвятога Патрыка»)
Альгерд Бахарэвіч («Сабакі Эўропы»)
Зараслава Камінская («Русалкі клічуць»)
Уладзімер Арлоў («Танцы над горадам»)
Прэтэндаваць на ўдзел у конкурсе маглі кнігі, напісаныя на беларускай мове, у жанрах мастацкай і дакумэнтальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 сьнежня 2017 году. Прыём заявак быў спынены 31 траўня.
Летась пераможцам стаў аўтар Свабоды Зьміцер Бартосік з кнігай «Жыў у пана верабейка гаварушчы».
Прэмія Гедройця — найбуйнейшая недзяржаўная літаратурная прэмія Беларусі. Дыплём і чэк уручаюцца пачынаючы ад 2012 году за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове. Заснавалі прэмію амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Папярэднія пераможцы
• Павал Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012);
• Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013);
• Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014);
• Віктар Казько з кнігай «Час зьбіраць косьці» (2015);
• Макс Шчур з кнігай «Завяршыць гештальт» (2016);
• Зьміцер Бартосік з кнігай «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017).