Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён кажа: мама, гэта я, а ў мяне сьлёзы цякуць». Людміла Сянцова паразмаўляла з сынам


Людміла Сянцова
Людміла Сянцова

Алег Сянцоў ужо больш за 100 дзён працягвае галадоўку ў расейскай калёніі. Людміла Георгіеўна, маці ўкраінскага рэжысэра, якога ў Расеі абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту, жыве ў Крыме.

Карэспандэнтам Радыё Свабода яна паказвае сінякі на руках: 11 жніўня, калі ёй перадалі чуткі пра вызваленьне Сянцова, яна страціла прытомнасьць. І хоць чуткі засталіся чуткамі, нядаўна Людміла Сянцова ўсё ж здолела пагаварыць з сынам.

12 ліпеня Людміла Сянцова адзначыла юбілей — ёй споўнілася 75 гадоў. Павіншаваць яе прыехаў крымска-татарскі актывіст Нарыман Джэлял, прывёз падарункі ад украінскіх кінэматаграфістаў і проста неабыякавых да лёсу Сянцова людзей. Падарункі для маці Сянцова і яго дзяцей, 15-гадовай Аліны і 12-гадовага Ўлада, перадала і ўкраінская актрыса Рыма Зюбіна. Яна пазнаёмілася з Алегам Сянцова яшчэ ў 2012 годзе і пасьля арышту рэжысёра актыўна перапісваецца зь ім і ўдзельнічае ў грамадзкай кампаніі за яго вызваленьне. У кардонную скрынку акторка паклала ікону з анёлам-абаронцам, крэм, жамчужнае ўпрыгожваньне, дзіцячую сумачку і настольныя падстаўкі з сымболікай кніг пра Гары Потэра.

«Мы не можам зараз выхоўваць дзяцей на тых героях, якія былі 300 гадоў таму. Час мяняецца, зло мяняецца. Кожны з гэтым злом змагаецца па-свойму. Алег змагаецца па-свойму, так, як можа. У сытуацыі, у якой ён апынуўся, большага нельга сабе ўявіць,» — распавяла Зюбіна журналістам праекту «Крым. Реалии».

Разам з падарункамі актрыса са сваімі калегамі Тацьцянай Міхінай, Ганнай Кузінай і Андрэем Маем сабралі для сямʼі Алега Сянцова грошы. Пакуль пасылка ехала ў Крым, грашовая сума ў ёй павялічылася — сродкі сямʼі рэжысэра таксама ахвяраваў народны дэпутат Украіны і былы кіраўнік мэджлісу крымска-татарскага народу Мустафа Джэмілеў.

«Гэта такая радасьць. Ён кажа: „Мама, гэта я!“ Верыце, я казаць не магла, я ж яго даўно не чула. У мяне ўсё трасецца, сьлёзы цякуць, што казаць — наогул не ведаю» — распавяла Людміла Сянцова ў размове з журналістамі «Крым. Реалии». — Потым ужо супакоілася. Ён хацеў з Алінай пагаварыць, а Аліна ў нас у разьездах. Пагаварылі. Потым ён ужо пачаў мне казаць, што рабіць Аліне... Я так засьмяялася, кажу: «Сынок, зараз я зразумела, што гэта ты, што ты жывы, раз ужо ўказаньні нам стаў даваць. Усё нармальна».

Па словах маці Алега Сянцова, падпісанае ёй прашэньне да Уладзіміра Пуціна аб памілаваньні сына прайшло дзьве інстанцыі і ў выніку трапіла ў калёнію, дзе ўтрымліваецца рэжысэр: «Прыйшоў нейкі адказ, што ліст перанакіраваны ў адміністрацыю прэзыдэнта. Другі адказ прыйшоў, што ліст адправілі ў лягер, папраўчую калёнію. І там напісана, што памілаваньне, працэс памілаваньня пачнецца, калі асуджаны сам напіша просьбу аб памілаваньні на імя прэзыдэнта». На пытаньне аб тым, ці пойдзе Сянцоў на гэта, Людміла Георгіеўна адмоўна пахістала галавой.

«Ён і мяне будзе лаяць (за пададзенае прашэньне аб памілаваньні — РС), гэта дакладна. Мне нават знаёмы журналіст патэлефанаваў і кажа: „Як вы думаеце Алег да гэтага паставіцца?“ Ну, а што рабіць, кажу. Я вырашыла, што так лепш будзе, што трэба паспрабаваць. Але з Алегам памірымся як-небудзь».

А пра дзень, калі ў сацсетках зьявілася чутка аб вызваленьні Алега Сянцова, яго маці распавядае так:

«А я ўпала чаму (паказвае сінякі на руках), таму што мне ноччу патэлефанавалі таксама. З гэтага дня я яшчэ ніяк не магу апамятацца. Мне потым патэлефанавалі, папрасілі прабачэньня. Ды я ўсё разумею, ну, бывае. Я ня ведаю, чаму так здарылася».

Людміла Сянцова кажа, што пасьля арышту сына не адчувае сябе пакінутай: «Апошнія два гады, не перастаючы, хтосьці прыяжджае. Хтосьці грошы перадае. Іду сваёй дарогай, кажуць: „Трэба вам ці дзецям 500 рублёў?“ Людзі прыяжджаюць, бачаць мой стары дом, і, напэўна, усім хочацца дапамагчы. Ня трэба нам дапамагаць, у нас ёсьць грошы, разумееце. Добра, вельмі добра да нас ставяцца. І тэлефануюць вельмі часта. Два гады ніхто ня ведаў мой нумар тэлефону. Наташа (стрыечная сястра Алега Сянцова Натальля Кочнева (Каплан) — РС) не давала, мы так дамовіліся. І цішыня была, вядома. Часам было страшна, я ж тэлевізар не гляджу, таму што там жудасна. А зараз хлопцы, крымскія татары, прыехалі, памянялі мне цюнэр. Цяпер у мяне ўкраінскія каналы ёсьць. Ведаю, што зараз проста магу нешта глядзець часам, слухаць хоць бы».

Акцыя каля пасольства РФ у Кіеве 21 жніўня, у 100-ы дзень галадоўкі Сянцова
Акцыя каля пасольства РФ у Кіеве 21 жніўня, у 100-ы дзень галадоўкі Сянцова

Людміла Сянцова не губляе надзеі на тое, што яе сын хутка выйдзе на свабоду: «Мне здаецца, што нешта ўсё ж такі павінна адбыцца. Колькі можна ўжо, толькі Пан Бог за іх (Сянцова і Кольчанку — РС) не прасіў яшчэ, напэўна. Які сэнс трымаць маладых людзей столькі? Я ўвогуле не разумею гэтага».

Маці Аляксандра Кольчанкі, крымскага анархіста, асуджанага разам з Сянцовым на 10 гадоў калёніі, таксама наведвае Людмілу Георгіеўну: «Яна заяжджае да мяне, я-та нікуды не ежджу. Яна ўсё чакае. Тэлефануе, кажа:» Усё будзе добра, мы хлопчыкаў дачакаемся, мы паедзем у Кіеў, мы іх сустракаць будзем".

«Яна прыяжджала са сваёй унучкай як раз на мой дзень нараджэньня, яны не ведалі, проста прыехалі. Пляменьніца Мустафы Джемілева прыехала. Яна таксама аптымістка поўная! Кажа: «Ды вы што? Мы ж са сьмехам цяпер усё ўспамінаем! Вось нашыя бацькі садзяцца, прыгадваюць, як ператрусы праходзілі, рагочуць! І мы дачакаемся такіх часоў!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG