22 жніўня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім атрымала пісьмовы адказ ад міністра фінансаў Уладзімера Амарына на свой запыт адносна беларусізацыі заканатворчасьці, адукацыйнай і мэдыйнай сфэраў.
Дэпутатка прасіла міністра закласьці ў бюджэт-2019 грошы на падрыхтоўку законапраектаў на абедзьвюх дзяржаўных мовах, прадугледзець, каб палова бюджэтных сродкаў у сфэры адукацыі і масавай інфармацыі ішла на пашырэньне беларускай мовы.
«Штогод на ўтрыманьне дзяржаўнага апарату (нарматыўных органаў), устаноў адукацыі і друкаваных выданьняў вылучаюцца значныя сродкі зь дзяржаўнага бюджэту. Пры гэтым бюджэтнае заканадаўства не абмяжоўвае іх права выдаваць нарматыўна-прававыя акты на беларускай мове, а таксама асьвятляць свае пытаньні ў сфэры адукацыі і інфармацыйнай прасторы», — напісаў міністар фінансаў.
Камэнтуючы ягоны ліст, Алена Анісім сказала Свабодзе, што гэта яшчэ адзін прыклад таго, як цяжка прабіваць пытаньні беларусізацыі ў краіне.
«Я зразумела такі адказ як прызнаньне таго, што мае прапановы не ўваходзяць у кампэтэнцыю міністэрства фінансаў. Атрымліваецца даволі дзіўна. Многія высокія чыноўнікі, асабліва ў прыватных размовах, кажуць, што яны асабіста падтрымліваюць пашырэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы. Але рэальнай падтрымкі я зноў не пабачыла», — кажа дэпутатка.
Алена Анісім сказала, што плянуе таксама зьвярнуцца да міністраў адукацыі і інфармацыі.
«Паколькі фінансавых абмежаваньняў на выкарыстаньне роднай мовы няма, буду націскаць на іх асабіста. Але гэта толькі адзін з крокаў», — сказала яна.
Як Анісім лабіруе заканатворчасьць па-беларуску
Змагацца за прыманьне законаў адразу на дзьвюх дзяржаўных мовах — беларускай і расейскай — Алена Анісім пачала яшчэ напрыканцы 2016 году. На яе думку, адсутнасьць усіх законаў на беларускай мове — прамое парушэньне Канстытуцыі, якое не дае грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку. Бо пакуль законаў на беларускай мове няма, пераклады іх ня маюць юрыдычнай сілы.
«Людзі зьвяртаюцца з тым, што іхнія правы парушаюцца, асабліва ў судах, і спасылаюцца на адсутнасьць заканадаўства на беларускай мове. А мы як заканадаўцы, атрымліваецца, самі перашкаджаем іх канстытуцыйнаму праву і абвешчанай роўнасьці моваў», — кажа Алена Анісім.
На круглым стале па беларусізацыі заканадаўства, які праводзіўся сёлета ўвесну ў Палаце прадстаўнікоў, ягоныя ўдзельнікі прызналі — юрыдычных перашкодаў для гэтага няма. Існуюць толькі перашкоды матэрыяльныя.
18 красавіка 2018 году на пленарным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім прапанавала зьмяніць артыкул № 119 рэглямэнту і запісаць, што законы Палата прадстаўнікоў прымае на беларускай і расейскай мовах, а не на беларускай і (альбо) расейскай мовах, як гэта прапісана цяпер.
Старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Леанід Цупрык сказаў дэпутатам, што, на думку камісіі, ініцыятыва Алены Анісім супярэчыць адразу двум законам: «Аб Нацыянальным сходзе» і «Аб мовах». Бо ў абодвух гэтых нарматыўных актах прапісана аб прыняцьці законаў на беларускай і (альбо) расейскай мовах. Такім чынам, прапанову Анісім фактычна заблякавалі яе ж калегі.
27 чэрвеня 2018 году, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, міністар фінансаў Уладзімер Амарын прызнаў, што грошы на законы па-беларуску патрэбныя невялікія. Ён публічна паабяцаў, што калі так вырашыць парлямэнт, грошы знойдуцца.
Цяпер законы ў Беларусі прымаюцца пераважна на расейскай мове.