Больш за 30% выдаткаў бюджэту на эканоміку Беларусі ў студзені–чэрвені пайшло на падтрыманьне сельскай гаспадаркі.
Такія зьвесткі фігуруюць у дакладзе «Аб стане дзяржаўных фінансаў Рэспублікі Беларусі», апублікаваным на сайце Міністэрства фінансаў.
Выдаткі бюджэту ў разьдзеле «Нацыянальная эканоміка», адзначае агенцтва БелТА, за студзень–чэрвень склалі 2,3 млрд рублёў, або 15,4% усіх бюджэтных выдаткаў. 32,8% зь іх было накіравана на падтрыманьне і разьвіцьцё сельскай гаспадаркі.
Згодна з дакладам, аб’ём фінансаваньня сацыяльнай сфэры (ахова здароўя, спорт, культура, СМІ, адукацыя, сацыяльная палітыка), склаў 6,83 млрд рублёў. На адукацыю пайшло 2,88 млрд, ахову здароўя — 2,21 млрд.
У цэлым выдаткі скансалідаванага бюджэту ў студзені–чэрвені прафінансаваныя ў суме 15 млрд рублёў. Гэта на 13,4% больш за ўзровень шасьці месяцаў 2017 году ў грашовым памеры і на 1,1% — у рэальным.