Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сельская гаспадарка Беларусі стратная і што з гэтым рабіць


Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі зьбіраюць бульбу на «прэзыдэнцкім полі»
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі зьбіраюць бульбу на «прэзыдэнцкім полі»

Сёлетняя пасяўная супала з кампаніяй праверак у аграпрамысловым комплексе, якую ініцыяваў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Створаны адмысловыя працоўныя групы кантралёраў — прадстаўнікоў Камітэту дзяржкантролю, Генпракуратуры, МУС і Сьледчага камітэту. Праверкі працягнуцца да 20 красавіка, у тым ліку пасьля пасяўной.

«Правяраюцца розныя праблемныя пытаньні ў сфэры АПК, пра вынікі казаць пакуль зарана», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў Камітэце дзяржкантролю.

Чаму ў сельскай гаспадарцы няма парадку? Чаму, нягледзячы на велізарную дзяржаўную падтрымку, яна застаецца стратнай?

Штогод дзяржава ўкладае ў сельскую гаспадарку да 2 мільярдаў даляраў

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь штогод укладае ў сельскую гаспадарку да 2 мільярдаў даляраў. У 2013-м кіраўнік дзяржавы казаў, што «за апошнія гады» дзяржава інвэставала ў галіну больш як 50 мільярдаў даляраў.

У 2017 годзе чысты прыбытак у сельскай гаспадарцы склаў 384 млн даляраў, а кампэнсацыя дзяржаўнымі органамі праблемных даўгоў у аграрным сэктары — больш за 700 млн даляраў.

Хто вінаваты

«На зямлі няма гаспадара, а таму няма і парадку»

Кіраўнік цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што на зямлі няма гаспадара, а таму няма і парадку. Затое «ёсьць многа нахлебнікаў, якія выкарыстоўваюць грошы дзяржавы, каб проста набіць сабе кішэні».

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Беларуская сельская гаспадарка — гэта царства аграрных баронаў, тых пасярэднікаў, якія стаяць у ланцужку паміж бюджэтам і сялянамі, што працуюць на зямлі. Гэта доўгія ланцужкі, у якія ўлучаны людзі, якія не зацікаўленыя ні ў прыватнай уласнасьці на зямлю, ні ў парадку, ні ў эфэктыўнасьці. Яны хочуць захаваць для сябе гэтую кармушку, празь якую штогод ідзе 1,5–2 мільярда даляраў датацый, апроч розных абаротных рэчаў, на якіх таксама шмат можна зарабіць», — кажа эканаміст.

Паводле Раманчука, ахвяры гэтай касты «баронаў» — вяскоўцы, падаткаплатнікі і спажыўцы прадукцыі, бо цэны ў Беларусі нашмат большыя за ўсясьветныя.

«А паколькі на заканадаўчым узроўні няма лабіста чалавека на зямлі, гаспадара, то ёсьць бардак, які нам падаецца як праект сельскай гаспадаркі, як спосаб захаваньня спажывецкай незалежнасьці, як сацыяльны праект, усё што заўгодна, толькі ня бізнэс».

Яраслаў Раманчук называе хлусьнёй цьверджаньні, што, маўляў, усюды сельская гаспадарка датуецца дзяржавай.

Новая Зэляндыя наагул не датуе сельскую гаспадарку.

«У Беларусі амаль дзьве траціны дабаўленай вартасьці — гэта датацыі сельскай гаспадаркі. У Эўразьвязе гэта максымум 5–10%. І тое там усё жорстка кантралюецца. Новая Зэляндыя наагул не датуе сельскую гаспадарку. І Чылі таксама. Таму гэта хлусьня, якую выкарыстоўваюць нашы аграбароны, каб не ператвараць сельскую гаспадарку ў сучасны бізнэс».

Паводле Раманчука, гэтыя ж «аграбароны» блякуюць і карысныя тэхналягічныя інавацыі.

«А ў нас плугі, антыбіётыкі і шмат чаго, што зьяўляецца проста спосабам ашукаць рынак і пакупнікоў гэтай прадукцыі. Гэта тупік», — лічыць ён.

Што загнала сельскую гаспадарку ў «даўгавую яму»

Паводле дырэктара Інстытуту сыстэмных дасьледаваньняў у аграрна-прамысловым комплексе НАН Беларусі, доктара эканамічных навук, прафэсара Аляксандра Шпака, дзяжпадтрымка сельскай гаспадаркі складае больш за 100 даляраў на адзін гектар. Але рэальна вытворца атрымлівае 40 — астатнія бяруць банкі за крэдыты.

Паводле адмыслоўца, дзяржава не дапамагае гэтай галіне.

«Памятаеце час, калі ў нас былі вельмі нізкія закупачныя цэны? Цэны на харчовыя тавары таксама былі ніжэйшыя, чым у суседніх краінах. І расейцы езьдзілі і везьлі нашу каўбасу ў чамаданах. А цярпелі ад гэтага нашы вытворцы сельгаспрадукцыі. А зь іншага боку, працэнтная стаўка на крэдыты была 30% і вышэй. Гэта былі дарагія крэдыты. І вось гэтыя нізкія цэны і дарагія крэдыты загналі нашу сельскую гаспадарку ў даўгавую яму», — кажа Аляксандар Шпак.

Усяго банкі выдалі сельскай гаспадарцы амаль 3 мільярды даляраў крэдытаў, зь іх 500 мільёнаў даляраў — пратэрмінаваныя. Шмат якія сельгасарганізацыі сутыкнуліся зь фінансавымі цяжкасьцямі. Сабекошт вытворчасьці прадукцыі застаецца занадта адчувальным.

Дырэктар Інстытуту сыстэмных дасьледаваньняў у АПК зьвяртае ўвагу, што ў Галяндыі ў чатыры разы меней сельгасугодзьдзяў, чым у Беларусі, але экспарт складае 92 мільярды даляраў супраць нашых 5 мільярдаў.

Каб змагацца на канкурэнтных рынках, наша прадукцыя павінна быць якаснай і больш таннай

«Бо фактары і ўмовы іншыя. Значыць, патэнцыйныя магчымасьці нашай сельскай гаспадаркі значна большыя. Іншая справа, што экспартаваць прадукцыю складана. Трэба змагацца на канкурэнтных рынках. А для гэтага наша прадукцыя павінна быць якаснай, больш таннай. Неабходна, каб фінансавы стан прадпрыемстваў быў больш устойлівы», — кажа Аляксандар Шпак.

«Яна перакруцілася, але ўсё роўна засталася пажыральнікам грошай»

Эканаміст Міхась Залескі бачыць праблему ў тым, што разьвіцьцё сельскай гаспадаркі Беларусі зарыентавана выключна на расейскі рынак.

Міхась Залескі
Міхась Залескі

«​І калі там нешта здарыцца, то нам будзе кепска. А здараецца там нешта ўвесь час», — кажа эканаміст.

Толькі з прычыны дэвальвацыі расейскага рубля валютная выручка зьменшылася амаль у два разы.

«У сельскай гаспадарцы трэба, каб была ўстойлівасьць, каб чалавек ведаў: тое, што ён пасее і вырасьціць, у яго купяць. А такой упэўненасьці няма».

Паводле Залескага, неэфэктыўнасьць сельскай гаспадаркі ў Беларусі зьвязаная з шэрагам прычынаў.

«У нас не правялі рэструктурызацыю сельскай гаспадаркі пасьля адмены камунізму. І мы дазволілі ёй перагніваць на корані. У выніку вёска поўнасьцю зьнішчана. Мы працягваем рэанімацыю калгаснай сыстэмы. Яна трансфармуецца, перакруцілася, але ўсё роўна засталася пажыральнікам грошай», — кажа Залескі.

Што трэба рабіць

Дыктатура тэхналёгій і вёскі будучыні ад Лукашэнкі

Цягам свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка стала займаецца сельскай гаспадаркай. Аднак праблемаў там не становіцца меней. На нядаўнім сэмінары-нарадзе «Аб разьвіцьці вёскі і павышэньні эфэктыўнасьці аграрнай галіны Беларусі» Лукашэнка зрабіў чатыры асноўныя прапановы пра:

Летась Лукашэнка казаў, што 2018-ы стане «галоўным годам» для беларускай сельскай гаспадаркі.

  • Залесьсе, занядбаны аграгарадок
    Залесьсе, занядбаны аграгарадок

«Зрабіць тое, што зрабіла Новая Зэляндыя»

Яраслаў Раманчук лічыць, што бардак у сельскай гаспадарцы застанецца, пакуль ня будзе добра акрэсьленай і абароненай законам прыватнай уласнасьці на зямлю.

«Трэба прыватызаваць усе гаспадаркі, разгарнуць шмат каапэрацыі, перастаць рэгуляваць цэны. Зрабіць тое, што ў свой час зрабіла Новая Зэляндыя, якая трапіла ў вялікі крызіс. І потым праз рэформы менавіта такога кірунку яны збудавалі самую канкурэнтаздольную гаспадарку ў сьвеце. Прычым яна, безумоўна, стала камэрцыйна выгаднай».

Паводле Раманчука, уцёкі людзей зь сельскай гаспадаркі можна спыніць, калі гэта будзе прыватнае гаспадарства, сямейныя бізнэсы і дынастыі прадпрымальнікаў.

Як Раманчук ставіцца да прапановаў Аляксандра Лукашэнкі?

«Гэта шлях Томаса Мора зь яго ўтопіяй. Проста ня хопіць грошай на рэалізацыю гэтых праектаў, і вёска будзе зарастаць бур'яном», — кажа Яраслаў Раманчук.

Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі рэальна працуюць 2,5 тысячы фэрмэраў. Удзельная вага фэрмэрства ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі — 2%. Доля іх у прыбытку складае больш за 9%. У вузкіх нішах фэрмэры працуюць больш эфэктыўна, чым вялікія гаспадаркі. У сэктары, які ўлічваецца, фэрмэры вырабляюць 30% пладоў, бульбы і больш за 50% гародніны.

«Хвост сабаку адсякаюць у адзін прыём, а ня ў дзесяць»

Міхась Залескі мяркуе, што «пасьля таго, што тут нароблена», для правядзеньня аграрнай рэформы ў Беларусі спатрэбіцца 20–25 гадоў.

«Трэба рабіць тое, што зрабілі ўсе нармальныя людзі, у каторых быў камунізм, а потым скончыўся, — разважае эканаміст. — На пачатку 1990-х мне давялося пабываць на нарадзе кіраўнікоў сельскіх гаспадарак пад Талінам. Дырэктар Латвійскага інстытуту сельскай гаспадаркі Раманаў сказаў адну разумную рэч: хвост сабаку адсякаюць у адзін прыём, а ня ў дзесяць. Яны хвост сваім сабакам адсеклі, кінулі гэныя калгасы, адмовіліся ад камунізму, сталі з галавы на ногі і жывуць як жывуць».

Чаму сельская гаспадарка ў Беларусі чвэрць стагодзьдзя застаецца стратнай

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG