Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэратыўна-аналітычны цэнтар узначаліў экс-кіраўнік Службы бясьпекі Лукашэнкі

абноўлена

На нарадзе з кіраўнікамі сілавых структур 11 сьнежня Аляксандар Лукашэнка назваў новых кіраўнікоў Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Беларусі (ААЦ) і Службы бясьпекі прэзыдэнта, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Новым кіраўніком ААЦ прызначаны Андрэй Паўлючэнка, які дагэтуль амаль год кіраваў Службай бясьпекі прэзыдэнта. Раней Лукашэнка адзначаў, што Паўлючэнка — чалавек дасьведчаны, яму ўласьцівая жалезная выканаўчасьць.

Службу бясьпекі кіраўніка дзяржавы ўзначаліў Дзьмітрый Шахраеў, які раней быў намесьнікам Андрэя Паўлічэнкі на пасадзе начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта.

«Я прашу не шукаць тут падаплёку, — пракамэнтаваў на тэлеканале АНТ дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась. —​ Кіраўнік дзяржавы зыходзіў зь дзелавых якасьцяў аднаго кіраўніка і другога. І гэтае рашэньне, хоць яно і нечаканае для ўсіх, у большай ступені ўлічвае дзелавыя якасьці і магчымасьці аднаго і другога афіцэра».

За што Лукашэнка звольніў кіраўніцтва ААЦ, дагэтуль невядома

У кастрычніку Аляксандар Лукашэнка адхіліў ад пасадаў усё кіраўніцтва і некаторых супрацоўнікаў Апэратыўна-аналітычнага цэнтру «да заканчэньня расьсьледаваньня фактаў», пададзеных Лукашэнку.

Рашэньне было прынятае на падставе прэтэнзіяў камісіі, створанай на даручэньне кіраўніка дзяржавы, якая вывучала дзейнасьць ААЦ.

«Верагодней за ўсё, адстаўкі зьвязаныя з агульнай сытуацыяй, калі нашы аналітычна-інфармацыйныя службы аказаліся не на вышыні падчас манэўраў „Захад-2017“, — казаў у камэнтары Свабодзе вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін. — Тады адбылася жорсткая інфармацыйная бойка паміж расейцамі, беларусамі, Захадам ды Ўкраінай. І тут мы сябе ніяк не паказалі».

ААЦ рэгулюе дзейнасьць «па забесьпячэньні абароны інфармацыі, што ўтрымлівае зьвесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь ці іншыя зьвесткі, якія ахоўваюцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам, ад уцечкі праз тэхнічныя каналы, несанкцыянаваных і ненаўмысных узьдзеяньняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG