Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны на сьмерць «чорны рыэлтар» спыніў галадоўку


Архіўнае фота. Суд над «чорнымі рыэлтарамі» ў Магілёве. Асуджаны да расстрэлу Ігар Гершанкоў у Магілёўскім абласным судзе
Архіўнае фота. Суд над «чорнымі рыэлтарамі» ў Магілёве. Асуджаны да расстрэлу Ігар Гершанкоў у Магілёўскім абласным судзе

Асуджаны на сьмерць «чорны рыэлтар» Ігар Гершанкоў, які амаль два месяцы пратэставаў у сьледчым ізалятары № 1 у Менску супраць цэнзуры ягонай перапіскі, спыніў галадоўку.

Пра паведамляе магілёўскі праваабарончы сайт mspring.online і цытуе словы маці асуджанага Людмілы Гершанковай, якая атрымала ад сына ліст:

Ігар Гершанкоў на фота, распаўсюджаным Сьледчым камітэтам
Ігар Гершанкоў на фота, распаўсюджаным Сьледчым камітэтам

«Наколькі я зразумела, ён скончыў галадоўку, калі атрымаў пасьля двух месяцаў чаканьня адказ з Генэральнай пракуратуры на сваю скаргу аб катаваньнях падчас сьледзтва па сваёй справе. Цяпер ён яшчэ чакае адказ на скаргу ад Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў», — распавяла Людміла Гершанкова.

Ігар Гершанкоў абвясьціў галадоўку 27 чэрвеня. Асуджаны на сьмяротнае пакараньне «чорны рыэлтар» быў незадаволены дзеяньнямі адміністрацыі СІЗА, якая, на ягоную думку, не прапускае карэспандэнцыі ні яму, ні ад яго. Ён заявіў, што перастане галадаць, калі атрымае адказы на свае скаргі з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і Генэральнай пракуратуры. Туды ён зьвярнуўся ў дзень абвяшчэньня галадоўкі.

У сьледчым ізалятары Гершанкова ўтрымліваюць амаль год. Увесь гэты час асуджаны піша скаргі на несправядлівы вырак. Ён сьцьвярджае, што ў яго выбілі прызнаньне падчас сьледзтва ў справе.

За што асудзілі Гершанкова

Паводле сьледзтва, Гершанкоў і трое падзельнікаў цягам шасьці гадоў пераконвалі ўласьнікаў кватэр прадаваць сваё жытло, а пасьля забівалі іх. На вясковых могілках было адшукана шэсьць пахаваньняў і тры яміны, падрыхтаваныя для будучых ахвяраў. Імі станавіліся людзі, якія злоўжывалі алькаголем і мелі цяжкае матэрыяльнае становішча.

Архіўнае фота. У судзе над «чорнымі рыэлтарамі»
Архіўнае фота. У судзе над «чорнымі рыэлтарамі»

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня 2017 году прызнаў Ігара Гершанкова і ягонага падзельніка Сямёна Беражнога вінаватымі:

  • у забойстве 6 чалавек;
  • у падрыхтоўцы да забойства яшчэ траіх;
  • у шэрагу іншых злачынстваў (махлярства, вымаганьне, разбой, захоўваньне наркатычных рэчываў).

Фігурантамі гэтак званай справы «чорных рыэлтараў» былі таксама:

  • жонка Гершанкова Тацяна — яе асудзілі на 24 гады калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці;
  • жыхар Магілёва Барыс Калесьнікаў — атрымаў 22 гады.

Усе чацьвёра абскарджвалі вырак у Вярхоўным судзе, але той пакінуў яго ў сіле.

Гершанкову і Беражнову прыпынілі выкананьне сьмяротнага пакараньня

14 чэрвеня праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў аб прыпыненьні сьмяротнага пакараньня Ігару Гершанкову і ягонаму саўдзельніку Сямёну Беражному. Праваабаронцы спасылаліся на рашэньне намесьніка старшыні Вярхоўнага суду.

У лісьце маці сам Гершанкоў паведамляў, што пісаў скаргу ў Генэральную пракуратуру на праверку ягонай скаргі аб зьбіваньні і псыхалягічным ціску ў ходзе сьледзтва. Рэакцыя нагляднага ведамства і стала падставай, каб часова прыпыніць выкананьне прысуду.

Зварот Гершанкова зарэгістраваны ў камітэце ААН

Паводле каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэя Палуды, камітэт ААН у правах чалавека 13 ліпеня пацьвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Ігара Гершанкова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG