У магілёўскім касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі пасьля больш як 50 гадоў зьявіўся мэханічны арган. На інструмэнт 1928 году, набыты ў Галяндыі намаганьнямі мясцовага біскупа Аляксандра Яшэўскага, пайшло 26 тысяч эўраў. 15 жніўня арган асьвяціў апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр. Дзе той арган, які вывезьлі з Магілёва за савецкім часам, у 1956 годзе, невядома.
Гісторыя магілёўскага аргана паводле біскупа Аляксандра Яшэўскага
— Яшчэ ў XIX стагодзьдзі ў магілёўскім касьцёле Ўнебаўзьзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ўжо быў арган.
— У 1912 годзе стары інструмэнт замянілі іншым, з унікальнымі керамічнымі трубкамі. Такія арганы ў сьвеце, акрамя Магілёва, мелі каталікі ў Ватыкане, Варшаве ды Мэхіка.
— У 1956 годзе арган разабралі і вывезьлі. Зьвестак, дзе ён, няма.
— Ад 1990 году, калі касьцёл перадалі каталіцкай супольнасьці, у сьвятыні граў электронны арган.
— Асьвячоны 15 жніўня арган вырабіў у гатычным стылі ў Галяндыі майстар Леон Вэрсхюрэн дэ Гэйтгёйсэн. Інструмэнту 90 гадоў. Прывезены ў Магілёў інструмэнт майстар збудаваў сорак восьмым. Ягоная фірма была заснаваная ў 1891 годзе.
Набылі арган «за сымбалічную цану»
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі пачаў шукаць арган для магілёўскай сьвятыні ў 2016 годзе. Праз год, кажа сьвятар, ксёндз-канонік Аляксандар Раманчук высьветліў, што ў касьцёле галяндзкага гораду Эйндговэн ёсьць патрэбны інструмэнт на продаж. Экспэрты параілі яго набыць. Разьбіралі яго ў Галяндыі і зьбіралі ў Магілёўскай катэдры адмыслоўцы з Польшчы.
Паводле біскупа Аляксандра Яшэўскага, набыць арган удалося «за сымбалічную цану» 10 тысяч эўраў. Яшчэ 16 тысяч даляраў каштавалі перавоз, рамонт і ўсталяваньне інструмэнта ў касьцёле.
«Гэта была мая ініцыятыва і мае намаганьні. Я шукаў дзе толькі магчыма патрэбныя сродкі, але не хачу прыпісваць заслугі ў набыцьці аргана сабе. Без добразычлівасьці і дапамогі іншых людзей мае намаганьні ніколі не рэалізавалася б», — сказаў у інтэрвію Свабодзе біскуп Яшэўскі.
Біскуп Яшэўскі: «Арган упрыгожыць набажэнствы і ўзбагаціць духоўнае ды культурнае жыцьцё рэгіёну»
На асьвячэньне аргана ў касьцёл прыйшлі некалькі тысяч вернікаў. Узначаліў набажэнства апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Прысутнічалі амбасадар Польшчы Артур Міхальскі ды прадстаўнікі гарадзкой улады.
«Новы арган будзе ўпрыгожваць ня толькі набажэнствы ў старажытнай катэдральнай сьвятыні, але паслужыць узбагачэньню духоўнага і культурнага жыцьця Магілёўскага рэгіёну», — падкрэсьліў у вітальным слове да грамады Аляксандар Яшэўскі.
У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды ён заўважыў: без аргана не адбываецца ніводнае набажэнства. «Гэты інструмэнт, — кажа сьвятар, — дапамагае ня толькі лепш сьпяваць, але і ўзносіць свае думкі да Бога».
Будынак касьцёла ў камунальнай уласнасьці. Доўгі час вернікі дамагаюцца ад улады, каб сьвятыню ім вярнулі, але пакуль марна. Біскуп Аляксандар Яшэўскі перакананы, што некалі касьцёл стане ўласнасьцю каталіцкай супольнасьці.
«Мы ідзём у тым кірунку і вядзём перамовы, — кажа сьвятар. — Калісьці сьвятыня была ўжо перададзеная вернікам, але пасьля суд зь нейкай прычыны вярнуў яе ў гарадзкую ўласнасьць. Верым, што нам вернуць будынак касьцёла, бо гістарычна ён наша маёмасьць».
Узьведзены ў 1752 годзе касьцёл Найсвяцейшай Панны Марыі савецкая ўлада зачыніла ў 1937 годзе. Маёмасьць разрабавалі, а ў будынку разьмясьцілі гістарычны архіў. У 1946 годе тут быў склад. Ад 1964 да 1986 году — зноў архіў. Інтэр’ер касьцёла на той час быў зьнішчаны. Яго часткова аднавілі, калі сьвятыню перадалі вернікам. У 1996 годзе касьцёл нанава асьвяціў кардынал Казімер Сьвёнтак. У 2017 годзе на касьцёле зьявіліся званы.