Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў запрасіла амэрыканскага дэпутата ў Беларусь


Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук
Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук

Палата прадстаўнікоў запрашае амэрыканскага дэпутата Робэрта Пітэнджэра зь візытам у Беларусь. Пра гэта 9-га жніўня паведаміў журналістам намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук.

«Мы зацікаўленыя ў кантактах з калегамі са Злучаных Штатаў, нам трэба знаходзіць пункты паразуменьня», — патлумачыў Пірштук.

Як стала вядома Свабодзе, запрашэньне амэрыканскаму дэпутату наведаць Беларусь зь візытам афіцыйна аформілі і праз рашэньне савету Палаты прадстаўнікоў. Можна зразумець, гэта зроблена дзеля таго, каб надаць запрашэньню яшчэ большую моц і прывабнасьць для амэрыканца.

Робэрт Пітэнджэр зьяўляецца старшынём мэтавай групы Кангрэсу ЗША ў пытаньнях тэрарызму і нетрадыцыйных мэтадаў вядзеньня вайны. Палата прадстаўнікоў прапануе амэрыканскаму калегу прыехаць у Беларусь у зручны для яго час.

Пяць дэпутацкіх законапраектаў

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка сёньня паведаміў, што ў Палаце знаходзяцца ўжо 37 законапраектаў. Цікава, што 5 зь іх падрыхтаваныя дэпутатамі — найвялікшая колькасьць за ўвесь час існаваньня Палаты прадстаўнікоў.

Два законапраекты тычацца эканамічных пытаньняў, тры падрыхтавалі прадстаўнікі камісіі па экалёгіі, прыродакарыстаньні і чарнобыльскай катастрофе.

Акрамя таго, на восеньскай сэсіі дэпутаты зьбіраюцца правесьці некалькі парлямэнцкіх слуханьняў. Першае зь іх будзе тычыцца павелічэньня інвэстыцыйнай прывабнасьці Беларусі. Паводле Баляслава Пірштука, яшчэ ня ўсе дакумэнты, на якія разьлічвалі дэпутаты, паступілі з ураду. Так, у прыватнасьці, пакуль няма матэрыялаў, якія тычацца Кодэксу аб адукацыі, хоць Палата і спадзяецца разгледзець іх у канцы восеньскай сэсіі. Таксама яшчэ няма зьменаў у Падатковы кодэкс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG