Колькасьць расейцаў, якія падтрымліваюць замежную палітыку прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, за два гады зьнізілася з 22 да 16 адсоткаў. Пра гэта піша РБК са спасылкай на дадзеныя апытаньня «Левада-цэнтру».
Адначасова зьнізілася і колькасьць тых, хто лічыць, што Пуцін абараняе расейскія дзяржаўныя інтарэсы. Два гады таму так лічыла чвэрць рэспандэнтаў, цяпер — 17 адсоткаў.
Адказваючы на пытаньне, чым ім не падабаецца прэзыдэнт, 16 % расейцаў адзначылі, што Пуціну «чужыя інтарэсы народа», а 14 % — што ён «зьвязаны з карумпаванымі палітыкамі».
У той жа час сацыёлягі «Левада-цэнтру» зафіксавалі рост колькасьці расейцаў, якія лічаць Пуціна дасьведчаным палітыкам — з 33 % у 2016-м да 49 % у ліпені 2018 году.
У чэрвені «Левада-цэнтар» апублікаваў дадзеныя апытаньня, згодна зь якімі каля паловы расейцаў (51 %) хацелі б бачыць Уладзіміра Пуціна на пасадзе прэзыдэнта краіны пасьля 2024 году. Колькасьць тых, хто гэтага не жадае, склала 27 %.