Кіраўніцтва Беларусі, як птушка ў сілé, б’ецца над рэфармаваннем айчыннага аграпрамысловага комплексу. У высокія кабінэты едуць з дакладамі «губэрнатары», разважаюць пра нераўнамернасьць пасьпяваньня збажыны ў паўднёвых і паўночных раёнах. Прыкідваюць, як кукурузай перакрыюць увосень недаўраджай жыта ды ячменю.
У Польшчы, Нямеччыне, Францыі ды Гішпаніі, якія сёлета таксама пацярпелі ад капрызаў надвор’я, наўрад ці дадумаюцца да жытне-кукурузнай ракіроўкі. А у нас, бач, датумкалі. Беларускім вяскоўцам варта толькі паднапружыцца, сабраць усё да зярнятка, каб, калі што якое, і паляку зь немцам свой бохан прапанаваць.
Як тое напружаньне ў жылах і цягліцах адаб’ецца на фінсавым стане саміх аратых ды жнеяў, пакуль невядома.
Сукупная запазычанасьць калгасаў і саўгасаў наблізілася да пагрозьлівай для аграэканомікі сумы — паўмільярда рублёў.
На ліпеньскай нарадзе ў Аляксандара Лукашэнкі, прысьвечанай «аздараўленьню» сельгасгаспадарак, прыводзіліся досыць невясёлыя факты. Пасьля шматлікіх «вакцынацый» звыш паловы калгасаў і саўгасаў, якія цяпер называюцца СВК, КСУПамі і нават ААТ, усё яшчэ гібеюць без «фінансавых іньекцый». Сукупная іх запазычанасьць наблізілася да пагрозьлівай для аграэканомікі сумы — паўмільярда рублёў. Даўгі гэтыя для чарговага «аздараўленьня» неаздароўленых ад ранейшых распараджэньняў гаспадарак у новым праекце ўказу прапануецца падоўжыць на тры-пяць і нават восем галоў.
Падахвоціць крызісных кіраўнікоў да выцягваньня з пазык збанкрутаваных калгасаў і саўгасаў маюць праз продаж ім «чвэрці плюс 1 акцыя». Натуральна, па льготнай цане.
Такі намер нагадвае асьцярожны паварот у кірунку фармаваньня ў вёсцы новага ўласьніка. Праўда, толькі на «адну чвэрць».
Як тураўскі фэрмэр стварыў з адсталага калгасу пасьпяховую гаспадарку на эўрапейскі ўзор
Прапанаваны варыянт, аднак, новым назваць можна хіба толькі ўмоўна. Яго даўно апрабаваў тураўскі фэрмэр Міхаіл Шруб. І не на «адну чвэрць», а напоўніцу.
Акурат паўтара дзесяцігодзьдзя таму жыхары вёскі Хільчыцы Жыткавіцкага раёну ўзбунтаваліся cупраць свайго збанкрутаванага калгасу «Шлях да камунізму» і ўсе гуртам перайшлі да свайго земляка, мясцовага фэрмэра Міхаіла Шруба. Спатрэбілася ажно пяць агульных сходаў вяскоўцаў, каб калгасу зь яго мільённымі пазыкамі дазволілі далучыцца да фэрмэра. Супраціўляліся гэтаму найперш мясцовыя чыноўнікі ды спэцыялісты Міністэрства сельскай гаспадаркі, у шэрагу якіх быў і вядомы цяпер эканаміст-хакеіст Сямён Шапіра.
Міхаілу Рыгоравічу Шрубу ў нейкім сэнсе пашэнціла. Праз гады ён дазнаўся, што аналітычную запіску зь ягоным мэтадам рэфармаваньня сельгасвытворчасьці паклалі вышэйшай дзяржаўнай асобе ня ў тэчку «адмоўны досьвед», як меркавалася, а ў станоўчыя прыклады.
Наведваючы ўлетку 2010 году сялянскую гаспадарку Шруба, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра магчымае разьвіцьцё прыватнай ініцыятывы. І гэтае разьвіцьцё мела ажыцьцяўляцца праз стварэньне «прыватных холдынгаў». Выказвалася нават прапанова фэрмэру ўзяць на балянс яшчэ некалькі гаспадарак і стаць на чале такога аграхолдынгу. На тым усё і скончылася.
З аднаго боку, дзяржава зацікаўленая пазбавіцца ад стратных калгасаў, а з другога, ніяк ня хоча мірыцца з тым, што дзяржаўныя землі пяройдуць пад поўны кантроль прыватніка. Нават не ва ўласнасьць, а проста пад кантроль.
Міхаілу Шрубу, нягледзячы на публічную прапанову Аляксандра Лукашэнкі, спатрэбілася цэлых сем гадоў, каб атрымаць на разьвіцьцё сваёй сялянскай гаспадаркі дадатковых тысячу гектараў зямлі. І далі яе чыноўнікі на левабярэжжы Прыпяці — за 70 кілямэтраў ад Хільчыц, цэнтру сялянскай гаспадаркі прыватніка.
«Дзякуй, вядома, і за гэта, — кажа Шруб. — Хоць я не разумею, навошта так караць і людзей, і краіну? Транспартныя ж расходы перамелюць усе працоўныя здабыткі».
Выкупіўшы калгас за ягоныя даўгі, Міхаіл Рыгоравіч не згарнуў гаспадарку ў валізку і ня вывез у цёплы Кіпр.
Выкупіўшы колісь калгас за ягоныя даўгі, Міхаіл Рыгоравіч не згарнуў гаспадарку ў валізку і ня вывез у цёплы Кіпр. Стварыў у роднай вёсцы высокаэфэктыўную вытворчасьць на эўрапейскі ўзор — тэхналёгіі, машыны, абсталяваньне. Яны, дарэчы, у сялянскай гаспадарцы з Галяндыі, Францыі, Нямеччыны, Даніі, Чэхіі, Італіі.
Перш чым узводзіць сьвінакомплекс, Шруб аб’ехаў ці не палову Эўропы, вывучаючы тамтэйшы досьвед. Пабудаваў і сучасны цэх перапрацоўкі мяса. Комплекс працуе ўжо амаль дзесяць гадоў, дае 1,3 тысячы тон сьвініны, а Шруб быў на ім за гэты час лічаныя разы. Няма патрэбы, бо ўсе парамэтры і паказьнікі кіраўнік сялянскай гаспадаркі можа ў любы час паглядзець у сваім мабільным тэлефоне.
Колішні калгас «Шлях да камунізму» ва ўпартых «бітвах за ўраджай» здабываў за сэзон 600 тон збожжа і 30 тон бульбы. Гаспадарка Шруба вырошчвае зараз 15 тысяч тон гародніны, каля 80 адсоткаў якой прадае на экспарт. У гаспадарцы 3 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку чатыры сотні кароў. Тут дояць 800 тон малака за месяц, у той час як колішні калгас не атрымліваў столькі за цэлы год.
У Жыткавіцкім раёне ўсе КСУПы і СПК атрымалі летась разам крыху больш за 18 тысяч рублёў прыбытку, а гаспадарка Шруба — 2 мільёны.
Альбо такі факт. У Жыткавіцкім раёне ўсе КСУПы і СПК атрымалі летась разам крыху больш за 18 тысяч рублёў прыбытку, а гаспадарка Шруба — 2 мільёны. Сярэдні заробак у фэрмэрскай гаспадарцы, дзе працуе 158 чалавек, дасягнуў тысячы рублёў, хоць многія атрымліваюць нашмат больш.
Не пакінуў фэрмэр без увагі і вясковых пэнсіянэраў, інвалідаў, работнікаў сацыяльнай сфэры сваёй малой радзімы. Падлічана: за апошнія дванаццаць гадоў сялянская гаспадарка Шруба аказала ім паслуг і дапамог на мільён даляраў. Ніхто гэтага рабіць фэрмэра не абавязваў, не падштурхоўваў. Такую ношу ў дачыненьні землякоў Шруб узяў на сябе добраахвотна, бо адказвае за былы калгас і яго работнікаў не «на чвэрць», а цалкам.
Разьвіваецца прыватная сялянская гаспадарка і ў іншых кірунках. Мае сваю гандлёвую сетку, кавярню «Будзьма», аграсядзібу «Тураўскія легенды». Гандаль, экалягічны й гістарычны турызм наладжваюць дачка і сын Міхаіла Шруба — яны, адвучыўшыся ў Менску ў БДУ, вярнуліся ў Тураў, каб дапамагаць бацьку.
Прыклад Міхаіла Шруба паказвае, як праз прыватную ініцыятыву можна ствараць у вёсцы эфэктыўную вытворчасьць, адраджаць малую радзіму не на словах, а на справе.
Безь зямлі і волі
Экспэрт у галіне АПК Аляксандар Ярашук на старонках газэты «Беларусы і рынак» выказаўся пра чарговае «фінансавае аздараўленьне» сельгасгаспадарак. На яго думку, асноўная прычына іх крытычнага стану «хаваецца ў тым, што ў Беларусі не прызнаецца права прыватнай уласнасьці ў сельскай гаспадарцы, уключаючы права прыватнай уласнасьці на зямлю». Непасьлядоўныя і палавіністыя рашэньні ня выратуюць сытуацыю, лічыць Ярашук. Як дадуць кіраўнікам СВК 25 адсоткаў акцый, так і забраць могуць.
Асноўная прычына крытычнага стану АПК «хаваецца ў тым, што ў Беларусі не прызнаецца права прыватнай уласнасьці ў сельскай гаспадарцы».
Апроч таго, улады наўмысна маніпулююць грамадзкай сьвядомасьцю, сьцьвярджаючы, што толькі калгасы ды саўгасы могуць уяўляць сабою «буйную сельскагаспадарчую вытворчасьць», хоць досьвед рэфармаваньня дзяржаўных гаспадарак у ГДР і Польшчы гэта абвяргае. Буйнымі таварнымі гаспадаркамі там акурат сталі прыватныя сельгаспрадпрыемствы. Зрэшты, не заўважаць беларускую сялянскую гаспадарку Міхаіла Шруба таксама не выпадае.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.