Расейскі друк апублікаваў новыя дадзеныя аб ваеннай тэхніцы, якая ёсьць на ўзбраеньні груповак баевікоў «ЛНР» і «ДНР». Колькасьць атрыманай ад Расеі тэхнікі ўражвае. Па падліках журналістаў, у баевікоў — сотні танкаў, бронемашын і артылерыйскіх установак. Але наколькі гэтыя лічбы адпавядаюць рэчаіснасьці? Што з сябе ўяўляюць гэтыя групоўкі на пятым годзе вайны? І да чаго яны рыхтуюцца? Адказы — у матэрыяле журналістаў спэцыяльнага праекту Радыё Свабода «Донбасс. Реалии».
Узброеныя сілы груповак «ЛНР» і «ДНР» складаюцца зь першага і другога «армейскіх карпусоў», якія дзейнічаюць у Данецкай і Луганскай абласьцях. Паводле ўкраінскай выведкі, сёньня іх агульная колькасьць дасягнула амаль 35 000 чалавек.
У Галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны сьцьвярджаюць, што ў кіроўным складзе «карпусоў» мясцовых жыхароў няма ўжо даўно.
«Каля 750 кадравых афіцэраў і генэралаў Узброеных сіл Расеі на сёньняшні дзень займаюць кіроўныя пасады ў першым і другім „армейскіх карпусах“. Гэта найбольш важныя пасады» — расказаў у камэнтары Радыё Свабода прадстаўнік ГУР Украіны Вадзім Скібіцкі.
Баевікі першага і другога «армейскіх карпусоў» падзеленыя на 9 «брыгад», 5 асобных «палкоў», 14 «батальёнаў», асобныя «роты» і «батальёны тэрытарыяльнай абароны».
«Гэта звычайныя "сухапутныя злучэньні". Іх узбраеньне сфармавана па ўзоры савецкай або расейскай арміі» — кажа экспэрт Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня Ігар Федзік.
Узбраеньне баевікоў у лічбах
У вайсковай выведцы Ўкраіны падлічылі: на ўзбраеньні баевікоў зараз 475 танкаў, каля тысячы (948) баявых браніраваных машын, 762 артылерыйскіх сыстэм і больш за 200 (208) рэактыўных сыстэм залпавага агню. Такім чынам колькасьць танкаў на ўзбраеньні баевікоў перавышае аналягічныя паказчыкі армій такіх краін-чальцоў NATO, як Вялікабрытанія, Нямеччына ці Францыя.
«Ваенная выведка разглядае гэтыя два „корпусы“ як складовую частку групоўкі, якую Расея разгарнула на нашым данецкім кірунку. Сыстэма кіраваньня зьвязаная і непасрэдна замыкаецца на Паўднёвай вайсковай акрузе — гэта па-першае. Па-другое, усё што тычыцца кіраваньня, падрыхтоўкі, забесьпячэньня і наогул арганізацыі паўсядзённай дзейнасьці — гэта робіцца з Паўднёвай вайсковай акругі РФ» — тлумачыць прадстаўнік ГУР Украіны Вадзім Скібіцкі.
Хоць аснову ўзбраеньня «армейскіх карпусоў» груповак «ЛДНР» складае яшчэ савецкая тэхніка, ня рэдкасьць на акупаваных тэрыторыях і сучаснае расейскае ўзбраеньне. За чатыры гады вайны валянтэрская супольнасьць InformNapalm зафіксавала на Данбасе 44 узоры расейскай тэхнікі, якія ніколі не былі на ўзбраеньні Узброеных сіл Украіны.
«Першае — гэта так званая ваенная тэхніка масавага выкарыстаньня. Гэта як вайсковыя цягачы, накшталт найноўшых Камазаў «Мустанг», гэтак і БРТ-82. Другі клястэр — гэта тэхніка, якая выкарыстоўваецца толькі расейскімі вайскоўцамі. Яскравым прыкладам зьяўляецца выкарыстаньне беспілётных лятальных апаратаў тыпу «Гранат-1», «Гранат-2». Трэці тып — гэта досыць дарагая і тэхналягічная зброя, гэта ўжо комплексы РЭБ, комплексы разьмініраваньня. Тут мы гаворым пра «Житель», «Свет-КУ», «Ртуть-БМ», комплекс «Борисоглебск», — кажа сьпікэр супольнасьці Informnapalm Міхайла Макарук.
Расейцы сярод баевікоў
Ва ўкраінскай ваеннай пракуратуры заяўляюць, што колькасьць расейцаў у групоўках дасягнула 11 тысячаў, пры гэтым тры тысячы — гэта кадравыя расейскія вайскоўцы. Валянтэры за час канфлікту ідэнтыфікавалі прадстаўнікоў больш за 90 розных ваенных падразьдзяленьняў Расеі.
«Гэта як асобныя вайсковыя часткі, гэтак і злучэньні, а таксама асобныя батальёна-тактычныя групы, якія былі сфармаваныя на тэрыторыі Расеі і былі перасунутыя на тэрыторыю Ўкраіны. Мы фіксавалі часткі СПА, марской пяхоты, Ваенна-марскога флёту, войскаў сувязі, сухапутных войскаў, войскаў спэцыяльнага прызначэньня Галоўнага ўпраўленьня разьведкі» — працягвае Міхайла Макарук.
Раней у СБУ заяўлялі, што ім вядома пра амаль дзьве сотні (195) трэніровачных баз, дзе праходзілі падрыхтоўку баевікі: 54 зь іх — у Расеі, 30 — на тэрыторыі акупаванага Крыму і 111 на падкантрольных групоўкам «ЛДНР» тэрыторыях. Прадстаўнікі ваеннай разьведкі заяўляюць, што цяпер вайсковыя карпусы ўзмоцнена праводзяць навучаньне і гатовыя да актыўных баявых дзеяньняў.
«Іх узровень досыць высокі. Ёсьць навучальныя цэнтры, палігоны ў кожнай брыгадзе, у кожным палку, дзе ўвесь час праходзяць мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі. Гэта зладжваньне „узводаў“, „рот“, правядзеньне баявых стрэльбаў танкавых „падразьдзяленьняў“, артылерыйскіх, падрыхтоўка снайпэраў» — кажа прадстаўнік ГУР Украіны Вадзім Скібіцкі.
Экспэрт Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня Ігар Федзік да гэтага дадае: гэтага цалкам можа хапіць для наступу.
«І колькасьць асабовага складу, і колькасьць вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня зьяўляюцца дастатковымі для таго, каб наступаць на нейкім пэўным кірунку. Усё залежыць ад таго, якая ім будзе паступаць каманда: калі паступіць зьверху каманда падтрымліваць градус напалу — яны будуць падтрымліваць, калі будзе каманда аслабіць — аслабяць, калі будзе каманда ісьці на прарыў — яны пойдуць на прарыў» — тлумачыць экспэрт.
Ваенныя экспэрты не вераць, што «вайсковыя карпусы груповак «ЛДНР» здольныя на маштабныя самастойныя дзеяньні на перадавой — толькі ў зьвязку з рэгулярнымі падразьдзяленьнямі Расеі.
«Яны самастойна доўга дзейнічаць супраць Узброеных сіл Украіны не змогуць. Іх роля палягае ў тым, каб уступіць у бой, увязацца ў баявыя дзеяньні, абяскроўліваць, а ўсё астатняе даробяць падрыхтаваныя для гэтага дастаткова магутныя сілы, якія знаходзяцца за мяжой — на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі» — заўважае былы намесьнік начальніка Генштаба ВСУ Ігар Раманенка.
У 2018 годзе міністар абароны Ўкраіны Сцяпан Палтарак паведаміў, што на мяжы з Украінай расейцы засяродзілі 77 тысяч вайскоўцаў.