Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Расея «прымушала Грузію да міру». Фотарэпартаж да 10-годзьдзя вайны


Дзесяць гадоў таму, у жніўні 2008, пачалася вайна паміж Расеяй і Грузіяй.

Перадумовы канфлікту зарадзіліся яшчэ ў 90-х, калі сэпаратысцкія раёны Абхазія і Паўднёвая Асэтыя абвясьцілі сваю незалежнасьць ад Грузіі. Ужо тады паміж грузінскімі ўладамі і непадкантрольнымі ім рэгіёнамі адбываліся ваенныя сутыкненьні. Неўзабаве Расея, якая падтрымлівала сэпаратыстаў, навязала Грузіі пагадненьне аб чатырохбаковым урэгуляваньні канфлікту пры ўдзеле Грузіі, Паўднёвай і Паўночнай Асэтыі і Расеі.

Расейскія танкі едуць па вуліцы ў Цхінвалі. 30 жніўня 2008
Расейскія танкі едуць па вуліцы ў Цхінвалі. 30 жніўня 2008

У 1992-2007 гадах Асэтыя існавала дэ-факта незалежна ад грузінскіх уладаў. Пры гэтым Грузія лічыла гэтыя тэрыторыі сваімі, але актыўна не спрабавала ўсталяваць там свой кантроль аж да прыходу Міхаіла Саакашвілі на пасаду прэзыдэнта. Ён абвясьціў курс на аднаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі.

Грузінскія салдаты займаюць пазыцыю каля вёскі Эргнэці ў Паўднёвай Асэтыі. 5 жніўня 2008
Грузінскія салдаты займаюць пазыцыю каля вёскі Эргнэці ў Паўднёвай Асэтыі. 5 жніўня 2008

Расея ў гэты пэрыяд прыняла новы закон аб грамадзянстве: больш 2/3 абхазцаў і 80% асэтынцаў атрымалі расейскія пашпарты.

У 2008 годзе адносіны Грузіі з Паўднёвай Асэтыяй і Расеяй, якая цесна супрацоўнічала зь непадкантрольнымі тэрыторыямі, рэзка пагоршыліся. У ліпені-жніўні ў зоне канфлікту пачаліся абстрэлы, быў узарваны аўтамабіль грузінскіх паліцэйскіх.

Параненая жанчына ў горадзе Горы, 80 кілямэтраў ад Тбілісі. 9 жніўня 2008
Параненая жанчына ў горадзе Горы, 80 кілямэтраў ад Тбілісі. 9 жніўня 2008

7 жніўня Саакашвілі загадаў пачаць ваенную апэрацыю супраць сэпаратыстаў у Паўднёвай Асэтыі. Грузінская артылерыя абстраляла Цхінвалі, пасьля чаго войскі паспрабавалі ўсталяваць там кантроль. Расея ўстала на бок сэпаратыстаў, а прэзыдэнт Мядзьведзеў пачаў апэрацыю па «прымусе Грузіі да міру».

Калёна расейскіх салдат, якія рухаюцца на Цхінвалі, ненадоўга спынілася на дарозе. 9 жніўня 2008
Калёна расейскіх салдат, якія рухаюцца на Цхінвалі, ненадоўга спынілася на дарозе. 9 жніўня 2008

Раніцай 8 жніўня расейская авіяцыя нанесла ўдары па цэлях на тэрыторыі Грузіі, паведамлялася аб 60 загінуўшых мірных жыхарах. У краіне на 15 дзён увялі ваеннае становішча.

Шпіталь у Цхінвалі, сталіцы Паўднёвай Асэтыі. 10 жніўня 2008
Шпіталь у Цхінвалі, сталіцы Паўднёвай Асэтыі. 10 жніўня 2008

10 жніўня ішлі баі каля Цхінвалі, авіяцыя РФ бамбіла навакольлі Тбілісі. Грузія заявіла, што адклікае войскі з Паўднёвай Асэтыі, і прапанавала спыніць вайну. Расея запатрабавала падпісаць пагадненьне аб непрымяненьні ваеннай сілы. 11 жніўня расейскія сілы праз непадкантрольныя тэрыторыі ўвайшлі на тэрыторыю Грузіі.

Грузінскія ўцекачы на грузавіках зьязджаюць з Тбілісі, каб пазьбегнуць сустрэчы з расейскімі вайскоўцамі. 13 жніўня 2008
Грузінскія ўцекачы на грузавіках зьязджаюць з Тбілісі, каб пазьбегнуць сустрэчы з расейскімі вайскоўцамі. 13 жніўня 2008

12 жніўня ў грузінскім Горы прайшлі бамбаваньні з ужываньнем касэтных бомбаў. Загінулі ня менш за восем чалавек, у тым ліку галяндзкі журналіст. Афіцыйная экспэртная камісія Нідэрляндаў прызнала, што атаку вяла расейская армія. Расея гэта адмаўляе. У гэты дзень актыўныя баявыя дзеяньні скончыліся.

16 жніўня прэзыдэнт РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісаў плян па мірным ўрэгуляваньні грузіна-асэтынскага канфлікту, які паклаў канец вайне.

Пахаваньне загінулага на вайне, Уладзікаўказ, Паўночная Асэтыя. 12 жніўня 2008
Пахаваньне загінулага на вайне, Уладзікаўказ, Паўночная Асэтыя. 12 жніўня 2008

За час баявых дзеяньняў Грузія страціла больш за 400 чалавек, расейскі бок — каля 70. Пасьля вайны Расея прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Усьлед за Расеяй гэта пакуль зрабілі яшчэ чатыры дзяржавы, у тым ліку Нікарагуа і Науру.

Грузія лічыць сэпаратысцкія Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае РФ у парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны. Сам факт прызнаньня незалежнасьці двухрэгіёнаў яна называе часткай іх анэксіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG