У суботнім кніжным аглядзе Свабоды — пра два пераклады твораў беларускіх аўтараў, якія выйшлі ў замежных выдавецтвах.
A Large Czesław Miłosz with a Dash of Elvis Presley by Tania Skarynkina
Днямі ў Вялікай Брытаніі выйшла кніга Тані Скарынкінай A Large Czesław Miłosz with a Dash of Elvis Presley. Гэта пераклад на ангельскую мову яе кнігі эсэяў «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі», якая адразу пасьля выданьня ў 2015 годзе прынесла аўтарцы шырокую вядомасьць ня толькі на радзіме. Ёю зацікавіўся прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту, знаны ангельскі беларусіст Джым Дынглі, які і зрабіў пераклад. Дарэчы, многія з гэтых эсэяў друкаваліся на сайце Свабоды.
У анонсе да кнігі напісана, што ў гісторыях Тані Скарынкінай жыцьцё малога беларускага мястэчка спалучана з развагамі пра сусьветную літаратуру. Седзячы ля акна са шклянкай журавінаў у цукровым сыропе, купленых у супэрмаркеце ў жанчыны, якая запэўнівае, што ягады прывезеныя з Карэліі, аўтарка думае:
«Магчыма, калі зьесьці іх, яны зробяць нейкі добры эфэкт. Можа быць, сьпірытычны? Я зьем, і журавіны створаць нейкую магію ўва мне».
Скарынкіна падахвочваецца на апошнія грошы ехаць у Кракаў, каб сустрэцца з Чэславам Мілашам. Але не знаходзіць ягонага адрасу, і ён застаецца для яе гэткім самым ідалам зь мінулага, як і Элвіс Прэсьлі ў залатой аздобе.
Песьні смаргонскага акына, або Уварваньне ва ўласны сусьвет
Кожная гісторыя мае шарм і асабістую загадку аўтаркі, пішуць брытанскія выдаўцы. Кніга складаецца з успамінаў смаргонскага маленства, пераплеценых з роздумам пра паэзію, філязофію і культуру наогул. «Сьвежая і прывабная — гэта акно ў іншае жыцьцё».
Брытанская кніга беларускай пісьменьніцы заяўленая да ўдзелу ў Эдынбурскім міжнародным кніжным фэсьце. Аўтарку запрасілі на прэзэнтацыю, якая адбудзецца 19 жніўня.
Чытачка Скарынкіна: Кнігі прыходзяць неяк самі
Прадстаўляць Таню Скарынкіну будзе адзін зь вядучых брытанскіх журналістаў Рэтэр Рос. Свой выбар арганізатары тлумачаць тым, што гэтыя аўтары шмат у чым падобна праяўляюцца ў сваіх творах. Рэтэр Рос — аўтар кнігі «Палкасьць Гары Бінга». «Гэта калекцыя бліскучых інтэрвію пра надзвычайны брытанскі характар, а кніга „Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі“ зьмяшчае неадназначныя абразкі з жыцьця польска-беларускага памежжа», — пішуць выдаўцы.
Кніга Тані Скарынкінай — гэта першае яе выданьне ў Вялікабрытаніі.
Julia Cimafiejewa. Cyrk i inne wiersze
Кніга беларускай паэткі і перакладчыцы Юліі Цімафеевай Cyrk i inne wiersze выйшла ў Польшчы некалькі месяцаў таму. У чэрвені яе прэзэнтавалі ў Любліне на фэстывалі Wschód Kultury — Inne Brzmienia. Гэта кніга-білінгва ў перакладзе Богдана Задуры. Вядомы польскі паэт выступіў ня толькі перакладчыкам, але і ўкладальнікам кнігі.
У кнігу ўвайшлі ўсе вершы з другога зборніка Цімафеевай «Цырк» і некалькі вершаў з дэбютнага — «Кніга памылак», а таксама 5 новых вершаў, якія раней не друкаваліся.
Кніга беларускай паэткі зьявілася ў выдавецкай сэрыі Wschodni Express выдавецтва Warsztaty Kultury.
Летась у гэтай самай выдавецкай сэрыі выйшлі кнігі двух беларускіх аўтараў. Андрэя Адамовіча ў перакладзе Богдана Задуры — адразу дзьве: Dzień poezji śmierci dzień і Tłuścioch i leszcz («Дзень паэзіі сьмерці дзень»; «Таўсьціла і лешч»). А таксама Mały leksykon medyczny wg Bacharewicza («Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча», перакладчыца — Міра Лукша). Беларускі арыгінал аўтарства Альгерда Бахарэвіча выйшаў у 2011 годзе ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».