Партыя БНФ прапануе не працягваць дамовы арэнды Расеяй у Беларусі двух аб’ектаў: вузлу сувязі ВМФ Расеі «Вілейка» і радыёлякацыйнай станцыі «Волга» (вузел «Баранавічы») у складзе расейскай сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе.
Мінабароны і Савет бясьпекі Беларусі прыслалі свае адказы на зварот Партыі БНФ наконт набліжэньня да заканчэньня тэрміну знаходжаньня ў Беларусі вайсковых аб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі.
Цяпер на тэрыторыі Беларусі разьмешчаныя два расейскія вайсковыя аб’екты: 43-і вузел сувязі ВМФ Расеі «Вілейка» (радыёстанцыя «Антэй») побач зь Вілейкай і радыёлякацыйная станцыя «Волга» дэцымэтровага дыяпазону (вузел «Баранавічы») у складзе расейскай сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе, разьмешчаная на поўнач ад Ганцавіч. Знаходжаньне гэтых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі рэгулюецца міжнароднымі дамовамі, заключанымі ў 1995 годзе паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расейскай Фэдэрацыі. Тэрмін дзеяньня гэтых пагадненьняў складае 25 гадоў і неўзабаве заканчваецца.
Расейскія вайсковыя аб'екты ў Беларусі
У сваім адказе на зварот Партыі БНФ міністар абароны Рэспублікі Беларусь Андрэй Раўкоў паведаміў, што пагадненьні пра разьмяшчэньне названых вайсковых аб’ектаў уступілі ў сілу для Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1996 году (і, адпаведна, дзейнічаюць да 7 чэрвеня 2021 году), а пра намер адмовіцца ад працягу гэтых дамоваў Рэспублікі Беларусь можа паведаміць расейскаму боку ў тэрмін да 6 чэрвеня 2020 году.
Міністэрства абароны адзначае, што ацэнка мэтазгоднасьці працягваньня ці спыненьня гэтых дамоваў будзе ажыцьцяўляцца Міністэрствам абароны з улікам нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Прапановы аб спыненьні дзеяньня міжнародных дамоваў могуць быць накіраваныя дзяржаўнымі органамі ў Савет Міністраў, у чыёй кампэтэнцыі знаходзяцца гэткія пытаньні.
Дзяржаўны сакратарыят Савета бясьпекі Рэспублікі Беларусь у адказе напісаў, што пытаньне пра дзеяньне беларуска-расейскіх пагадненьняў будзе разглядацца з улікам абставінаў і прапановаў, выкладзеных у звароце БНФ.
Як заявіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, партыя будзе працягваць уздымаць на палітычны парадак дня пытаньне немэтазгоднасьці працягу разьмяшчэньня ў Беларусі вайсковых аб’ектаў Узброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі:
«Партыя БНФ лічыць непрымальным знаходжаньне расейскіх вайсковых аб’ектаў у Беларусі. Гэтыя аб’екты робяць нашую краіну мішэньню ў выпадку канфлікту Расеі з Захадам, што асабліва небясьпечна ў сытуацыі эскаляцыі міжнароднай напружанасьці ў рэгіёне ў выніку расейскай агрэсіі супраць шэрагу суседніх краінаў»
Кастусёў перакананы, што «аб’екты „Вілейка“ і „Баранавічы“ — гэта пісталет, які РФ прыставіла да скроні Беларусі».
«Працяг гэткага становішча недапушчальны — знаходжаньне ў Беларусі расейскіх войскаў ёсьць найвялікшай пагрозай для нацыянальнай бясьпекі Беларусі. У найбліжэйшы час БНФ плянуе правесьці далейшае абмеркаваньне гэтай праблемы з мэтай прыцягненьня да яе грамадзкай увагі.
Вельмі важна, што беларускі народ не падтрымлівае разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх войскаў — гэта было відавочна падчас няўдалай авантуры са спробамі прымусіць Беларусь даць згоду на разьмяшчэньне паўнавартаснай расейскай авіябазы на беларускай зямлі. Упэўнены, што падчас наступных прэзыдэнцкіх выбараў, якія прыпадаюць акурат на час заканчэньня тэрміну дзеяньня арэнды расейскіх вайсковых аб’ектаў, пытаньне пра недапушчальнасьць працягваньня іх далейшага знаходжаньня ў Беларусі будзе адным з найважнейшых», — сказаў старшыня БНФ Рыгор Кастусёў.