Рэпартаж Свабоды з аўтапераходу Завольша — Рудня на беларуска-расейскай мяжы, дзе ад 1 жніўня меліся забараніць праезд іншаземцаў.
Паводле зьвестак расейскага лягістычнага сайту logirus.ru, урад Расеі з 1 жніўня зьбіраўся спыніць пропуск грамадзян трэціх краін празь беларуска-расейскую мяжу.
Карэспандэнт Свабоды накіраваўся на аўтапераход Завольша-Рудня, каб спраўдзіць, як цяпер трапляюць у Расею іншаземныя аўтамабілі.
Літоўскі кіроўца: Езьдзім пад пагрозай пакараньня
Аўтапераход Завольша — Рудня — на мяжы Віцебшчыны і Смаленшчыны. Ён прызначаны для руху легкавога і грузавога транспарту па так званым «Калінінградзкім калідоры» — шляху з Калінінграду ў Маскву церазь Літву. Машыны зь літоўскімі і латвійскімі нумарамі тут едуць часта. Дзень 1 жніўня ня стаў выключэньнем: пра сёньняшнюю нібыта забарону на ўезд у Расею кіроўца літоўскай кампаніі Girteka нават ня чуў.
«Нас не папярэджвалі пра сёньня. Але мы ведаем, што ў расейскіх памежных правілах сказана: замежнікі павінны праяжджаць праз двухбаковыя ці шматбаковыя пункты пропуску, адкрытыя менавіта для міжнародных зносін. Тут такіх няма, і мы езьдзім пад пагрозай пакараньня. Гэта недасканаласьць заканадаўства, якую Расея ніяк не ліквідуе», — кажа кіроўца грузавіка Лінас, які мае літоўскі пашпарт.
Ён дадае, што кампанія Girteka ахвотна прымае на працу беларусаў. Не ў апошнюю чаргу дзеля таго, каб пазьбегнуць праблем з праходжаньнем беларуска-расейскай мяжы ў выпадках забароны на ўезд для грамадзян Эўразьвязу.
Забарона была, але празь дзьве гадзіны яе адмянілі
На беларуска-расейскіх аўтапераходах няма памежнікаў, бо афіцыйна няма міждзяржаўнай мяжы. Але час ад часу прыяжджаюць так званыя «лятучыя брыгады» памежнікаў, якія спраўджваюць пашпарты і могуць «завярнуць» іншаземца.
Ці закрые Расея ад 1 жніўня мяжу зь Беларусьсю для замежных перавозчыкаў?
Такое здаралася і раней — яшчэ да абвешчанай даты 1 жніўня, кажа кіроўца-беларус Андрэй:
«Пазаўчора тут на маіх вачах „завярнулі“ грамадзяніна Ўкраіны на легкавіку зь літоўскімі нумарамі. Такое час ад часу здараецца, бо фармальна ўсё слушна: праз двухбаковыя пераходы маюць права праяжджаць толькі беларусы ды расейцы. Ад „страхаўшчыкоў“ я чуў, што ад сёньня сапраўды хацелі спыняць замежнікаў, але забарона дзейнічала толькі дзьве гадзіны. Потым прыйшоў факс, і яе адмянілі».
Паколькі на памежжы, апрача страхаўшчыкоў і мытнікаў, няма іншых структур, то дазнацца пра падрабязнасьці больш няма ў каго.
Віталь, работнік беларускай страхавой кампаніі, пра магчымую забарону ўезду на тэрыторыю РФ для іншаземцаў чуў. Ён бачыў, што напярэдадні расейцы сапраўды некалькі разоў спынялі і «заварочвалі» грамадзянаў Польшчы і Літвы.
Спыняць іншаземцаў на беларуска-расейскай мяжы пакуль ня будуць — да адмысловага распараджэньня
Такое ўжо бачылі
За пэрыпэтыямі на дарозе назіраюць і работнікі прымежнай кавярні. Сюды заходзяць і кіроўцы, і пасажыры, і страхаўшчыкі — як зь беларускага, так і з расейскага боку.
Тацяна працуе тут з 2010 году і кажа, што гэта ня першае «абвастрэньне на мяжы»:
«У нас на мяжы „абвастрэньні“, як толькі ва ўрадзе ў кагосьці кепскі настрой. То ў нашым, то ў іхным. Парадку ня будзе, пакуль ня прымуць нармальныя законы. А ня так, што „хочам — пусьцім, ня хочам — ня пусьцім“. Колькі разоў мы такое ўжо назіралі!»
Насамрэч праблемы з праходжаньнем беларуска-расейскай мяжы замежнымі грамадзянамі былі і ў 2016 годзе, і раней. Нягледзячы на фармальную адсутнасьць мяжы, то на беларускім, то на расейскім баку рэгулярна наладжваюць праверкі пашпартоў і часам забараняюць уезд грамадзянам трэціх краін, спасылаючыся на закон Расейскай Фэдэрацыі № 4730-I «Аб Дзяржаўнай мяжы Расейскай Фэдэрацыі» ад 1 красавіка 1993 г.
Мяжа без слупоў і аўчарак
Памежны кантроль на мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй зьнік у 1995 годзе, калі ўступіла ў сілу Дамова аб сяброўстве, добрасуседзтве і супрацоўніцтве паміж краінамі. Але правілы ўезду для замежнікаў бакі так і не ўзгаднілі. Беларусь па-ранейшаму кіруецца тым, што без удакладняльных палажэньняў дзейнічае прынцып, згодна зь якім беларуска-расейская мяжа адкрытая для ўсіх. На сайце памежнай службы ФСБ Расеі гаворыцца «З улікам узаемных інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі і сумежных дзяржаў асобныя правілы рэжыму Дзяржаўнай мяжы могуць не ўсталёўвацца, а характар усталяваных правілаў можа быць спрошчаны».