Былая сакратарка РЭП прызналася ў перавозе валюты зь Вільні і заявіла ў судзе, што з 2015 году супрацоўнічала з КДБ «у якасьці агента». Прысутныя ў залі закрычалі на гэта: «Ганьба!»
На пытаньне адвакаткі, ці атрымлівала Юхнавец узнагароджаньні ад КДБ, яна адказала, што так, атрымлівала.
Сьведка на працэсе лідэраў РЭП Юлія Юхнавец (1996 году нараджэньня) працавала ў прафсаюзе з 2014 па 2016 год сакратаркай. Яна расказала, што атрымлівала заробак 350–400 рублёў у месяц. Раней яна дала пісьмовыя паказаньні: выяжджала прыкладна раз на месяц у Вільню і прывозіла пэўную суму ў валюце. Усяго разоў 10 і толькі ў Вільню. Вярталася з грашыма.
Адвакатка падсудных пратэставала: абвінавачваньні выстаўленыя за 2011–2012 гады, а сьведка езьдзіла ў Вільню ў 2015–2016 гадах.
Сьведка Юхнавец паказала, што грошы ёй перадавалі альбо Комлік, альбо Фядыніч — нібыта для дзейнасьці прафсаюзу. Фядыніч і Комлік казалі, што сумы прыкладна ў 5 тысяч эўра. Юхнавец грошы пералічвала толькі адзін раз, там былі купюры па 500 эўра. Валюту перавозіла ў сваёй сумцы. Назвала яшчэ некалькі прозьвішчаў людзей, якія таксама перавозілі грошы. Часьцей за ўсё ў Вільню ехалі цягніком разам зь Фядынічам ці Комлікам, але вярталіся паасобку. Грошы былі з банку, назвы дакладна ня памятае, прамовіла літары «с», «б», «у», адрас таксама. Комлік і Фядыніч сустракаліся з чалавекам, якога звалі Канстанцін, у банку, яны размаўлялі, але моманту перадачы грошай Юхнавец ніколі ня бачыла. Пасьля наведваньня банку Фядыніч ці Комлік давалі Юліі пэўную суму, каб перавезьці ў Менск, вяртала валюту яна ў Менску на вакзале.
Сьведка сказала, што паездкі аплачваліся Фядынічам ці Комлікам, яны куплялі квіткі і давалі 10 эўра на харчаваньне.
На пытаньне адвакаткі, што можа сказаць Юхнавец пра дзейнасьць прафсаюзу РЭП у 2011–2012 годзе, былая сакратарка адказала, што нічога ня ведала — тады яна не працавала.
Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў. Як лічыць сьледзтва, па віне сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не сплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачаньне падало пазоў аб спагнаньні маёмаснай шкоды на гэтую суму.
Лідэрам РЭП выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), ім пагражае абмежаваньне волі да 5 гадоў або пазбаўленьне волі ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
«Наша справа палітычная»,— падсудныя Фядыніч і Комлік лічаць, што абвінавачаньні супраць іх сфальшаваныя
Фядыніч і Комлік абвінавачаньні абвяргаюць. Яны заяўляюць, што працэс супраць іх — гэта рэакцыя ўладаў на актыўныя дзеяньні РЭП у справе абароны працоўных. Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Паводле такога ж артыкулу ў 2011 годзе судзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Яго пакаралі 4,5 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а вызвалілі праз 3 гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным. Пра працэс падрабязна расказаў Валер Каліноўскі ў кнізе «Справа Бяляцкага» (PDF).
Фядыніча і Комліка судзяць у «справе РЭП». Абнаўляецца