Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзякуй, хоць ня білі». Як актывістку, якая змагаецца за родную мову, абвінавацілі ў экстрэмізьме


Лідзія Баінава з дачкой
Лідзія Баінава з дачкой

Жыхарка гораду Абакан у Рэспубліцы Хакасія ў Расейскай Фэдэрацыі стала абвінавачанай па крымінальнай справе аб экстрэмізьме. Сьледзтва лічыць, што Лідзія Баінава распаўсюджвала заклікі экстрэмісцкага характару праз сацыяльную сетку «Вконтакте».

Сама Баінава падкрэсьлівае, што ў яе допісе не было заклікаў.

— Раней я пра гэта ня думала, а цяпер магу ацаніць: у Расеі ніякай свабоды слова абсалютна. Як у часы сталінскіх рэпрэсій, калі расстрэльвалі непажаданых. Артыкулы, па якіх прыцягваюць за пасты ва «Вконтакте», дазваляюць разьбірацца з тымі, хто непажаданы. Таму што мільёны людзей пішуць вельмі шмат чаго, але бяруць па такім артыкуле толькі некаторых.

Крымінальную справу ў дачыненьні да 30-гадовай Лідзіі Баінавай пачалі 7 траўня 2018 году. У часе ператрусу ў яе канфіскавалі кампутар і іншыя носьбіты інфармацыі. Прычынай стаў пост, які Баінава зрабіла на сваёй старонцы «Вконтакте» ў ліпені 2017 году. Жанчына абурылася тым, што пры ўваходзе ў гульнявы пакой аднаго з абаканскіх рэстаранаў незнаёмыя дзеці пракрычалі ім з дачкой «Уваход толькі рускім». Бацькі, замест таго каб зрабіць дзецям заўвагу, сталі, паводле словаў Лідзіі, пагражаць ёй.

— Я была ў шоку. Таму што ў 90-я гады гэта (праявы ксэнафобіі. — РС) было паўсюль, здараліся бойкі «сьценка на сьценку» і гэтак далей. Тады і хакасы многія не валодалі расейскай мовай, а цяпер усе асыміляваліся. Асабліва нічога такога цяпер няма, але я ў шоку, што падобныя рэчы засталіся да гэтага часу. На двары 21-е стагодзьдзе! І бацькі гэта ніяк не спыняюць. Дзеці не вінаватыя, усё пачынаецца з бацькоў...

Допіс, у якім Баінава даволі рэзка і эмацыйна выказалася пра тое, што яна і яе бацькі часта сутыкаліся і працягваюць сутыкацца з праявамі непавагі да хакасаў на іх спрадвечных землях, а таксама з адкрытай дыскрымінацыяй, «правісеў» у сетцы некалькі тыдняў. Потым, калі нехта са знаёмых ёй паведаміў, што допіс можа выклікаць непрыемнасьці, аўтарка выдаліла запіс і папрасіла аб тым жа самым сяброў, якія рабілі рэпост (тым не менш, некаторыя рэпосты засталіся ў сетцы). Калі больш чым праз паўгода, у красавіку 2018, да Лідзіі Баінавай прыйшлі двое людзей у цывільным, яна вельмі зьдзівілася.

— Гэта было нечакана! Вялікім шокам было тое, што на мяне адразу пачалі крымінальную справу, бязь нейкіх прафіляктычных гутарак, і я павінна была адразу прызнаць віну, пацьвердзіць, што гэта быў заклік да экстрэмізму. Мне літаральна падсоўвалі шаблён, які трэба падпісаць. Калі прызнаеш, «пракоцім» па мінімуме, не прызнаеш — па максымуме, выставім перад судзьдзёй заўзятай экстрэмісткай. Вось такі выбар мне толькі далі. Гэта значыць я пры любым раскладзе ў іх была вінаватай.

Лідзія Баінава
Лідзія Баінава

Упраўленьне ФСБ Расеі па Хакасіі распачалі крымінальную справу па артыкуле «Публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці з выкарыстаньнем сеткі інтэрнэт». У ліпені 2018 года было прад’яўленае абвінавачваньне, у якім гаворыцца, што Баінава на глебе міжнацыянальнай нянавісьці наўмысна распаўсюджвала экстрэмісцкія заклікі: «У такія хвіліны хочацца зрабіць рэвалюцыю і пераварот! Вярнуць ўладу, зямлю нашаму народу! Адваяваць!».

Лідзія Баінава адмовілася прызнаць сябе вінаватай, бо лічыць, што ў яе запісе не было заклікаў да дзеяньняў экстрэмісцкага характару. Гэтак жа лічаць яе блізкія і сябры. Жанчына паскардзілася на дзеяньні супрацоўнікаў ФСБ у пракуратуру.

— Дзякуй, хоць ня білі, але гэта таму, што я спачатку пайшла на іх умовы, таму што разумела, што з допыту не выпусьцяць, а ў мяне дачку з садка няма каму забраць. Першы раз дапытвалі доўга, без адваката... А ўжо пазьней, калі я «пайшла ў адмову», зноў прыгразілі: «Значыць так ты вырашыла супрацоўнічаць з намі», «Не дай бог табе яшчэ раз трапіць да нас». На першым допыце пастаянна блыталі мяне, не патлумачылі ніякіх правоў, пры канфіскацыі кампутара не далі ніводнай копіі пачытаць, нічога не далі зафіксаваць. Я іх спытала, чаму адразу ж крымінальная справа. Яны сказалі: «Мы што табе, нянькі, вось там у Сырыі забіваюць, а мы тут няньчыцца павінны».

Лідзія лічыць, што стала фігурантам крымінальнай справы не выпадкова. Чацьвёрты год яна займаецца папулярызацыяй хакаскай мовы.

— Магчыма, крымінальная справа — сыгнал для занадта, на нечы погляд, актыўных. Паэт Майсей Баінаў — мой дзядуля. Таму я да такой дзейнасьці і прыйшла. У 2015 годзе я захацела, каб дзіця вывучыла хакаскую мову. Я пачала перавыдаваць вершы дзеда, казкі... Пісала, што мову трэба папулярызаваць! Трэба рабіць так, каб вучыць хакаскую было цікава. А раз пісала — значыць, прымушала кагосьці варушыцца.

Цяпер сьледзтва працягваецца, калі яго матэрыялы перададуць у суд, невядома. Меру стрыманьня Лідзіі Баінавай не абіралі. Паводле абвінавачаньняў, ёй можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Як паказвае расейская судовая практыка, часьцей па падобных справах даюць ўмоўныя тэрміны, але сустракаюцца і рэальныя — ад 1 да 3 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG