Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. Прыватныя гісторыі пра Караткевіча


Уладзімер Караткевіч
Уладзімер Караткевіч

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

«ДЫК ТЫ ХУТЧЭЙ, ДА СЯМІ ПАСЬПЕЕШ»

Каб адчуць розьніцу паміж патаснымі артыкуламі пра бацьку беларускага гістарычнага дэтэктыву і рэальна жывым Караткевічам, дастаткова паслухаць гісторыю ад пісьменьніка Валянціна Тараса. Пра тое, як ствараўся расейскі пераклад раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» для часопісу «Нёман»:

Валянцін Тарас
Валянцін Тарас

— Калі Навум Кісьлік перакладаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», Вало­дзя літаральна не вылазіў ад яго на вуліцы Фрунзэ, 3. Як толькі Навум перакла­дзе які-небу­дзь разь­дзел, так тут Вало­дзя. Абмяркоўваўся літаральна кожны разь­дзел, яны спрачаліся, таму што Вало­дзя таксама лічыў сябе знаўцам расейскай мовы — ён жа быў выкладчыкам расейскай мовы ва Ўкраіне. І яны спрачаліся з Навумам. Навум хапае адзін слоўнік з паліцы, Вало­дзя другі… Гэта дало вялікі плён, таму што гэта выдатны пераклад. А дэталька такая: калі ўжо сканчалі апошнія разь­дзелы, калі Братчык са сваімі апосталамі не­дзе начуюць і трэба сха­дзіць у вёску. А гэта быў той час, калі гарэлку забаранілі прадаваць пасьля сямі га­дзін вечара. Вало­дзя кажа: дай, Навум, я тут а­дзін сказ папраўлю, а ты так і перакла­дзі. І напісаў: Трэба сха­дзіць па гарэлку ў вёску, хто пой­дзе? Ну, Юда зга­дзіўся. І Хрыстос-Братчык кажа: дык ты хутчэй, да сямі пасьпееш. І так гэта ў «Нёмане» і пайшло.

«ЯК ПРЫЕМНА Ў САВЕЦКІМ САЮЗЕ БЫЦЬ ІНШАЗЕМЦАМІ»

А вось гісторыя ад Гена­дзя Бураўкіна. Пра тое, як Караткевіча не пускалі ў маскоўскі рэстаран.

Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін

— Помню, калі Вало­дзя вучыўся ў Маскве і я прыехаў, пасялілі мяне ў гатэлі «Ленінград», ну і да мяне прыйшоў Вало­дзя. І кажа: «Гена, давай пой­дзем да мяне ў інтэрнат». Я кажу: Вало­дзя, ну гэта ехаць, а ўжо вечар, цёмна. Давай, як бывала і раней, зьбегаю я ці мы разам зьбегаем у магазін і тут пася­дзім у мяне. Вало­дзя як такі інтэлігентны (ён пры ўсім пры тым быў унікальны, натуральны інтэлігент) кажа: «Гена­дзь, як гэта так, ты прыехаў у Маскву. Масква — гэта мой горад. І я буду ў цябе ў нумары ў гатэлі ся­дзець. Не. Або е­дзем да мяне ў інтэрнат, або спускаемся ўніз у рэстаран гатэлю». Урэшце мы вырашылі спусьціца ў рэстаран. Пацікавіліся а­дзін у аднаго, ці ёсьць чым расплачвацца, прыкінулі, што для аднаго вечара хопіць. Спускаемся мы ўніз. А тады Масква была бедная на гэтыя ўстановы. І швайцар нас не прапускае. Усё. Мест нет. Мы і так і сяк, Вало­дзя нейкія жарты, а той: нікакіх! Вы мне бросьце! Нет і ўсё. Ну што ж. Адыхо­дзім мы і я кажу: ну што, Вало­дзя, пае­дзем да цябе ў такім разе. А Вало­дзю ўжо гэта ўзбунтавала. Ён кажа: «Не! Мы бу­дзем у гэтым рэстаране. Так, кажа, ты — інастранец, а я — паляк, які трошкі валодае расейскай мовай. Пайшлі». Ну а там лю­дзей многа, відаць, швайцар нас асабліва не засёк. Вало­дзя да яго і — па-польску. Ён жа польскай свабодна валодаў. Маўляў, ці можа нам пан прапанаваць… мы тут упершыню… гэта мой зь нейкай там ле­дзь не з Лацінскай Амэрыкі сябра, мы пісьменьнікі, прыехалі… Той замітусіўся, выклікаў мэтрадатэля, тут жа нам знайшлі столік, паса­дзілі, падбеглі афіцыянты. І вось мы з Вало­дзем пася­дзелі, пагаманілі, узялі чарку, закусілі, выхо­дзім адтуль, Вало­дзю трэба ехаць у інтэрнат у свой. І ён кажа: ты знаеш, Гена­дзь, як прыемна ў Савецкім Саюзе быць іншаземцамі…

«МУДАКАВАТАЕ ВАША ЦК І ЎСЕ ВЫ МУДАКАВАТЫЯ»

Драматург і энцыкляпэдыст Алесь Петрашкевіч у канцы 1970-х працаваў загадчыкам ад­дзелу культуры ЦК КПБ.

Алесь Петрашкевіч
Алесь Петрашкевіч

— Загадчык ад­дзелу культуры ЦК прыхо­дзіць на працу ранавата. Званок. Падымаю слухаўку. І чую: «Што вы там робіце, вашу маць!» Я кажу: Ула­дзімер Сямёнавіч, што здарылася? Добры дзень. «Здароў. Гэта мне ў вас папытацца, што здарылася… Толькі што пазваніў мітрапаліт Філарэт і прасіў пазваніць у ЦК, бо ў такой-та вёсцы разбураюць царкву ХVII стагодзьдзя, без а­дзінага цьвіка зробленую, пад аховай дзяржавы». Я кажу: гэта нейкая бздура. «Ня бздура, братка, памажы». І я з поўнай упэўненасьцю абяцаю: Ула­дзімер Сямёнавіч, зраблю ўсё, што магу. Званю ў райкам, пытаюся ў сакратара райкаму. Той робіць выгляд, што нічога ня ведае, але таксама абяцае мне, як я Караткевічу, і я яго прашу мне заўтра пазваніць. Назаўтра ён мне ня звоніць. Званю я яму. Ну што з царквой? «А вы ведаеце, нехта ноччу абліў бярвеньне саляркай і спаліў». Паклаў слухаўку. Званок. «Здароў, Алесь». Здароў. «Я ўжо ўсё ведаю». Я кажу: ну добра, што ты сам ведаеш. «Мудакаватае ваша ЦК і ўсе вы мудакаватыя. А цябе я паважаю. За п’есу пра Скарыну „Напісанае застаецца“». Вось такі ўвесь Караткевіч. Абсалютна дакладная рэакцыя і абсалютна дакладныя паво­дзіны ў гэтым выпадку.

«ПЁТРА МІРОНАВІЧ, ВЫ НЕ МАШЭРАЎ»

Аказваецца, сказаць «­дзякуй» Караткевічу мае за што і Музэй народнай архітэктуры ў Строчыцы. Бо пісьменьнік спрычыніўся да стварэньня музэю самым непасрэдным чынам. Алесь Петрашкевіч памятае, як Караткевіч езь­дзіў з Машэравым выбіраць месца для беларускага скансэну.

Пятро Машэраў перад будынкам Дому ўраду ў Менску
Пятро Машэраў перад будынкам Дому ўраду ў Менску

— Машэраў кажа: «Пае­дзем выбіраць месца для музэю архітэктуры і быту на адкрытым паветры. Дык пазвані Караткевічу, ён многа ведае, мы яго возьмем з сабой». Званю. Добры дзень, Ула­дзімер Сямёнавіч. Ці добрай раніцы… «Здароў». Я кажу: вось такая справа. Ён кажа: «Ай, братка, як гэта цікава і хораша, але ж…» Я кажу: што — але ж?.. «Я ўжо ўзяў на гру­дзь». Я кажу: многа ўзялі? «Ну, так, норму ўзяў». Я кажу: ну, вырашайце самі. Я магу прыкрыць, вядома. Скажу, што не знайшоў, не дазваніўся. Але паездка такая… «Я разумею, я разумею, што такое музэй». Ён ня столькі пра Машэрава думаў, колькі… «Прыеду! Калі што, я гэта ўсё на цябе зьвярну». Я кажу: ну зьвярні. І ўсё чакаў, як жа ён зьверне. Прыехаў. Нармальны Караткевіч, усё. Машэраў выйшаў, у машыну селі, е­дзем. Нешта гаварылі, потым стала ціха. І Караткевіч кажа: «Пётра Міронавіч, вы не Машэраў. Ваша прозьвішча зрусіфікавалі. І вы — француз. Мон шэр, ма шэр — зрусіфікаванае Машэр-ов». Машэраў расьсьмяяўся, а Караткевіч кажа: «Ну, калі я што-небу­дзь змарозіў, Пётра Міронавіч, дык гэта Петрашкевіч вінаваты». Той зь­дзівіўся: «А чаму Петрашкевіч?» — «А ён мне пазваніў не да таго, а пасьля»… Пасьля я пісаў нарыс пра Машэрава і высьветліў, што сапраўды прозьвішча Машэрава — Машэра. Бацька яго Машэра.

«ЁН ЖА ЗАКАРАНЕЛЫ НАЦЫЯНАЛІСТ!»

На свае 50-я ўгодкі Караткевіч атрымаў ордэн Дружбы народаў. Гэта была а­дзіная дзяржаўная ўзнагарода ў ягоным жыцьці і а­дзіны юбілей, які а­дзначаўся на дзяржаўным узроўні. Праз чатыры гады Караткевіча ня стане. Паэт Сяргей Законьнікаў, які ў той час працаваў загадчыкам сэкатару мастацкай літаратуры ЦК КПБ, быў непасрэдным у­дзельнікам той гісторыі.

Сяргей Законьнікаў
Сяргей Законьнікаў

— Надышоў 1980 год. 50 гадоў Караткевічу трэба а­дзначаць. І я прыходжу да Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна і кажу: прапаную, улічваючы заслугі Вало­дзі, давайце мы прадставім у ЦК КПСС яго на ордэн Леніна. «Ну ты і загнуў! Ён жа закаранелы нацыяналіст!» Я кажу: Вало­дзя ніякі не нацыяналіст. Ён проста сапраўдны патрыёт Беларусі. Кузьмін зморшчыўся: «Ды знаю я, знаю, але гэта нічога не мяняе». Я кажу: а як, Аляксандар Трыфанавіч, наконт «трудавіка»? (Гэта ордэн Працоўнага чырвонага сьцяга на чыноўніцкім жаргоне.) Ён падумаў і сказаў: «Цяжка бу­дзе ўгаварыць бюро ЦК. Калі толькі Пётра Міронавіч сваё слова скажа». Машэраў тое слова сказаў, і дакумэнты пайшлі ў Маскву. Нарэшце ў самы прытык да юбілею прыхо­дзіць з Масквы стужка. І, аказваецца, Вало­дзя ўзнагароджаны, але не «трудавіком», а ордэнам Дружбы народаў. Караткевіч паставіўся да ўсёй гэтай валтузьні-мітусьні, як заўсёды, з гумарам. Сказаў: «Вельмі шаную гэты ордэн, таму што я і праўда дружбу народаў усё жыцьцё ўмацоўваю. Тут у Беларусі я беларускі нацыяналіст. Калі вучыўся і працаваў ва Ўкраіне, дык быў украінскім нацыяналістам». На свой урачысты вечар Вало­дзя прыйшоў з ордэнам і падвяселены чаркаю. І ў кабінэце Максіма Танка, дзе звычайна распраналася начальніцкая багема, Караткевіч адкалоў нумар. Ён у прысутнасьці ўсяго начальства — і партыйнага, і літаратурнага — зьняў свой ордэн і прышпіліў на штрыфэль пінжака мне. «Панасі, браце, я ведаю, што гэта не яны, а ты спрыяў мне атрымаць узнагароду». Была такая самая нямая сцэна, як у гогалеўскім «Рэвізоры»…

«А ЧАГО ТЫ ТУТ СЯ­ДЗІШ У МАЁЙ ВАННАЙ?»

Працягнулася ордэнская гісторыя віншаваньнем Караткевічу ад першага сакратара ЦК КПБ Ціхана Кісялёва. Машэрава, які адпраўляў паперы на ўзнагароду ў Маскву, на той час ужо не было ў жывых.

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Віцебску
Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Віцебску

— Калі прыйшла стужка, што ён узнагароджаны, Ціхан Якаўлевіч Кісялёў адлятаў з дэлегацыяй у Баўгарыю. І памочнік Ціхана Якаўлевіча Віктар Якаўлевіч Крукаў хуценька знайшоў мяне і сказаў: «Сярожа, нямедля зьвяжы мяне з Караткевічам. Яго хоча павіншаваць Ціхан Якаўлевіч». Я адразу пабег у хату, званю, адчыняе дзьверы Валя, жонка. Дзе Вало­дзя? Кажа: у ваньне ляжыць, мыецца. Кажу: так, давай табурэтку, у цябе тэлефонны шнур доўгі? Кажа: ёсьць. Мы гэта падключаем з Валяю, я цягну табурэтку, стаўлю каля яго. Ён зь пены высоўвае галаву і кажа: «А чаго ты тут ся­дзіш у маёй ваннай?» Я кажу: Вало­дзя, усё нармальна, усё выдатна. Цябе ўзнагаро­дзілі ордэнам, прыйшла стужка. «Ды ты што?» Ну праўда, зараз ты бу­дзеш гаварыць зь Ціханам Якаўлевічам Кісялёвым. «Ды не жартуй ты, браце, дай мне дамыцца». Я кажу: Вало­дзя, я цябе прашу, дай сюды руку. Ён высоўвае руку зь пены, я яму ўкладаю тэлефонную слухаўку і кажу, бачачы, што ён трошкі ня ў тым настроі: ты толькі яму нічога не расказвай, ты толькі яму па­дзякуй простымі фразамі, бо па тваім языку бу­дзе адразу бачна, у якім ты стане. Той яшчэ нічога ня ўцяміў, але слухаўку ўзяў. І я кажу: можна, злучайце. Ціхан Якаўлевіч гаворыць, а я слухаю гэта ўсё. «Ула­дзімер Сямёнавіч, мы вас так паважаем, вы ў нас унікальны чалавек». Ён і праўда яго вельмі любіў і паважаў. І вось яму добрыя словы гавораць-гавораць, а Вало­дзя, як я яго навучыў, кароткімі фразамі: дзякуй, пастараюся апраўдаць давер. За кожным абзацам Ціхана Якаўлевіча і­дзе: дзякуй, пастараюся апраўдаць давер. Потым, калі гэта ўсё закончылася, адключыўся тэлефон, я сяджу на табурэце, гляджу на яго. А ён, увесь у пене, галава ўся ў пене, кажа: «Так, слухай, а чаго ты тут ся­дзіш?..»

ОРДЭН НЕЗАЎВАЖНА ЎПАЎ НА ПАДЛОГУ

Мастацтвазнаўца Ізабэла Гатоўчыц памятае той юбілейны вечар да дробязаў.

Ізабэла Гатоўчыц
Ізабэла Гатоўчыц

— Увогуле гэта была нечаканая справа для Вало­дзі і для ўсіх. Вало­дзя трымаўся, з аднаго боку, незалежна, а з другога боку, ён не любіў, што называецца, мільгаць. І вось аднойчы, калі Вало­дзю споўнілася 50 гадоў… Але гэта ўжо быў час, калі многае зьмянілася, калі клімат ужо памякчэў… І мы дазнаёмся, што Вало­дзю прысуджаны ордэн Дружбы народаў. Валя вырашыла гэта сьвяткаваць. А ордэн уручалі ў Саюзе пісьменьнікаў. Сабралася даволі многа народу. Караткевіч выйшаў на сцэну, і мы ўсе ўціснулі галовы ў плечы. Таму што Вало­дзя быў нападпітку і, па меры таго як гаварылася прамова аб узнагаро­дзе, ён п’янеў на нашых вачах усё больш і больш… Ну а потым быў банкет. Былі накрытыя столікі з гасьціннасьцю Караткевічаў. І Вало­дзя перад усім народам апавясьціў, што гэты ордэн заслужыў ня ён, а ягоная жонка. Зьняўшы ордэн, ён павесіў яго на Валю. Паколькі ўсім было весела і ўсе танцавалі, ордэн незаўважна ўпаў на падлогу. А калі яго паднялі, ён быў сплюшчаны і слаба напамінаў тую ўзнагароду, якую Вало­дзя атрымаў…

ХТО ТАКІ ПРАЛЯСКОЎСКІ?

Гісторыі пра Караткевіча, якія мне даво­дзілася чуць, не заўжды былі вясёлымі. Ізабэла Гатоўчыц памятае, як была закранутая чалавечая годнасьць Караткевіча.

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Кіеве
Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Кіеве

— Першай ластаўкай яго забясьпечанасьці стала апавяданьне «Былі ў мяне мя­дзьве­дзі», якое надрукавалі ў Гішпаніі, і Вало­дзя атрымаў ганарар. Гэта было вялікае шчасьце. Я добра памятаю гэтае жыцьцё на Харужай. Былі такія дні, калі папросту не было што есьці. І я памятаю адзін эпізод, калі мы прыйшлі з Валяй, і Вало­дзя, як заўсёды, раз госьць у хату, хацеў пачаставаць, але не было чаго паставіць на стол, і тады Вало­дзя сказаў: а я зараз пазваню Андрэю Макаёнку, ён мне грошы пазычыць. І Вало­дзя весела набраў нумар тэлефона Макаёнка і потым неяк так паволі паклаў слухаўку, і я ўбачыла — гэта адзін раз у жыцьці было — у яго на вочы навярнуліся сьлёзы. Ён пайшоў да сябе ў пакой, потым выйшаў, і Валя пачала дапытвацца, што яму адказаў Макаёнак. І Вало­дзя празь нейкі час сказаў, што Андрэй Ягоравіч яму сказаў так: у мяне грошы ёсьць, але яны ляжаць на кніжцы, а дзеля цябе я не пайду іх з кніжкі здымаць. І я памятаю, што Вало­дзя перажыў гэта даволі цяжка, таму што была парушана справа годнасьці.

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Воршы
Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Воршы

P. S. Перачытваеш сёньня гэтыя гісторыі эпохі позьняга застою і нават міжволі ў нечым зайздросьціш галоўнаму герою. Мне не хапае фантазіі ўявіць, як Аляксандар Лукашэнка разам з Ула­дзімерам Арловым едуць у Курапаты. Абмеркаваць будучы мэмарыял. Ці як Праляскоўскі нагадвае Лукашэнку, што трэба не забыцца а­дзначыць узнагародай Андрэя Федарэнку. Як? Вы ня памятаеце, хто такі Праляскоўскі? Дык і Кісялёў, і Сьлюнькоў, і ўсе астатнія БССРаўскія ўладары засталіся толькі фонам для героя. Альбо артыкуламі ў вікіпэдыі. Так што шкадаваць трэба зусім не Караткевіча.

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД

Дзе закапанае панскае золата

Сынтэз паганства і хрысьціянства

Асілак на дрэве

Гадаваўся «пры гарэлцы»

Невядомая Надзея

Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору

Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай

Імя па маці

«Быў час, быў век, была эпоха…»

Стары Новы год у Каралішчавічах

Хто закончыў «школу наадварот»

Пад’езд старых кавалераў

Груша над дняпроўскаю стромаю

«Зямля пад белымі крыламі»

Швэйкаў штук 50

«Паэтаў мінскіх атаман»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG