27 ліпеня а 21.24 пачнецца самае працяглае ў 21-м стагодзьдзі зацьменьне месяца і вялікае процістаяньне Марса. Сёлета дзьве гэтыя адметныя астранамічныя зьявы супадаюць.
Пра тое, як іх можна будзе назіраць у Беларусі, карэспандэнт Свабоды пагутарыў з выкладчыкам астраноміі ў менскім Ліцэі БДУ Віктарам Малышчыцам.
— Сёньня будуць дзьве ўнікальныя зьявы: поўнае зацьменьне Месяца, самае працяглае за ўсё 21-е стагодзьдзе, і вялікае процістаяньне Марса. Што да зацьменьня, то нам пашанцавала, што месяц пройдзе практычна праз самы цэнтар зямнога ценю. Пры гэтым ён знаходзіцца блізка ад апагея, самага далёкага ад Зямлі пункту. Таму рухаецца больш павольна і мае меншыя вуглавыя памеры, і дзякуючы гэтаму зацьменьне працягнецца яшчэ даўжэй. Дзіўны той факт, што поўная фаза, калі Месяц будзе ў цені, працягнецца 103 хвіліны. Гэта вельмі шмат, канечне.
У нас ужо пішуць у СМІ, што гэта будзе «крывавы» Месяц. Але крыві ня будзе. Насамрэч промні сонца, часткова праламляючыся празь зямную атмасфэру, дасягаюць паверхні Месяца, і дасягаюць пераважна чырвоныя промні. Але пры невысокай яркасьці мы дрэнна бачым колеры, таму, хоць на фатаздымках Месяц насамрэч атрымаецца чырвоным, чалавеку ён будзе бачны як карычняваты ці шараваты, але дакладна не крывавы.
— А ці бывае яшчэ даўжэйшае зацьменьне Месяца, з чым можна параўнаць?
— Цяжка зь нечым параўнаць. Як правіла, лічыцца, што магчымая максымальная працягласьць поўнага зацьменьня Месяца крышачку большая, чым гадзіна 40 хвілін. І сёньня гэта рэалізуецца. Калі б Месяц прайшоў не праз цэнтар зямнога ценю, то поўная фаза магла б працягнуцца менш. Але больш як гадзіну і недзе 40 хвілін зацьменьні наагул не бываюць. Сёньня гэта амаль рэкорд. Дзякуючы гэтаму месяц асабліва пацямнее, бо пагрузіцца ў самы цэнтар ценю.
— Як часта здараюцца зацьменьні Месяца?
— Наагул на плянэце Зямля зацьменьні Сонца і Месяца назіраюцца два-тры разы на год. У рэдкіх выпадках сонечнае зацьменьне даходзіць да пяці разоў. Але на тэрыторыі Беларусі поўнае зацьменьне Месяца ў сярэднім можна бачыць раз на тры-пяць гадоў. Гэта ня вельмі рэдкая падзея, бо калі месяц трапіў у зямны цень, то яго бачыць адразу палова зямнога шару. І калі мы на гэтай палове, то і нам пашанцавала. У адрозьненьне, напрыклад, ад сонечных зацьменьняў — калі тыя, хто бачыць поўную фазу, трапляюць у вузенькую палоску шырынёй ня больш чым 200 кілямэтраў.
Фатафакт: Зацьменьне Месяца
— Ці будзе бачным зацьменьне Месяца на тэрыторыі Беларусі? Адкуль за ім найзручней назіраць?
— Зацьменьне будзе бачнае ад пачатку да канца, прычым у зручны час. Адразу пасьля заходу Сонца ўзыходзіць Месяц і пачынаецца зацьменьне, таму ня трэба чакаць глыбокай ночы. Яго можна назіраць аднолькава з усёй тэрыторыі Беларусі. Месяц будзе нізка над гарызонтам, таму трэба шукаць месца для назіраньня, дзе паўднёвая частка гарызонту адкрытая, каб яго бачыць самога па сабе. А так умовы назіраньня на захадзе ці ўсходзе, поўначы ці поўдні будуць адрозьнівацца вельмі нязначна. Пачнецца яно ў 21.24, гэта пачатак таго, як Месяц пачне пагружацца ў цень ад Зямлі. А поўная фаза пачнецца пасьля 22 гадзіны.
— Зь якой прыладай зручней назіраць за гэтым зацьменьнем?
— Для гэтага не спатрэбіцца нейкага спэцыфічнага абсталяваньня. Можна назіраць няўзброеным вокам або ў бінокль ці тэлескоп. Я асабіста шукаю месца, каб ня толькі паназіраць, але яшчэ зрабіць фатаздымкі. На жаль, сёньня так сабе прагнозы па надвор’і.
У навуковым пляне зацьменьні Сонца і Месяца маюць малую цікавасьць. Часам некаторыя дасьледуюць зьявы, зьвязаныя, напрыклад, з астываньнем паверхні Месяца. Але большая частка вучоных проста любуецца гэтай падзеяй. Цяпер ужо зацьменьні для навукі нясуць не такую вялікую каштоўнасьць, як некалькі стагодзьдзяў таму.
ТОП-5 мясьцінаў Беларусі, дзе найлепей радавацца зоркам
— А што тычыцца вялікага процістаяньня Марса?
— Процістаяньне — гэта момант, калі Зямля з Марсам збліжаецца на мінімальную адлегласьць. Але з той прычыны, што ў Марса арбіта крыху выцягнутая, процістаяньне бывае розным. І раз на 15–17 гадоў мы сустракаемся асабліва блізка, і ён на небе зьзяе асабліва ярка. Сёньняшняй ноччу ён будзе самым яркім, пачынаючы з 2003 году. Гэта цяпер пасьля Месяца самае яркае нябеснае цела. А да таго ж Марс цяпер вельмі зручны для назіраньня. Бо гэта дробная плянэта, і зь Зямлі яе цяжка дасьледаваць і назіраць. А ў гэты момант яна блізка падыходзіць, і, маючы тэлескоп, можна разгледзець нейкія дэталі на яе паверхні. Хоць сярэдні прамежак часу паміж процістаяньнямі складае крыху больш за 2 гады, але самыя блізкія з усіх здараюцца раз на 15–17 гадоў.
— А ці часта супадаюць дзьве гэтыя астранамічныя зьявы, ад чаго гэта залежыць?
— Гэта, можа, шчасьлівая выпадковасьць. Дзякуючы гэтаму Месяц і Марс будуць блізка адзін каля аднаго. Таму той, хто будзе назіраць за зацьменьнем, ня зможа не зьвярнуць увагу на яркую аранжавую зорку, бо яна будзе побач зь Месяцам.
— Як такія астранамічныя зьявы ўплываюць на чалавека?
— Ніяк. Клясычная навука не ведае пакуль ніводнага мэханізму ўплыву зацьменьняў на людзей.