Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэксуальнае рабства беларусаў у 7 разоў часьцейшае за працоўнае, — МУС


Гандаль людзьмі выйшаў на другое месца па прыбытках у крымінальным сьвеце, склаў летась 32 млрд даляраў і адцясьніў на трэцяе месца нелегальны гандаль зброяй. Цяпер продаж людзей у сучаснае рабства саступае ў прыбытках толькі наркатрафіку.

Пра гэта журналістам паведаміў 26 ліпеня палкоўнік міліцыі намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня ў наркакантролі і супрацьдзеяньню гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Дзьмітры Цаюн.

У заробках гандляроў людзьмі ёсьць і беларускі ўнёсак. На першым месцы тут сэксуальнае рабства. Па колькасьці зафіксаваных міліцыяй выпадкаў яно ў сем разоў перавышае рабства працоўнае. Асноўныя кірункі, куды вывозяць беларускіх дзяўчат для заняткаў прастытуцыяй, гэта Блізкі Ўсход, Эўразьвяз і Расея.

Палкоўнік Цаюн распавёў пра апошнюю апэрацыю ў затрыманьні гандляроў жывым таварам на тэрыторыі Ізраілю, у якой ён сам непасрэдна ўдзельнічаў. Супольнымі намаганьнямі беларускай міліцыі і ізраільскай паліцыі абясшкодзілі міжнародную групу зь пяці грамадзянаў Беларусі і аднаго грамадзяніна Ізраілю, якія пастаўлялі беларускіх дзяўчат у Ізраіль. Таксама сёлета перакрылі каналы пастаўкі жывога тавару з Беларусі ў Турэччыну і Грэцыю.

Асабліва трывожыць, казаў палкоўнік, што ў заняткі прастытуцыяй гандляры жывым таварам уцягваюць непаўналетніх дзяўчат — толькі сёлета зафіксавана ўжо 10 такіх выпадкаў. Попыту на беларускіх мужчын за мяжой няма. Паводле Цаюна, такіх выпадкаў пакуль не зафіксавана наагул.

Пік продажу беларусаў у гандлёвае рабства за мяжу прыпаў на 2005 год, калі зафіксавалі 159 такіх выпадкаў. Пачынаючы з 2011 году, выпадкі эксплюатацыі беларусаў унутры краіны пачалі перавышаць колькасьць аналягічных за межамі Беларусі.

Новай формай гандлю людзьмі ў 2018 году на тэрыторыі Беларусі стала пашырэньне жабрацтва пад кантролем «гаспадароў». У яе ўцягваюць непаўналетніх, інвалідаў, людзей зь неўраўнаважанай псыхікай. Сёлета з нагоды такіх выпадкаў завялі ўжо тры крымінальныя справы.

З рэйтынгам сучаснага рабства МУС ня згодна

Цаюн не пагадзіўся зь нядаўнім рэйтынгам The Global Slavery Index, у якім Беларусь паставілі на 1-е месца ў Эўропе па «сучасным рабстве» (у якое ўключаюць і літаральнае рабства, і прымусовую працу, і гандаль людзьмі, і «пазыковую кабалу», і прымусовыя шлюбы».

На пытаньне Tut.by пра рэйтынг ён адказаў, што лічбы не супадаюць з рэальнымі, а 103 тысячы чалавек у Беларусі ў «сучасным рабстве» — гэта «касьмічная лічба». Любы выпадак сэксуальнага або працоўнага рабства, сьцьвярджае ён, у Беларусі дакумэнтаваны, а статыстыка «празрыстая»: за мінулы год выявілі 1578 злачынстваў, зьвязаных з гандлем людзьмі, і 131 ахвяру такіх злачынстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG