Міжнародны Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі ў 2018 годзе не адбудзецца, інфармуе Арганізацыйны камітэт.
Арганізатары, якія ўпершыню плянавалі правесьці сёлетні кангрэс у Беларусі, спасылаюцца на «тэхнічныя цяжкасьці». Падтрыхтоўчая праца запатрабавала працяглых кансультацыяў з з БДУ, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасьці, грамадзкіх арганізацыяў і «іншымі зацікаўленымі бакамі».
Вынікам стала выснова, што «правядзеньне Кангрэсу на высокім арганізацыйным узроўні з узгадненьнем інтарэсаў усіх бакоў патрабуе значна большага часу ды арганізацыйных захадаў, і ня можа быць рэалізаваным у гэтым годзе». Арганізатары заклікаюць не шукаць у гэтым палітычнага падтэксту.
Плянуецца, што наступны Кангрэс дасьледчыкаў пройдзе ў 2019 годзе па-за межамі Беларусі, а спробы правесьці Кангрэс у Беларусі пераносяцца на 2020.
Сёлета плянуецца толькі ўрэчыць прэмію Кангрэсу за лепшыя навуковыя публікацыі 2017 году.
Уладзімер Мацкевіч: «Узровень працаў на Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі штогод зьніжаецца»
Казакевіч адказвае Мацкевічу: Казаць пра зьніжэньне ўзроўню Кангрэсу няма падставаў
Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі быў заснаваны 6 кастрычніка 2010 году ў Коўне на сустрэчы прадстаўнікоў беларускай і літоўскай акадэмічных супольнасьцяў. Ініцыятарамі выступілі інстытут «Палітычная сфэра», Інстытут Вялікага Княства Літоўскага і Ўнівэрсытэт Вітаўта Вялікага.
Кангрэс лічыцца найбуйнейшай беларускай акадэмічнай падзеяй году, у ім зазвычай бяруць удзел асноўныя інтэлектуальныя цэнтры, якія дасьледуюць палітыку, грамадзтва і культуру Беларусі. Мэта кангрэсу — «разьвіцьцё супольнасьці навукоўцаў, аналітыкаў і экспэртаў, а таксама садзейнічаньне больш глыбокаму разуменьню Беларусі ў акадэмічнай і грамадзкай супольнасьці краіны, рэгіёну і сьвету». Папярэднія кангрэсы праходзілі ў Коўне, летась ён упершыню адбыўся ў Варшаве.