Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар унутраных спраў Кіргізстану ўзначаліў расьсьледаваньне сьмерці журналіста Радыё Свабода


Уланбек Эгізбаеў
Уланбек Эгізбаеў

Міністар унутраных спраў Кіргізстану Кашкар Джунушаліеў паведаміў, што бярэ пад асабісты кантроль расьсьледаваньне сьмерці журналіста Радыё Свабода Уланбека Эгізбаева, які патануў у возеры Ісык-Куль 22 ліпеня.

Мясцовая паліцыя заявіла, што сьмерць Эгізбаева была выпадковай і назвала неабгрунтаванымі вэрсіі аб тым, што яго маглі забіць.

Калегі з кіргіскай службы Радыё Свабода кажуць, што апошнім часам Эгізбаеву часта паступалі пагрозы праз тэлефон і на пошту ў сувязі зь ягонымі расьсьледаваньнямі.

У Бішкеку і Ошы прайшлі мітынгі-рэквіемы ў памяць пра Уланбека Эгізбаева, на якія прыйшлі і прадстаўнікі апаратаў прэзыдэнта і ўраду, міністры, грамадзкія і палітычныя дзеячы, дэпутаты, журналісты.

Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Жээнбекаў у сваім звароце адзначыў, што Уланбек Эгізбаеў быў прафэсіяналам у сваёй справе, гатовым браць на сябе адказнасьць за сацыяльныя, маральныя і палітычныя наступствы сваіх публікацый:

— Калі б не недарэчная сьмерць, Уланбек Эгізбаеў з уласьцівым яму ўменьнем выкрыў б яшчэ многіх карупцыянераў і іх непрыстойныя справы! На жаль, грамадзкасьць, кіргіская журналістыка страціла таленавітага журналіста, які самааддана змагаўся супраць нэгатыўных зьяў у нашым грамадзтве. Імя Уланбека Эгізбаева застанецца ў гісторыі кіргіскай журналістыкі, а яго актыўная грамадзянская пазыцыя і высокі прафэсіяналізм будуць служыць прыкладам для маладога пакаленьня.

​Эгізбаеў у 2013 годзе скончыў Факультэт камунікацыяў Кыргызска-Турэцкага унівэрсытэту «Манас». У 2015 годзе атрымаў дыплём магістра паліталёгіі ў бішкекскім гуманітарным унівэрсытэце.

У 2016 годзе Ўланбек Эгізбаеў атрымаў прэмію Webby Awards за ролік «Мара». Для атрыманьня ўзнагароды ён езьдзіў у Нью-Ёрк разам з героем роліка — Нургазы.

У тым жа годзе ён быў уганараваны Ганаровай граматай Кіргізстану. Акрамя таго, у 2017 годзе ён атрымаў узнагароду Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД. Яго працу адзначылі ганаровым знакам «За заслугі ў разьвіцьці друку і інфармацыі».

Уланбек Эгізбаеў апошнім часам займаўся расьсьледаваньнем фактаў карупцыі сярод дзяржаўных чыноўнікаў, у тым ліку, незаконнага продажу зямель у элітных раёнах сталіцы Кіргізстану і месцаў для пахаваньня на могілках у Бішкеку.

Месяц таму — 22 чэрвеня — Уланбек Эгізбаеў атрымаў узнагароду «Залатое пяро».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG