Першы намесьнік старшыні Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Вячаслаў Аброськін заяўляе, што сьледзтва ў справе Паўла Шарамета выйшла на «асобу, якая можа быць датычнай да забойства журналіста, але пакуль яе не ідэнтыфікавалі».
«Шматлікія крытыкі кажуць, што няма станоўчых вынікаў. Ад імя крымінальнай паліцыі магу сказаць, што станоўчыя вынікі ёсьць. Праведзена праца ў пэўных напрамках. Сёньня магу сказаць, што выяўлены чалавек, якога можна ідэнтыфікаваць», — заявіў Вячаслаў Аброськін на брыфінгу 20 ліпеня ў Адэсе.
Паводле яго, у склад узмоцненай сьледча-апэратыўнай групы ўваходзяць найлепшыя супрацоўнікі сьледзтва і крымінальнага вышуку, якія правялі вельмі вялікі аб'ём працы, у тым ліку адпрацавалі больш як 3000 тэрабайтаў відэаматэрыялаў.
«У далейшым гэтая праца, якая была праведзеная, дасьць нам магчымасьць устанавіць асобу чалавека, які быў на відэа непасрэдна падчас мінаваньня», — дадаў адзін з кіраўнікоў паліцыі.
Два гады пасьля забойства Шарамета: сьледзтва працягваецца, але вынікаў няма
Загадкавыя сьмерці беларускіх журналістаў: Бябенін, Завадзкі, Майсеня, Гроднікаў, Чаркасава, Шарамет
Сёньня журналісты, ушаноўваючы ў Кіеве памяць Паўла Шарамета на месцы ягонай гібелі, чарговы раз патрабавалі ад сьледчых органаў справаздачы аб ходзе расьсьледаваньня справы. Адразу пасьля яе сьпікер Генэральнай пракуратуры Ўкраіны паведаміў, што сьледзтва працягваецца, але падазраваных няма.
Цяпер сьледчыя спыніліся на ацэнцы чатырох вэрсіяў забойства Шарамета: прафэсійная журналісцкая дзейнасьць; асабістыя непрыязныя адносіны; дэстабілізацыя сытуацыі ва Ўкраіне; памылка аб'ектам (падарваны аўтамабіль належаў кіраўніцы «Ўкраінскай праўды» Алене Прытуле).