Пра падрыхтоўку візыту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі сказаў журналістам 19 ліпеня міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.
У Рызе ён правёў перамовы зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем, паведамляе БелТА.
Паводле латвійскага міністра, адной з тэмаў перамоваў стала падрыхтоўка ўзаемных візытаў на вышэйшым узроўні.
Лукашэнка падзякаваў Латвіі, што яна не крытыкуе Беларусь за будаўніцтва АЭС
Сёлета ў лютым Беларусь наведаў прэм’ер-міністар Латвіі Марыс Кучынскіс, які перадаў Аляксандру Лукашэнку запрашэньне зрабіць візыт у Латвію.
«Візыт рыхтуецца працяглы час. Ён павінен быць вельмі насычаны. У нас ёсьць камісіі, якія над гэтым працуюць», — сказаў Эдгарс Рынкевічс.
Паводле Ўладзімера Макея, беларускі бок зацікаўлены ў візыце на вышэйшым узроўні ў Латвію, аднак візыт дзеля візыту не самамэта.
«Мы казалі, у якіх умовах гэты візыт магчымы. Важная выніковасьць гэтага візыту, яго субстантыўнае напаўненьне. Таму мы будзем спакойна працаваць над падрыхтоўкай, — сказаў Макей. — Візыты такога ўзроўню заўсёды даюць новы імпульс у разьвіцьці супрацоўніцтва».
Беларусь успрымае Латвію «варотамі ў Эўразьвяз», а Латвія хоча далучыцца да беларуска-кітайскага праекту
У апошнія гады латвійскія палітыкі актыўна падтрымліваюць сувязі зь беларускімі ўладнымі структурамі. Працэс пачаўся ў 2015 годзе, калі Латвія рыхтавала рыскі саміт «Усходняга партнэрства». З таго часу і праходзяць рэгулярныя сустрэчы чыноўнікаў абедзьвюх краін.
Рынкевічс: Дапамогуць ня санкцыі, а дыялёг зь Менскам
Летась у Беларусі знаходзілася латвійская дэлегацыя на чале зь віцэ-сьпікерам парлямэнту Гундарсам Даўдзе, у Латвію выяжджала дэлегацыя на чале з намесьніцай старшыні Савету Рэспублікі Марыянай Шчоткінай.