Алкясандар Лукашэнка 17 ліпеня правёў сустрэчу са старшынём расейскага Дзяржаўнага мытнага камітэту Юрыем Сянько, на якой заявіў аб вінаватасьці расейскага боку ў пастаўках санкцыйных прадуктаў у Расею зь Беларусі або празь Беларусь, піша БелТА.
«Галаўны боль для нас, — сказаў Лукашэнка пра незаконныя пастаўкі ў Расею. — Робім шалёную працу ў інтарэсах Расеі. А як тут мытнікі кажуць і іншыя, там жа ідзе бойка пастаянна, нехта замаўляе нейкія матэрыялы. Яны пачынаюць нам выстаўляць прэтэнзіі. Замест падзякі пачынаюць часам ківаць на нас, што мы тут дрэнна працуем з санкцыйнымі таварамі».
Лукашэнка заявіў, што калі пытаньне ня вырашанае, «нам трэба сьмялей пра гэта казаць». Спаслаўшыся на спэцслужбы, ён заявіў, што справамі з пастаўкамі санкцыйных прадуктаў у Расею кіруюць «фірмы і кампаніі Расейскай Фэдэрацыі, часам буйныя, за якімі стаяць буйныя дзялкі з цяжкімі пагонамі». Ён прапанаваў інфармаваць урад Расеі і асабіста Ўладзіміра Пуціна пра такія справы, «каб яны там разьбіраліся са сваімі» — і тут жа заявіў, што «часта кажа Пуціну пра гэта».
У 2014 годзе Расея ўвяла забарону на ўвоз шэрагу замежных харчовых тавараў з краінаў, якія ўвялі супраць Расеі эканамічныя санкцыі за анэксію Крыму і агрэсію на Данбасе.
Санкцыйныя прадукты, якія затрымалі ў Расеі, зьнішчаюцца бульдозэрамі і абліваюцца зялёнкай. Расейскі бок неаднаразова абвінавачваў беларускія ўлады ў пастаўках санкцыйных прадуктаў пад выглядам беларускіх, у тым ліку крэвэтак, манга і папаі.