Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка лічыць, што за забаронай на ўвоз у Расею беларускай сьвініны нібыта праз афрыканскую чуму на самой справе стаяць чыесьці «мэркантыльныя інтарэсы».
Пра гэта ён заявіў 13 красавіка ў Краснаярску, дзе ўдзельнічае ў эканамічным форуме.
«Можна што заўгодна падазраваць. Але заўсёды, калі ўзьнікаюць нейкія разборкі, я думаю, гэта не міждзяржаўнае пытаньне, хтосьці перасьледуе пэўныя мэркантыльныя інтарэсы», — цытуе Сямашку агенцтва РИА Новости.
Часовыя абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі сьвінагадоўлі зь Беларусі ў сувязі з выпадкамі выяўленьня генэтычнага матэрыялу вірусу афрыканскай чумы сьвіней (АЧС) Расея ўвяла 10 красавіка.
13 красавіка «Рассельгаснагляд» зьвярнуўся ў Мінсельгасхарч Беларусі з патрабаваньнем у самыя кароткія тэрміны даць інфармацыю, якая магла б растлумачыць сытуацыю вакол гібелі пагалоўя сьвіней на адным з прадпрыемстваў Гомельскай вобласьці.
На Гомельскім мясакамбінаце карэспандэнта Свабоды запэўнілі, што сасіскі «Кракаўскія» і каўбаса вараная «Смак», да якой агучваліся прэтэнзіі, у Расею не пастаўляюцца.