У апошні дзень «Славянскага базару» ў Віцебску мастак Алесь Пушкін прапанаваў сваю альтэрнатыву імпрэзам у рамках музычнага фэстывалю.
Выстава праекту Алеся Пушкіна да 100-годзьдзя БНР адкрылася ў арт-прасторы Vzap (Кастрычніцкая вуліца, 2).
Алесь Пушкін невыпадкова прывёз свой праект «Вокны Беларускай Народнай Рэспублікі» ў Віцебск. Тут Пушкін жыў і працаваў у 1990-я гады, калі Беларусь стала незалежнай.
Мастацкае жыцьцё старых ліштваў
«Вокны Беларускай Народнай Рэспублікі» — інсталяцыя з 12 старых ліштваў, якія мастак выкарыстаў у якасьці рамаў для сваіх кампазыцый. Кожная зь іх складаецца з малюнкаў і фатаздымкаў пра тое, як сам аўтар адзначаў угодкі БНР.
Ліштвы сабраныя ў родным для мастака мястэчку Бобр Крупскага раёну.
«Цяпер усе ставяць плястыкавыя вокны. А ліштвы выкідаюць. На маю просьбу некалькі чалавек прынесьлі мне гэтыя рэчы — вельмі мастацкія рэчы. У разьбе — старадаўняя паганская сымболіка, увасабленьні Вясны, Каханьня, Дабрабыту. Я падумаў, што гэта не павінна зьнікнуць, гэта наша беларускае жыцьцё».
Пушкін пачынаў свой праект у 2003 годзе.
«Доўга нікому не паказваў. Першай стала ліштва пра падзеі 1991 году, калі я жыў у Віцебску, у мяне была тут свая мастацкая галерэя „У Пушкіна“. І, вядома ж, тут я адзначаў угодкі БНР. А потым была самая важная падзея — Беларусь стала самастойнай дзяржавай».
Паводле мастака, храналёгія ў фрагмэнтах «Вокнаў БНР» не была для яго вызначальнай. Таму пасьля ліштвы пра падзеі 1991 году зьявілася наступная — пра 1989-ы. Тады пэрформанс Алеся Пушкіна да 25 сакавіка стаў першай публічнай акцыяй, прысьвечанай Дню Волі, у найноўшай гісторыі Беларусі.
Рэпрэсіі пасьля 25 сакавіка 1989 году
Ліштва пад нумарам 2 — пра адзін зь першых пэрформансаў мастака, які ён зладзіў падчас навучаньня ў менскім Тэатральна-мастацкім інстытуце. Гэта была акцыя з удзелам ягоных аднакурсьнікаў і сяброў: Пушкін выйшаў на ганак, трымаючы плякат: «Грамадзянін, у гэты дзень, 71 год назад, была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Памятай і думай аб гэтым! Жыве незалежная Беларусь!» На сьпіне ў яго быў яшчэ адзін плякат — зь перакрэсьленым сьцягам БССР і подпісам: «Досыць „сацыялістычнай“, адродзім Народную Беларусь». Ягоныя сябры трымалі бел-чырвона-белы сьцяг, папяровага бусла і 71 паветраны балёнік.
За ўдзел у тым пэрформансе затрымалі 36 чалавек, у тым ліку і Алеся Пушкіна. Улетку 1989-га Менскі гарадзкі суд асудзіў Пушкіна на два гады ўмоўна. Пакараньнем удзельнікаў акцыі ўлады БССР не абмежаваліся: у савецкай прэсе прайшла хваля артыкулаў, якія папулярызавалі дзяржаўныя сымбалі, у КаАП БССР былі ўнесеныя дапаўненьні і зьмены, якія рабілі больш жорсткім пакараньне за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі.
У «Вокнах БНР» адлюстраваныя і падзеі ва Ўкраіне
Большасьць фатаздымкаў і малюнкаў, скампанаваных у рамкі-ліштвы, прысьвечаныя публічным акцыям Алеся Пушкіна. Некаторыя зь іх зробленыя ў мястэчку Бобр, дзе жыве мастак. У сябе дома ён таксама адзначае Дзень Волі — штораз па-рознаму.
Па-рознаму і сканчаліся такія адзначэньні, кажа мастак.
Бывала, што і арыштоўвалі, і штрафавалі. А калі-нікалі і цэлы дзень стаяў, і ніхто не чапаў.
«Прыкладам, 25 сакавіка 2015 году я на плошчы ў Бабры паказваў экспазыцыю артэфактаў, прывезеных з Украіны. Напрыканцы 2014-га я быў на Данеччыне на пленэры. У нас быў дазвол езьдзіць па ўсёй тэрыторыі антытэрарыстычнай апэрацыі — па Данецкай і Днепрапятроўскай абласьцях. І я прывёз адтуль ня толькі карціны, а, прыкладам, пашкоджаную падчас вайсковых дзеяньняў бандуру. Цягам дня мая экспазыцыя стаяла навідавоку, і ніхто не зачапіў».
У «Вокны БНР» трапіў чыноўнік
У 2014 годзе падчас адзначэньня Дня Волі ў Бабры здарыўся інцыдэнт: мастак выставіў на цэнтральнай плошчы мястэчка свае працы, у тым ліку «Карціну Свабоды». Алесь Пушкін працуе над гэтым творам ужо каля 20 год — з тае пары, як да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Мастак ператварыў гэты працэс таксама ў свайго кшталту пэрформанс: штогод 25 сакавіка ён дадае да ўжо зробленага новыя дэталі.
Выканаўца абавязкаў старшыні Бобрскага сельсавету Ўладзімер Загорскі, незадаволены творчай акцыяй, паваліў карціну на зямлю, цягнуў па асфальце і ўрэшце сарваў зь яе выяву «Пагоні». Мастак падняў «Карціну свабоды» і працягваў працу. Тады чыноўнік паслаў на плошчу трактар, які ўздымаў пыл і псаваў мастацкую працу. Пазьней Загорскі казаў, што на плошчы ішлі «тэхнічныя працы» і ён хваляваўся за бясьпеку Алеся Пушкіна.
На адной зь ліштваў выразана зорка: відавочна, народныя матывы перажылі за савецкім часам пэўную трансфармацыю. Мастак кажа, што асабіста прасіў гэтую ліштву ў гаспадара, потым пафарбаваў яе ў чырвоны колер ды разьмясьціў у ёй кампазыцыю, прысьвечаную пяцідзённаму бязьвізаваму рэжыму. Тут зьмешчаныя лягатыпы вядомых беларускіх вытворцаў і выява адамкнёнага замка з надпісам «Welcome to Belarus?»
Астатнія ліштвы маюць аўтэнтычныя колеры: белы, блакітны, зялёны.
Акно ў будучыню
У адной зь белых ліштваў — падзеі 2011 году ў ягоным родным Бабры. 25 сакавіка 2011-га Алесь Пушкін маляваў на плошчы праект рэканструкцыі да 500-годзьдзя свайго мястэчка. На фатаздымках адлюстраваныя і гэтая падзея, і моманты прыватнага сьвяткаваньня Дня Волі сямʼёй Пушкіных — пад бел-чырвона-белым сьцягам.
Мастак лічыць, што гэта вельмі пазытыўная частка інсталяцыі.
«Тут і будучыня Бабра, у якую я веру і ў якой будуць адроджаныя ўсе гістарычныя каштоўнасьці мястэчка. Такое атрымалася вакно ў будучыню маіх родных мясьцін. А вось апошняя ліштва — гэта сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР, і гэта вакно ў будучыню нашай Беларусі».
Над праектам «Вокны Беларускай Народнай Рэспублікі» аўтар працаваў больш за 10 год, але зь перапынкамі. На сёньняшні дзень гэта завершаны мастацкі твор, лічыць Алесь Пушкін.
Уся інсталяцыя цалкам экспануецца ў Віцебску ўпершыню. Часткова праект быў паказаны на выставе да 100-годзьдзя БНР у Палацы мастацтва і на міжнароднай выставе ў Дрэздэне. Мастак плянуе, што ў поўным варыянце інсталяцыя будзе паказана яшчэ ў шэрагу гарадоў — Барысаве, Магілёве, Горадні.
Пра мастака
Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 году ў мястэчку Бобр Крупскага раёну, дзе жыве і цяпер. У 1978-м паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве. У 1983 годзе паступіў на курс манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). У 1984-м прызваны ў армію, служыў у Аўганістане. У 1986-м дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.
З 1988-га ўдзельнічаў у студэнцкім руху, браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мітынгу памінаньня продкаў у Менску 30 кастрычніка 1988 году. За гэта 28 кастрычніка быў арыштаваны на пяць сутак, але неўзабаве прысуд яму зьмянілі. 25 сакавіка 1989 году арганізаваў першы пэрформанс — сьвяткаваньне 71-х угодкаў БНР, тым самым распачаўшы сац-арт у беларускім мастацтве.
Пасьля гэтай акцыі яму прысудзілі 2 гады ўмоўна зь пяцігадовым паражэньнем у правах. Імя Алеся Пушкіна фігуравала на XIII пленуме ЦК КПБ 22 чэрвеня 1989 году: канстатаваўся развал выхаваўчай працы ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
У 1990 годзе расьпісваў фае Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка (дыплёмная праца). З 1992 году ўдзельнічаў у рэстаўрацыі і рэканструкцыі насьценнага жывапісу Магілёўскага катэдральнага касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. 25 сакавіка 1992 году ў Менску, у Доме літаратара адбылася другая пэрсанальная выстава мастака. 4–23 кастрычніка 1992 году адбылася пэрсанальная выстава ў Магілёве.
23 сакавіка 1993 году адкрылася першая прыватная Галерэя сучаснага мастацтва ў Віцебску «У Пушкіна». Пасьля закрыцьця галерэі ў 1997 годзе перабраўся разам з карцінамі і зборам галерэі на радзіму, у мястэчка Бобр Крупскага раёну.
Зь лета 1995-га да 1997 году расьпісваў новаадбудаваную царкву Сьв. Мікалая Цудатворца ў мястэчку Бобр. У жніўні 1997 году там абвянчаўся.
Працы Пушкіна знаходзяцца ў Дзяржаўным мастацкім музэі Беларусі, Гістарычна-архітэктурным музэі Полацку, музэях Воршы, у прыватных зборах у Беларусі і за мяжой.
Ня раз удзельнічаў у грамадзкіх акцыях, затрымліваўся міліцыяй. Уваходзіў у Партыю БНФ (1998–2005).
У 2009 годзе быў уганараваны прэміяй «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.