Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грунвальдзкая бітва — перамога, якая зрабіла ВКЛ дзяржавай «ад мора да мора»


Ян Матэйка. Бітва пад Грунвальдам. 1878
Ян Матэйка. Бітва пад Грунвальдам. 1878

Сёньня - гадавіна Грунвальдзкай бітвы. Перамога саюзьнікаў пад Грунвальдам спыніла шматвяковую экспансію крыжакоў на славянскія землі. Пра бітву і яе значэньне Вячаслаў Ракіцкі размаўляе з Алегам Трусавым. (З нашага архіву. Эфір 27 жніўня 2009 году)

Грунвальдзкая бітва — бітва паміж аб’яднанымі войскамі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага і прафэсійным войскам наймагутнейшай у тагачаснай Эўропе мілітарысцкай дзяржавы Тэўтонскага ордэну. Адбылася 15 ліпеня 1410 году. Перамога саюзьнікаў пад Грунвальдам спыніла шматвяковую экспансію крыжакоў на славянскія землі.

У Польшчы і Літве Грунвальд зьяўляецца сымбалем спрадвечнай нацыянальнай вайсковай славы, мужнасьці народаў у адстойваньні свабоды і незалежнасьці. Грунвальд для палякаў і літоўцаў — адзін з найпрыгажэйшых гістарычных мітаў. У Беларусі на дзяржаўным узроўні і ў афіцыйнай навуцы перамога саюзьнікаў пад Грунвальдам замоўчвалася ці аддавалася суседнім народам. І толькі нацыяналісты змагаліся за вяртаньне праўды пра Грунвальд у сьвядомасьць нацыі, выводзілі перамогу ў той бітве на ўзровень міту.

Вячаслаў Ракіцкі: Найперш пра рэальныя гістарычныя падмуркі міту. Якія пляны мелі тэўтоны адносна зямель Вялікага Княства Літоўскага — старажытнай беларускай дзяржавы?

Алег Трусаў
Алег Трусаў



Алег Трусаў: Генэральная бітва Вялікай вайны, якая пачалася ў 1409 годзе і скончылася ў 1411-м, зьяўлялася адным з этапаў ажыцьцяўленьня агрэсіўнай ваенна-палітычнай канцэпцыі ордэну “Дранг нах Остэн”, канчатковай мэтай якой было стварэньне Вялікай Тэўтоніі ад выспы Руген у Балтыйскім моры да Фінскага заліва з уключэньнем у яе склад Польшчы, Беларусі, старажытнай Літвы, Пскоўшчыны і ўладаньняў Вялікага Ноўгараду.

Ракіцкі: Рэальна — хто, як, пад чыім кіраўніцтвам даў адпор агрэсарам?

Трусаў: Асноўныя вайсковыя сілы — гэта аб’яднаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Вітаўтам і Польскай кароны на чале з Ягайлам. Таксама прысутнічалі баявыя атрады чэхаў і татараў. Лепшым намесьнікам Вітаўта быў мсьціслаўскі князь Сімяон, які зрабіў усё магчымае, каб спыніць тэўтонаў пасярод Грунвальдзкага поля.

Пасьля бітвы пад Грунвальдам ВКЛ стала адной з самых вялікіх дзяржаваў Эўропы
Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі


Ракіцкі: Які вынік бітвы на той час і якія гэта мела наступствы для пэрспэктывы беларусаў?

Трусаў: Пасьля бітвы пад Грунвальдам ВКЛ стала адной з самых вялікіх дзяржаваў Эўропы, як кажуць, ад мора да мора. І беларусы здолелі жыць даволі мірна і добра аж да канца ХУ стагодзьдзя.

Ракіцкі: Такім чынам, бітва мела выключнае значэньне для пэрспэктывы беларусаў. Дык чаму ж тады ў сьвядомасьці шматлікіх пакаленьняў беларусаў гэтая ўнікальная падзея ніяк не адбілася?

Трусаў: У паняволенага народу заўсёды забіраюць яго мову, гісторыю і асабліва яго гістарычныя міты. І вядома, што пасьля татальнай палянізацыі спачатку, а пасьля і русыфікацыі ўсе гістарычныя міты беларусаў былі проста зьнішчаныя.

Ракіцкі: Дык што канкрэтна замінала савецкім беларускім гісторыкам належным чынам адзначыць вынікі і наступствы гэтай бітвы, напрыклад, у школьных падручніках?

Трусаў: Адсутнасьць нацыянальнага беларускага міту аб перамозе нашых продкаў на Грунвальдзкім полі, бо там не было ні чырвонага, ні савецкага войска. А перамагаць жа, паводле савецкай ідэалёгіі, маглі толькі бальшавікі. Спачатку гэты міт у XIX стагодзьдзі прыватызавала Расейская імпэрыя, а потым -- Польшча і Літва, якія вырваліся з кіпцюроў расейскага арла ў 1918 годзе.

Ракіцкі: Значыць, да расейскай акупацыі беларускіх зямель гэты факт гісторыі ўсё ж шанаваўся?

Трусаў: Вядома. Ён зафіксаваны ва ўсіх нашых беларуска-літоўскіх летапісах, хроніках, гістарычнай літаратуры. Аднак там запісана, што гэта перамога літвінаў, жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, бо этнонім “беларусы” – гэта зьява ХІХ стагодзьдзя.

Праўда пра Грунвальд перашкаджала ўсім суседзям Беларусі, якія прэтэндавалі на яе этнічную тэрыторыю і не жадалі, каб паўстала незалежная Беларусь


Ракіцкі: Якім чынам можа нехта прыватызаваць тое, што належыць іншаму? Як так сталася? Ці ўкралі ў беларусаў іхнюю славу, ці яны самі аддалі яе? Каму перашкаджала праўда пра Грунвальд?

Трусаў: Праўда пра Грунвальд перашкаджала ўсім суседзям Беларусі, якія прэтэндавалі на яе этнічную тэрыторыю і не жадалі, каб паўстала незалежная Беларусь. Гэта можна сказаць у першую чаргу пра Расею. І ў нейкай ступені пра Польшчу і Літву. І, канешне, калі ёсьць нацыя са сваімі гістарычнымі мітамі, то тады адабраць у яе нешта складана.

Ракіцкі: Парадаксальна атрымліваецца: самая значная гістарычная падзея замінае абвяшчэньню незалежнасьці краіны…

Трусаў: Не замінае, а замінала, бо за савецкім часам падручнікі Лаўрэна Абэцэдарскага ўсё ж прысьвяцілі некалькі радкоў Грунвальду. Магу працытаваць: “У 1410 годзе пад Грунвальдам нямецкія рыцары былі разьбітыя. У Грунвальдзкай бітве супраць захопнікаў разам з літоўцамі і палякамі гераічна змагаліся апалчэньні берасьцейскай, гродзенскай, ваўкавыскай, лідскай, пінскай, полацкай, віцебскай, смаленскай зямель.” Як бачым, літоўцы і палякі на полі бітвы ёсьць, а беларусаў няма. Замест іх нейкія непрафесійныя ваякі з невядомых у XIV стагодзьдзі зямель. Можна было прачытаць і ўвогуле пра “рускія палкі” пад Грунвальдам. Няма пазначэньня месца Грунвальдзкага поля і на гістарычных мапах, што дадаваліся да падручнікаў па гісторыі БССР. У чым жа справа? Справа ў тым, што, паводле вэрсіі Абэцэдарскага, беларусаў у той час не існавала. Яны створацца на базе “древнерусского народа” толькі ў ХУІ стагодзьдзі.

Ракіцкі: Такім чынам, гэтак званыя “рускія палкі”, пра якія пісалі і расейскія, і беларускія афіцыйныя гісторыкі, ёсьць менавіта палкі беларускія?

Трусаў: Пачнём з XIX стагодзьдзя. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў Расейскай імпэрыі канчаткова склалася ідэалёгія панславізму, якая варожа ставілася, як да нямецкага сьвету, так і да мусульманскага. У папулярным падручніку па расейскай гісторыі акадэміка Платонава, які ўпершыню пабачыў сьвет у 1909 -- 1910 гадах, а ў канцы XX стагодзьдзя быў перавыдадзены ў сёньняшняй Расеі, чытаем наступнае: “… злучаныя сілы Заходняй Русі, Літвы і Польшчы нанесьлі ў 1410 годзе жахлівую паразу Тэўтонскаму ордэну на мяжы Прусіі і Польшчы, каля вёсак Грунвальд і Таненбэрг. Гэта знакамітая бітва, у якой рускае і польскае славянства перамагло германцаў, склала эпоху ў гісторыі Ордэну і Польшчы. Магутнасьць Ордэну зьнікла, і заваёвы яго спыніліся”. Як бачым, тут няма ня толькі беларусаў, але і сучасных літоўцаў.

Ракіцкі: А што палякам замінала гаварыць усю праўду пра Грунвальдзкую бітву? Чаму яны замоўчвалі ўдзел беларусаў?

Трусаў: Да 1939 году Польшча Пілсуцкага мела ад Леніна палову Беларусі і, канешне, разьвіваць ёй там гістарычныя міты было нязручна. Пасьля вайны ўжо польскім камуністам Сталін перадаў частку нашай этнаграфічнай тэрыторыі. Таму польскія камуністы баяліся спрыяць уздыму гістарычнай сьвядомасьці беластоцкіх беларусаў.

Ракіцкі: Што зьмянілася ў савецкай і польскай гістарыяграфіі ў апісаньні Грунвальдзкай бітвы пасьля завяршэньня Другой усясьветнай вайны?

Сталін дазволіў літоўскім гісторыкам прыватызаваць гісторыю ВКЛ, і грунвальдзкая тэма запанавала ў савецкай Літве ва ўсіх сфэрах літоўскай культуры


Трусаў: Вядома, зьмены адбыліся, і часам істотныя. З мапы Эўропы зьнікла Усходняя Прусія. Яе падзялілі паміж СССР і Польшчай, кавалачак перадалі Літоўскай ССР. Грунвальдзкае поле апынулася ў складзе польскай дзяржавы, і яна ў 1960 годзе паставіла там помнік і стварыла музэй. Сталін дазволіў літоўскім гісторыкам прыватызаваць гісторыю ВКЛ, і грунвальдзкая тэма запанавала ў савецкай Літве ва ўсіх сфэрах літоўскай культуры. Рускія савецкія гісторыкі згадвалі пра тры “рускія палкі”(аршанскі, мсьціслаўскі, смаленскі), што мужна стаялі на полі бітвы і не далі немцам разбіць войска ВКЛ. Толькі беларусы маўчалі.

Ракіцкі: А ведалі праўду?

Трусаў: Толькі адзінкі. Гэта некаторыя гісторыкі – Анатоль Грыцкевіч, Мікола Ермаловіч, Мікола Ўлашчык і пазьней – Міхась Ткачоў.

Ракіцкі: Калі ж стаў паўставаць беларускі міт пра Грунвальд?

Трусаў: У 1980-1990-х гадах мінулага стагодзьдзя. Гэта заслуга беларускай інтэлігенцыі -- мастакоў, пісьменьнікаў і гісторыкаў. Зьявіліся мастацкія творы, гістарычныя аповесьці і адпаведныя навуковыя публікацыі. Летам 1990 году ўпершыню беларуская дэлегацыя моладзі і патрыятычнай інтэлігенцыі пад кіраўніцтвам знанага гісторыка і археоляга Міхася Ткачова зьявілася на Грунвальдзкім полі, дзе палякі разам з літоўцамі сьвяткавалі 580-я ўгодкі перамогі.

Ракіцкі: Калі гавораць пра значэньне Грунвальдзкай бітвы для беларускай дзяржаўнасьці найчасьцей можна пачуць, што ў выніку яе паскорылася кансалідацыя беларускіх і літоўскіх зямель у адну дзяржаву. Ці ня ёсьць гэта перабольшваньнем заходняга фактару?

Беларускія землі канчаткова кансалідаваліся напярэдадні Грунвальдзкай бітвы


Трусаў: Вядома, ёсьць. Бо беларускія землі канчаткова кансалідаваліся напярэдадні Грунвальдзкай бітвы. У 1404 годзе быў далучаны Смаленск. Іншая справа, што пасьля Грунвальду пачалася кансалідацыя будучага літоўскага этнасу, бо менавіта Жмудзь трапіла ў склад ВКЛ.

Ракіцкі: Існуюць дакумэнтальныя сьведчаньні, што Ордэн на пачатку ХУ стагодзьдзя быў схільны да замірэньня з ВКЛ, а на пачатку стагодзьдзя Папа рымскі сваёй булаю наогул забараніў нямецкім рыцарам ваяваць Вялікае Княства Літоўскае. Мо ня варта было Вітаўту лезьці ў бойку ў хаўрусе з Польскай Каронай, супраць якой Тэўтонскі ордэн найперш і ваяваў? Зрэшты, бітва была не на беларускіх землях…

Трусаў: Да Грунвальду немцы больш, чым 150 гадоў рэзалі і палілі беларускія гарады і вёскі. Толькі Гародню яны палілі некалькі разоў. І Вітаўт ледзь уцёк з таго драўлянага замка, які абклалі і спалілі крыжакі, акурат за некалькі гадоў да бітвы.

Ракіцкі: Удзел у Грунвальдзкай бітве – помста?

Трусаў: І помста таксама. Але з другога боку – немцы не пускалі беларусаў у Балтыйскае мора. У выніку перамогі пад Грунвальдам мы далучылі Жмудзь, атрымалі шырокі выхад у Балтыку і змаглі жыць спакойна і заможна яшчэ сто гадоў.

Грунвальд – агульны ўсходнеэўрапейскі міт


Ракіцкі: Вы лічыце міт пра Грунвальдзкую бітву беларускім?

Трусаў: Грунвальд – агульны ўсходнеэўрапейскі міт. Ён павінен належаць чатыром народам-пераможцам – беларусам, палякам, літоўцам і ўкраінцам, якія там таксама былі.

Ракіцкі: Які плён зь яго можа быць для нацыі? У якім накірунку яго трэба разьвіваць?

Трусаў: Цяпер вельмі важна, каб людзі ганарыліся сваёй гісторыяй, каб беларусы ведалі, што яны могуць абараніць сваю незалежнасьць, калі будзе ў гэтым патрэба. І што менавіта нашы далёкія продкі паказалі такія прыклады мужнасьці, што ў кожным горадзе трэба ставіць помнікі нашым змагарам.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG