Былога міністра абароны Армэніі Мікаэла Аруцюньяна, абвінавачанага па справе аб падзеях 1-2 сакавіка 2008 году, а таксама брата былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна Лёву Саргсьяна і дачку апошняга Ані Саргсьян, якіх абвінавачваюць у незаконным узбагачэньні, абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук.
У паліцыі нашаму Радыё паведамілі, што запыт на затрыманьне тычыцца краінаў СНД, і цяпер абмяркоўваецца пытаньне абвяшчэньня іх у міжнародны вышук.
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян ў сувязі з арыштамі карупцыянэраў адказаў на пытаньні Радыё Свабода.
— Спадар прэм’ер-міністар, з нагоды дзеяньняў праваахоўных органаў ці хтосьці з ранейшых уладаў, у прыватнасьці, Сэрж Саргсьян, спрабавалі зьвязацца з вамі? Гэтыя дзеяньні ўжо дайшлі і да яго сям’і.
— Не. Ніхто не спрабаваў зьвязацца са мной. Але з чыста прававога пункту гледжаньня я не лічу вашу фармулёўку дарэчнай, бо мы не перасьледуем чыюсьці сям’ю ці нейкага канкрэтнага чалавека. Мы ідзем за паведамленьнямі, якія паступаюць у праваахоўных органы, за сыгналамі, заявамі і наяўнай апэратыўнай інфармацыяй.
— Маецца на ўвазе просьбу пра нейкае палітычнае рашэньне.
— Думаю, усе ведаюць, што такога ня будзе, бессэнсоўна зьвяртацца па якім-небудзь пытаньні. Перад намі не стаіць пляну зрабіць пэўную колькасьць выкрыцьцяў. Задача пастаўлена інакш: у краіне павінна быць законнасьць, праваахоўныя органы павінны працаваць эфэктыўна. Тое, што адбудзецца ў рамках гэтых двух прынцыпаў, гэта не пытаньне нашага плянаваньня, гэта пытаньне, якое выцякае з рэалій.