Правядзеньне працаў па пабудове летняй кухні на тэрыторыі аграсядзібы «Шчорсы» неабходна ўзгадніць зь Міністэрствам культуры. Такое прадпісаньне зь міністэрства атрымаў гаспадар аграсядзібы Дзьмітры Шаўня 12 ліпеня.
Колькі часу зойме працэдура, невядома. Уласьнік пабудовы ня ведае дакладна таксама, ці давядзецца чакаць усталяваньня сталых зонаў аховы або пытаньне вырашыцца бязь іх.
Дзьмітры Шаўня плянуе даслаць у Мінкульт патрэбныя дакумэнты на пабудову і чакаць дазволу. Да гэтага часу ён ня будзе працягваць будоўлю. Адзінае, ён шкадуе, што гэта адцягне правядзеньне аддзелачных працаў у летняй кухні.
Увагу на спрэчную пабудову зьвярнулі актывісты з фонду «Шчорсы і Храптовічы» сёлета ў чэрвені. Будоўля вядзецца блізка да палацава-паркавага комплексу графоў Храптовічаў 18 стагодзьдзя. Актывісты тлумачаць, што, згодна з Кодэксам аб культуры, гэтага рабіць нельга, пакуль не ўсталяваныя зоны аховы. Цяпер ідзе працэдура па іхняй распрацоўцы і зацьвярджэньні.
Гаспадар сядзібы Дзьмітры Шаўня кажа, што рабіў усё па законе. Узгадніў новую пабудову на тэрыторыі сваёй аграсядзібы з Наваградзкім райвыканкамам, а большага ад яго і не патрабавалі. На ягоную думку, такая сытуацыя выйшла з-за размытасьці новага закону аб культуры і магчымасьці інтэрпрэтаваць яго па-рознаму.