«Адзін філёзаф» неяк напісаў у фэйсбучыку пра тое, што трэба пашкадаваць некаторых расіянаў, бо «не яны такія, а прапаганда іх такімі зрабіла».
Гэта наогул вельмі распаўсюджаная тэза. Але.
Прынята лічыць, што чалавецтва разьвіваецца шляхам спазнаньня. Спазнаючы, мы робім высновы. Высновы нараджаюць новыя шляхі спазнаньня.
Пры гэтым мне падаецца, што людзі недаацэньваюць сьвядомае няведаньне. Ці, калі хочаце, «мяжу эмпірычнага адсячэньня».
Што я маю на ўвазе.
Для таго, каб мы маглі зрабіць выснову, нам трэба ня толькі спазнаваць, але і пераставаць спазнаваць. Інакш момант фармуляваньня не наступае.
На індывідуальным узроўні мы таксама ня хочам усё ведаць, напрыклад пра блізкага чалавека. Гэта перашкаджае яго любіць. Мы ня хочам ведаць і сьвядома ня ведаем. Мы спазнаём чалавека празь нежаданьне валодаць поўнай карцінай.
Мы ня хочам ведаць усё-ўсё пра бацькоў. Пра каханых. Ня хочам ведаць нават пра сябе. І тым болей — ведаць сваю будучыню.
Мы ня хочам дасканала ведаць гісторыю сваёй краіны і біяграфіі сваіх нацыянальных герояў. Ня хочам ведаць гісторыю іншых краін.
Вось мы, напрыклад, вывучаем гісторыю Беларусі. Даходзім да першай згадкі пра Полацак і робім выснову, што «ну а да таго — хто там разьбярэ, што было». Там амаль нічога невядома, ну і ў сярэднім — ня так важна. Магчыма, што Полацак пабудавалі іншаплянэтнікі? Ну магчыма. Але мы спынімся на скандынаўскіх гандлярах.
То бок, нам нават шкодна бясконца прагнуць спазнаньня, бо яно прынцыпова бясконцае, як і бясконцая колькасьць аб’ектаў для спазнаньня.
Спыніцца — нармальна, бо інакш немагчымае пачуцьцёвае жыцьцё.
Пачуцьці ня могуць наступіць, пакуль няма ўсьвядомленай упэўненасьці.
Але.
Паміж спазнаньнем і эмпірычным адсячэньнем павінна быць нейкая прапорцыя. Я не магу сказаць, якая яна, але магу сказаць, што бывае, калі яна парушаная.
Калі яна парушаная — узьнікае Расея як спосаб. Расея спазнае сьвет —культурна ці палітычна — ВЫКЛЮЧНА празь няведаньне. Эмпірычнае адсячэньне на ўзроўні грамадзянаў і на ўзроўні краіны робяцца дамінантным спосабам, як мне здаецца, адразу пасьля заканчэньня пачатковай школы — з апошнімі акордамі песенькі «С чего начинается родина».
Не скажу, што гэта праблема Расеі. Але праблема суседзяў Расеі ў тым, што рускаму чалавеку для стварэньня высноваў хапае выключна гісторыі ўласнай дзяржавы і веданьня назваў суседніх.
І калі на расейскім ТВ выступае нейкі «прапагандыст», які кажа пра рускі сьвет і пра адзін народ, і пра шматвекавое жыцьцё ў «адной краіне» — гэта не прапаганда. Гэта так рэалізуецца спосаб спасьціжэньня сьвету: ты ведаеш, што твая краіна — Расея. Што ты яе называеш Русьсю, што дзяржава раней была большай і што, напрыклад, беларусы раней былі ўнутры яе.
Ты ня ведаеш, што такое Русь, ты ня ведаеш, як зьявілася Расея, ты ня ведаеш гісторыю іншых народаў і як яны ўнутры Расеі зьявіліся, чаму выйшлі і як ім разам з табой жылося. Гэта мяжа адсячэньня, якая праведзена у гэтым месцы, бо цябе задавальняе выснова. Такі ў цябе спосаб любіць. Такая складанасьць сьвету для цябе максымальна дапушчальная.
Таму я наогул ня ўпэўнены, што ў дачыненьні Расеі варта казаць пра прапаганду.
Расея проста вось такая.
Толькі так яна і можа жыць, каб падабацца сабе.
Каб не сумнявацца ў сваім праве і не праводзіць рэвізію сваёй гісторыі.
Гэта яе спосаб прымірэньня з рэальнасьцю.