Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыкі з усяго Гомля са сваімі анучамі рыхтуюць да адкрыцьця дзіцячую лякарню


Завяршаецца будаўніцтва новых карпусоў Гомельскай абласной дзіцячай лякарні. Праект плянуецца здаць у жніўні. Ён чакаў рэалізацыі з 2011 году. Лякарня, пабудаваная ў 1960 годзе, не адпавядала матэрыяльным і маральным патрабаваньням часу.

У 2016 годзе Лукашэнка абяцаў пералічваць свой заробак на будаўніцтва і абвясьціў яго «агульнанародным». Грошы на аб’ект пералічвалі з суботнікаў.

Чаму гэта важна?

Дзіцячая лякарня была пабудаваная ў 1960 годзе. Будынкі даўно не адпавядаюць санітарным нормам. Дзецям не хапала ложкаў у палатах. Дарослыя скардзіліся на кепскія санітарныя ўмовы (тут і тут). Спэцыялізаваныя ложкі былі раскіданыя па розных мэдычных установах гораду. Гэта ўскладняла дыягностыку і лячэньне дзяцей.

У 2011 годзе мясцовыя ўлады вырашылі будаваць новы дзіцячы шпіталь. На праект была адведзеная пляцоўка за горадам. Але бракавала фінансаў. Праект чакаў рэалізацыі да 2016 году. Тады было вырашана будаваць не за горадам (на вуліцы Сонечнай), а ў цэнтры Гомля, у квадраце вуліц Камсамольская, Жаркоўскага і Кірава. Побач са старой лякарняй.

Пры чым тут Лукашэнка?

Кіраўнік дзяржавы ў 2016 годзе наведаў будаўнічую пляцоўку і даручыў паскорыць рэалізацыю праекту, абсталяваць сучаснай тэхнікай для дыягностыкі і лячэньня. Лукашэнка абяцаў, што будзе пералічваць на будаўніцтва свой заробак. Невядома, ці выканаў ён абяцаньне. Прэзыдэнт абвясьціў будаўніцтва «ўсенародным», а Міністэрства аховы здароўя заклікала «скінуцца» на новы аб’ект.

Ці хапіла заробку кіраўніка дзяржавы на будаўніцтва?

Не. Невядома наогул, ці пералічыў ён грошы. На лякарню выдзелілі грошы праз Інвэстыцыйную праграму Гомельскай вобласьці, з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. На праект пайшла палова грошай з рэспубліканскага суботніку ў 2017 годзе, частку грошай даў бізнэс.

Агулам будаўніцтва каштуе ня менш за 75 мільёнаў рублёў. На праект пералічылі грошы зоркі сусьветнага біятлёну, ААТ «Іскамэд», «Аптэка груп», СААТ «Беласэптыка» і яшчэ 50 арганізацый. Усяго ў 2017 годзе на будаўніцтва пералічылі больш за 350 тысяч рублёў і 25 тысяч даляраў.

Нехта працаваў на будаўніцтве задарма?

Работы паводле праекту выконваў будаўнічы трэст № 14 ды іншыя спэцыялізаваныя арганізацыі. Да працэсу далучыўся БРСМ і студэнцкія атрады, якія «працавалі з задавальненьнем, але бясплатна». Цяпер у новых будынках рыхтуюць памяшканьні да здачы прадстаўнікі ўсіх мэдыцынскіх установаў гораду.

«З кожнай установы аховы здароўя 9 ліпеня адправілі мыць дзіцячую бальніцу па дзесяць чалавек, 10 ліпеня — па дваццаць. Працуюць людзі бясплатна», — адзначыла адна з мэдычных работніц на ўмовах ананімнасьці. Прыходзіць мыць памяшканьні трэба са сваімі анучамі.

Што будзе ў выніку?

Жыхары Гомля атрымаюць сучасную дзіцячую лякарню з новым дыягнастычным абсталяваньнем. Пабудаваныя новыя 7-павярховыя хірургічны і нэанатальны корпусы. Колькасьць ложкаў павялічыцца з 362 да 538. Пасьля рэканструкцыі старых будынкаў зьявяцца дзіцячая кансультацыйная паліклініка, спэцыялізаваныя аддзяленьні, лябараторная служба, аптэка. Будзе пашыраная навучальная база мэдычнага ўнівэрсытэту. Спэцыялізаваная дапамога дзецям будзе аб’яднаная ў адным месцы, а не раскіданая па горадзе, як раней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG